“Беларусь памятае. Памятае кожнага”

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Да акцыі, ініцыяванай моладдзю, у гэтыя дні далучылася шмат нераўнадушных людзей. Прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, работнікі прадпрыемстваў, школьнікі, студэнты ўсклалі кветкі да абеліскаў воінам-вызваліцелям, што коштам уласнага жыцця падарылі нам мір і свабоду.
Актыўна падтрымалі маладзёжную акцыю “Беларусь памятае. Памятае кожнага” на Брэстчыне. Не выключэнне — горад-спадарожнік абласнога цэнтра Жабінка. Ускласці кветкі да помніка ахвярам фашызму, што на вуліцы Міру, сабралася цэлая дэлегацыя.
— Штогод напярэдадні галоўнага свята нашай краіны — Дня Незалежнасці — мы шануем памяць усіх, хто аддаў сваё жыццё за нашу Радзіму ў Вялікай Айчыннай вайне, — гаварыў ля помніка начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) падпалкоўнік Аляксей Пятроў. — На тэрыторыі раёна знаходзіцца 29 воінскіх захаванняў. У іх знайшлі апошні спачын астанкі 1455 чалавек. Сённяшняму пакаленню трэба памятаць, што кожны пражыты намі дзень — гэта бясцэнны дарунак ад тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу. Вечная ім памяць!
— У нашым раёне засталося ўсяго 17 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ 20 пабывалі ў млыне фашысцкіх зверстваў — былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію, утрымліваліся ў канцлагерах і гета, — расказваў Анатоль Старыцкі, што ўзначальвае раённую ветэранскую арганізацыю. — Ім вельмі патрэбны асаблівая ўвага, любоў, павага і клопат. Яны, паверце, вельмі рады, што моладзь памятае, якім коштам заваяваны мір.