Берасцейцы на выставе СМІ

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

У народзе гавораць: нарадзіцца ў маі — век маяцца. Хоць журналісты сваё прафесійнае свята і адзначаюць у апошні веснавы месяц, ды маюць іншы, добры клопат: святкуюць, адзначаюць, падводзяць вынікі на розных форумах СМІ. Найбольш прэстыжны штогод ладзіцца ў беларускай сталіцы. Чым жа запомнілася сёлетняя, 23-я па ліку, выстава-кірмаш сродкаў масавай інфармацыі?

КАЛІ Ў АДНЫМ месцы і ў адзін час збіраецца адразу столькі цікавых (і зацікаўленых) людзей, сумна дакладна не бывае. Берасцейская дэлегацыя, якую ўзначальвала галоўны ідэолаг вобласці Таццяна Гагакава, аказалася прадстаўнічай. Да стэнда нашай вобласці падыходзілі шматлікія госці форуму, які цягнуўся ажно тры дні, з ахвотай знаёміліся з відэапрадукцыяй ад рэпарцёраў з тэле- і радыёкампаній “Брэст”, “Пінск”, “Буг-ТВ”, “Бара-навічы FM”, “Інтэкс” ды інш. Як гарачыя булачкі, разыходзіліся нумары шматлікіх раёнак, што распавядаюць пра навіны Брэстчыны. Прыемна
адзначыць: “СП” таксама не згубілася ў сапраўдным моры друкаваных СМІ.
Каля берасцейскага стэнда былі заўважаны і VIP-персоны: намеснік Кіраўніка прэзідэнцкай Адміністрацыі Уладзімір Жаўняк і першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.
Павел Мікалаевіч, у прыватнасці, ахвотна адказаў на пытанні па гісторыі Брэста (на здымку 2 у цэнтры), а Уладзіміра Рыгоравіча зацікавіла факсімільнае выданне “Брэсцкай Бібліі”, што нарадзілася некалі клопатам князя-рэфарматара Мікалая Радзівіла Чорнага.
Гэта пра старое. А цяпер крыху пра маладое. Парадавалі сваімі навінкамі многія. Асобна адзначым прафсаюзныя СМІ. Вось у каго сапраўды можна павучыцца і дызайну, і кантэнту, і ўменню, як трэба падаваць сябе ў медыяпрасторы. Вядома ж, любая выстава —
дзейсны сродак не толькі на іншых паглядзець, але і сябе паказаць. Хочаш прарэкламаваць сваю газету? Калі ласка, галоўнае не лянуйся і будзь крэатыўным, знаходлівым, рознабаковым. Тады, так бы мовіць, і людзі да цябе пацягнуцца. Хто спіць у шапку, на век свой скардзіцца, той сваю ўдачу праспіць дакладна. Некаторыя ой як не спалі і скарысталіся сваім шанцам напоўніцу. Мо найбольш запомніўся стэнд шклоўскай газеты з баявой такой назвай “Ударны фронт”. У сталіцу шклоўцы прыехалі сапраўды “ўзброенымі”: такой колькасцю сувенірнай прадукцыі не маглі пахваліцца нават абласныя выданні. Трэба і нам, жабінкаўскім журналістам, сур’ёзна задумацца аб сапраўднай рэкламе роднага выдання (тым больш пра тое кажуць і нашы чытачы падчас шматлікіх апытанняў).
Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі праекты “Брэст тысячагадовы”, які прадстаўлялі “Зара”, “Брэсцкі веснік” ды “Зара над Бугам”, і “Свяціць заўсёды, свяціць для ўсіх!” — ад бярозаў-скага “Маяка”. Знайшоў сваіх аматараў і праект “Баранавічы — малая радзіма!” (над ім шчыравалі, адпаведна, баранавіцкія СМІ), пінчукі на ўсе лады хвалілі “Пінск — культурную сталіцу Палесся”, а ляхавіцкія журналісты не пакідалі выставу ўсе тры дні, ва ўсім дапамагаючы арганізатарам. Сапраўды цяжкую “артылерыю” падцягнулі журналісты з Іванава, прэзентуючы “Моталь — самы смак Янаўскага краю!”. Кожны змагаўся за тое, каб быць заўважаным і ацэненым.
Увогуле, тэма фронту, вайны, Перамогі гучала ў тыя майскія дні на праспекце Пераможцаў надзвычай моцна. І не толькі ад кампаніі “Ваен ТV”, але й на стэндах абласцей. Прынамсі, паўсюль прэзентаваліся праекты, прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення Беларусі. Заўважым, і “Сельская праўда” не стаяла ўбаку ад гэтай справы.
“СБ. Беларусь сегодня” дэманстравала вынікі свайго конкурсу “Мой родны кут”, дзе першую прэмію ў намінацыі “Землякі” атрымала фотаработа жабінкаўца Аляксея Ганчука “У чаканні аўталаўкі”.
Асобна хочацца павін-шаваць берасцейцаў, уганараваных падчас журналісцкага форуму. Так, упершыню гран-пры сярод раённых СМІ паехала на Брэстчыну, а калі дакладней — у Камянец. “Навіны Камянеччыны”, якія вядзе ад перамогі да перамогі Віктар Дулевіч (на здымку 1), сёння стварылі амаль неверагоднае: да каменчукоў ніводная берасцейская раёнка за ўсе 23 гады існавання медыяфоруму не мела найвышэйшай узнагароды. Гэтак высока ўганараваны праект “Камянеччына на старых фота”. Шчыра радуемся за калег і крыху зайздросцім белай зай-здрасцю. Далучаемся да віншаванняў у адрас галоўнага рэдактара “Зары”, старшыні берасцейскай абласной журналісцкай сябрыны Аляксандра Лагвіновіча. Аляксандр Аляксандравіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
І зусім напрыканцы. Журналісцкі форум — гэта заўсёды добрая пляцоўка для сустрэч і наладжвання кантактаў, якія з часам перарастаюць у трывалае сяброўства, творчае і проста чалавечае. Пагэтаму вярнуўся дамоў не толькі з добрым настроем, шматлікімі фотаздымкамі, уражаннямі, але і новымі адрасамі калег з розных куткоў Беларусі.