Беларусь адзіная: будучыня залежыць ад нас

У Брэсце 20 жніўня ў фармаце дыялогу прайшоў рэгіянальны форум “Беларусь адзiная” з удзелам вядомых беларускіх палітолагаў. Такія форумы напярэдадні Дня народнага адзінства адбудуцца ва ўсіх абласцях Беларусі і ў Мінску.
“Гэта якраз той час, каб мы адчулі агульнасць беларускага народа, асэнсавалі пройдзены шлях”, — сказаў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім ГІГІН.
Запрошаныя эксперты падзяліліся сваім бачаннем сітуацыі ў краіне, перспектыў развіцця эканомікі, уплыву санкцый і ўзаемадзеяння з замежнымі партнёрамі. “Досыць шмат пытанняў, на якія трэба атрымаць адказы. Цяпер ідзе актыўны працэс палітычнай трансфар-мацыі, канстытуцыйны працэс. Ідзе дыскусія пра ролю Усебеларускага народнага сходу і партый, якія паўнамоцтвы трэба пераразмяркоўваць не толькі ў цэнтры, але і на месцах. На гэтай стадыі важна пачуць галасы з рэгіёнаў. Менавіта яны вызначаць, якой будзе наша краіна”, — падкрэсліў Вадзім Гігін.

Пра значэнне тэрміна “Новая Еўразія”

Палітолаг Аляксей ДЗЕРМАНТ на рэгіянальным форуме растлумачыў:
— Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка нядаўна заявіў пра тое, што Беларусь гатова стаць фарпостам новай Еўразіі. Гэта вельмі дакладнае адлюстраванне таго, якую трансфармацыю ў сферы міжнародных адносін мы цяпер перажываем, і што будзе далей. Раней беларусы, зыходзячы са свайго менталітэту і гістарычных асаблівасцяў, спрабавалі выбудаваць ролю своеасаблівага моста ці камунікатара паміж Захадам і Усходам. На жаль, не па нашай волі адбылася спроба гэты мост падарваць. Больш таго, мы бачылі прамы ўдзел заходніх спецслужбаў і ўрадаў у спробе каляровай рэвалюцыі. Таму натуральна, што наша ўнутраная ідэалогія і замежнапалітычнае пазіцыянаванне будуць перажываць змены. І гэта надоўга. Да якой канцэпцыі мы прыходзім? Прэзідэнт ужыў слова “фарпост”. Можна нават назваць Беларусь Брэсцкай крэпасцю Новай Еўразіі. Мы ўступілі ў перыяд жорсткага размежавання і больш выразна сталі разумець, хто мы і з кім мы. Было яскрава бачна, хто ў гэты складаны перыяд аказаўся нашым саюзнікам. Перш за ўсё, гэта Расійская Федэрацыя і Кітай. І менавіта гэтыя дзяржавы будуць вызначаць канфігурацыю сіл у Еўразіі ў будучыні, нягледзячы на ўсе вонкавыя спробы ўмешвацца ў гэтыя працэсы. У экспертнай супольнасці ёсць разуменне таго, што падзеі мінулага года адбываліся шмат у чым з-за нашай ідэалагічнай нявызначанасці — з кім мы, за што мы і куды ідзём. Цяпер гэта разуменне з’явілася. Зараз мы стаім як фарпост. І несумненна, што напад на беларускую дзяржаву мела стратэгічнай мэтай Расію. Беларусь можна назваць стратэгічнай вышынёй гэтага рэгіёна. І калі б наша краіна пала, то ўвесь антырасійскі блок ад Балтыйскага да Чорнага мора самкнуўся б і далей пайшло б наступленне на Расію. Таму расійскае кіраўніцтва і падтрымала нашу дзяржаву ў няпросты перыяд. Мы для Расіі стратэгічна важны саюзнік. Пры гэтым і на нас накладваецца новая адказнасць. Нельга быць у ранейшым паслабленым стане і думаць, што з усімі можна пасябраваць. На жаль, калі нас атакуюць, прычым нападаюць каварна і цынічна, трэба думаць перш-наперш пра тое, як выстаяць. І разумець, што за намі Расія, у якой сур’ёзны ваенны патэнцыял, які не дазваляе пачаць прамое ваеннае ўварванне ў Беларусь. Таксама за намі Кітай, які неўзабаве стане першай эканомікай свету. Таму мы не адзінокія, і, вобразна кажучы, Брэсцкая крэпасць не апынецца ў акружэнні. Але мы павінны перабудоўваць сваю свядомасць з улікам таго, што гэта супрацьстаянне надоўга. І важна разумець: калі мы бу-дзем стабільныя, упэўненыя ў сабе, у сваёй ідэалогіі, сваіх каштоўнасцях, то значыць і прастора за намі на ўсход таксама будзе стабільная. Ад нас вельмі шмат залежыць. А гэта вялікі стымул трымацца, змагацца і ў выніку перамагчы.

Пра нацыянальную ідэю

Сваім меркаваннем наконт пошуку нацыянальнай беларускай ідэі, што за ёй павінна стаяць, як яе выпрацаваць, падзяліліся палітолагі Аляксей ДЗЕРМАНТ і Аляксандр ШПАКОЎСКІ.
— Ідэя, канечне, неабходная. Перш за ўсё, гэта разуменне, куды рухаецца дзяржава і яе грамадзяне. Вобраз будучыні і павінен быць нацыянальнай ідэяй, — сказаў Аляксей Дзермант. — Але толькі гэтага для развіцця грамадства недастаткова. Нават краіны, дзе нацыю, як той казаў, вынайшлі і затым сабе ідэю прыдумалі, з’яўляюцца часткай нейкай цывілізацыйнай супольнасці. Тое ж і з намі. Наша ідэя павінна заключацца ў зразумелым арыенціры: што мы будуем і куды ідзём. Але тут неабходны і наступны ўзровень. Дзе мы знаходзімся ў свеце, хто нашы саюзнікі, з кім нам надзейней выбудоўваць адносіны, з кім мы блізкія па каштоўнасцях і поглядах. Калі мы гаворым толькі пра нацыянальную ідэю, заўсёды ёсць рызыка саслізнуць у чысты нацыяналізм, што, дарэчы, мы бачым у Літве і Украіне. Але і там нацыяналізм выкарыстоўваецца як інструмент барацьбы блокаў і цывілізацый, гэта значыць яны падпарадкоўваюць свае інтарэсы іншым інтарэсам. Наша задача, на мой погляд, інтарэсы развіцця нашай дзяржавы спалучаць з інтарэсамі нашых саюзнікаў, якія ў тым ліку сур’ёзна нам дапамагаюць. Вось у гэтай дыялектыцы паміж нацыянальным і саюзным мы павінны бачыць сябе. А ў нас у гэтым плане месца вельмі годнае. Беларусаў вельмі паважаюць на постсавецкай прасторы і ў цэлым на Усходзе за нашу гераічную гісторыю, звязаную з Перамогай у Вялікай Айчыннай вайне, паважаюць за нашы каштоўнасці, якія мы нікому не навязваем. У нас спакойна ўжываюцца прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Як ні імкнуліся, так і не атрымалася тут разгайдаць польскую этнічную меншасць, яна застаецца лаяльнай да дзейснай улады.
— Я лічу, што нацыянальная ідэя ў нашым грамадстве ёсць, але яна існуе ў размытай форме, — прадоўжыў палітолаг. — І ёй нават не патрэбны нейкія выразныя вызначэнні. Нацыянальная ідэя — гэта наша ўяўленне пра правільны лад жыцця, пра нашы мэты і месца ў свеце.
Калегу дапоўніў Аляксандр Шпакоўскі:
— Нагадаю, што ў адным з інтэрв’ю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка простымі словамі сфармуляваў нацыянальную ідэю. Па яго меркаванні, яна складаецца ў тым, што маладая мама ўвечары можа спакойна выйсці на вуліцу са сваім дзіцём, разумеючы, што яна знаходзіцца ў поўнай бяспецы і мае ўсё неабходнае. Прэзідэнт гаварыў пра сям’ю ў яе традыцыйным разуменні, бяспеку, правапарадак, сацыяльную справядлівасць, міралюбівы характар унутранай і знешняй палітыкі. Вось, напэўна, гэта і ёсць наша нацыянальная ідэя.

Пра памылкі электаральнай кампаніі

Палітолаг Аляксандр ШПАКОЎСКІ, адказваючы на пытанне, падкрэсліў, што ўлада падчас электаральнай кампаніі галоўным чынам займалася не выбарамі, а выратаваннем людзей ад каранавіруса.
— Прызнанне памылак не павінна ператварацца ў самабічаванне, а то часта можна пачуць, што мы прайгралі інфармацыйную вайну. Усё-такі мы выстаялі і перамаглі. Нешматлікія дзяржавы ў стане перамалоць гэты выклік каляровай рэвалюцыі, — падкрэсліў палітолаг. — Многія краіны, куды мацнейшыя з пункту гледжання рэсурсавага патэнцыялу і матэрыяльных сродкаў, проста палі пад націскам тэхнолагаў каляровых рэвалюцый і больш не існуюць. Югаславія, ды і Савецкі Саюз.
Безумоўна, былі дапушчаны пэўныя памылкі. Склаліся і ўнутраныя перадумовы для таго, каб адбылася спроба мецяжу. Адной з памылак было ігнараванне фактару новых медыя. Сапраўды, на першым этапе не заўважаўся дэструктыўны ўплыў ютуб- і тэлеграм-каналаў. А цяпер у эпоху постпраўды ў моладзі лідарамі меркаванняў становяцца не тыя, хто кампетэнтны ў дадзеным пытанні, а тыя, хто гучней гаворыць. Недавер да сістэмных СМІ і структур характэрны для ўсяго свету. Эксперты паўсюль гавораць аб перацяканні аўдыторыі з традыцыйных СМІ да новых медыя. Вось гэты момант мы сапраўды ўпусцілі. У нас да прэзідэнцкіх выбараў у розных сацыяльных сетках і месенджарах практычна не было сваіх каналаў данясення інфармацыі людзям. Гэта прастора была цалкам захоплена сапернікам. Але ў апраўданне ўлады скажу, што яна займалася не столькі выбарчай кампаніяй, колькі барацьбой з каранавірусам. Наша краіна адна з нямногіх, якая не пайшла па шляху найменшага супраціўлення, гэта значыць абмежавання правоў здаровых лю-дзей, а занялася лячэннем хворых так, каб пандэмія для здаровых прайшла максімальна камфортна. Нашы людзі практычна нічога з таго, што перажывалі грамадзяне той жа Польшчы, на сабе не выпрабавалі. І я падазраю, што калі б мы хоць бы на пару тыдняў акунуліся ў такую атмасферу, калі з дома выходзіць нельга, калі не працуюць кафэ, рэстараны, спартзалы, кінатэатры, а за парушэнне забарон чакаюць унушальныя штрафы, вось тады ў Беларусі маглі наступіць незваротныя негатыўныя наступствы. Цяпер, заўважце, ужо пра кавід часам і пагаварыць няма з кім. Ніякія апазіцыйныя СМІ гэтую тэму наогул не ўзнімаюць, затое ў сакавіку-красавіку мінулага года раздзімалася проста неверагодная істэрыя па каранавірусе.
Калі ж казаць пра абнаўленне ўлады, то на выбары Прэзідэнт пайшоў з зусім новай камандай, кадравае абнаўленне адбылося, на першы план выйшлі людзі, гатовыя дзейнічаць па-новаму ў новых умовах. І сёння я вобразна кажу нашым заходнім апанентам: калі вам не падабалася нейтральная Беларусь (гэта ў нас запісана ў Канстытуцыі, а ў новым праекце, дарэчы, гэтага не будзе), то вы атрымаеце рана ці позна “Іскандэр” пад Брэстам.
У сваю чаргу дэкан факультэта філасофіі БДУ Вадзім Гігін адзначыў:
— Сёння мы знахо-дзімся ў памежнай сітуацыі: быццам бы выстаялі, дасягнулі поспеху, але з іншага боку, магчыма, з улікам памылак варта памяняць выбудаваную сістэму. Тады паўстае пытанне: а ці выстаіць новая сістэма? А тое, што спробы яе ўзламаць будуць, гэта несумненна. У 2022 годзе рэферэндум, а затым выбары ў мясцовыя саветы і парламент.

Меркаванні

Удзельнікі форуму мелі магчымасць задаць экспертам пытанні і выказацца самім. Напрыклад, намеснік старшыні абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана ЦЮГА адзначыла, што патрыятызм павінен пачынацца з сям’і, бацькоў, а не са школы.
Пасля мерапрыемства сваімі ўражаннямі падзяліўся інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Уладзіслаў ДЖЫГІЛА, які прымаў удзел у форуме ад Жабінкаўшчыны:
— Такі фармат з’яўляецца неад’емным атрыбутам палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, якая дынамічна развіваецца. Несумненны плюс падобных мерапрыемстваў — гэта магчымасць акумуляваць ідэі прадстаўнікоў розных сацыяльных груп рэгіёна. На мой погляд, дадзены форум выклікаў цікавасць у людзей розных пакаленняў, таму што эксперты актуалізавалі важныя тэмы, цікавыя і карысныя для кожнага.

Выказаў сваё меркаванне і кандыдат палітычных навук, намеснік дэкана юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна Эдуард СЕВЯРЫН:

— Актуальная  праблематыка, экспертная супольнасць, уважлівая аўдыторыя, аб’ектыўная ацэнка, работа над памылкамі, вострыя пытанні, праўдзівыя прафесійныя адказы — гэта рэальная карціна першага беларускага рэгіянальнага форуму «Беларусь адзіная». На мой погляд, ён стаў чарговым значным крокам да ўмацавання адзінства беларускага народа. Дыялогавыя фарматы такога кшталту даюць магчымасць кожнаму ўдзельніку адчуць сваю датычнасць да нашай агульнай духоўнай і палітычнай спадчыны — Беларусі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара