БАРАЦЬБІТ І РАЗВЕДЧЫК

За вольнасць роднага краю, набліжаючы той важны гістарычны момант, калі беларусы аб’ядналіся нарэшце ў адзінай дзяржаве, змагаліся шматлікія барацьбіты. Быў сярод іх і нараджэнец Жабінкаўшчыны — падпольшчык і разведчык Міхаіл Макаравіч Шаўчук (1911-1989).

Малая радзіма — Вялікія Якаўчыцы

Сёлета яму споўнілася б 110 гадоў. У пачатку 80-х на сустрэчы з жабінкаўцамі Шаўчук распавёў, што нарадзіўся 13 студзеня 1911-га ў вёсцы Вялікія Якаўчыцы ў сям’і селяніна-бедняка. У сваёй аўтабіяграфіі Міхаіл Макаравіч падкрэсліваў: “Усе мае сваякі — беларусы”. Яго бацька Макар Давідавіч нарадзіўся ў 1863-м, праз два гады пасля скасавання прыгону. Усё жыццё працаваў на ўласнай гаспадарцы або парабкаваў на кулакоў.
Хлопчыку ледзь споў-нілася чатыры гады, калі сям’я была вымушана пакінуць роднае гняздо. Віной таму — Першая сусветная вайна, якая летам 1915-га дакацілася да Палесся. Сотні, тысячы бежанцаў наваднілі дарогі. Ратуючыся ад ліхалецця, яны пацягнуліся на ўсход.
Шаўчукі апынуліся ў Харкаўскай губерні. У родныя мясціны змаглі прыехаць толькі праз пяць гадоў. Аднак вярнуліся не ўсе: у бежанцах памерла маці, і бацька, разумеючы, што ў гаспадарцы патрэбны жаночыя рукі, пазней ажаніўся паўторна.
А тады, у пачатку 20-х, пасля прыезду з бежанцаў, Макар Шаўчук ледзь пазнаў разбураную вайной малую радзіму. Усё трэба было пачынаць спачатку: уладкоўвацца, апрацоўваць запушчаную зямлю, якая пасля Рыжскага міру ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы.
Міхаіл Макаравіч меў сястру і трох братоў. З сястрой Ганнай і старэйшымі братамі Зіновіем і Васілём, якія нарадзіліся яшчэ ў ХІХ стагоддзі, сувязь абарвалася ў 1920 годзе.
Трагічна склаўся лёс малодшага адзінакроўнага брата Паўла. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, таму было ўсяго сямнаццаць. Праз некалькі месяцаў разам з іншымі маладымі жыхарамі вёскі: Федзем Бойкам, Паўлам Канючкам, Косцем Свіцічам, Паўлам Фядынкам, Колем Славуцічам — камсамолец Паша Шаўчук апынуўся ў заложніках у акупантаў. Усе яны былі расстраляныя ў роднай вёсцы.
…Але гэта здарылася пазней, праз дваццаць гадоў. А цяпер Шаўчукоў і іх аднавяскоўцаў чакала штодзённая праца, каб адрадзіць парушанае. Гэтак склалася, што з ранняга дзяцінства Міша стаў галоўным памочнікам бацькі. З маленства прыйшлося спазнаць беднасць, нялёгкую працу, да шаснаццаці гадоў пасвіў кароў у паноў Бабінскіх, хадзіў на сезонныя работы: капаў каналы, студні, шмат працаваў на зямлі…
Разам з тым, Шаўчук-старэйшы паклапаціўся, каб сын атрымаў адукацыю. “Я маю чатыры класы школы агульнай адукацыі і скончыў два класы польскай школы”, — пазней распавядаў Міхаіл Макаравіч.
Пра сваё дзяцінства ён успамінаў: “Жылі мы бедна, нават вельмі бедна. Сям’я знаходзілася ў пастаяннай галечы. На што толькі не ішлі, каб зарабіць на хлеб. Часцей за ўсё я наймаўся ў паганятыя. На лета купцы прыганялі да нас вялікую колькасць жывёлы. Пашы былі багатыя на сакавітыя травы, скаціна за лета папраўлялася, а ўвосень яе трэба было гнаць у вялікія польскія гарады. І я разам з дзедам займаўся гэтай справай”.

Барацьба за волю роднага краю

Спазнаўшы з маленства многія нягоды, несправяд-лівасць і прыгнёт, Міхаіл Шаўчук рана стаў на шлях барацьбы за аб’яднанне беларускіх земляў. У 1926 годзе ён стаў сябрам Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, пазней уступіў у шэрагі КПЗБ. За рэвалюцыйную дзейнасць яшчэ падлеткам Шаўчук быў упершыню арыштаваны і заключаны пад варту.
Аднак гэта не спыніла маладога падпольшчыка. У ноч з 16 на 17 кра-савіка 1932 года паліцыя правяла масавую аблаву на актывістаў. У яе сеткі, расстаўленыя з дапамогай правакатара, трапілі многія маладыя барацьбіты за волю роднага краю. У іх ліку былі жыхары Якаўчыцаў: сакратар і тэхнік ячэйкі “Прызыўнікі” Іван Шаўчук і Аляксей Салей, шараговыя сябры гэтай ячэйкі Аляксандр Салей, Якаў Філіманюк, Рыгор Канючка, казначэй і тэхнік асобнай якаўчыцкай ячэйкі Пётр Жук і Міхаіл Шаўчук.
Неўзабаве гарадскі суд у Кобрыне вынес прысуд Жуку і двум Шаўчукам, якім прызначылі па два гады зняволення. Аднак Міхаілу Макаравічу споўніўся 21 год. Гэта быў прызыўны ўзрост у Польшчы, і пакаранне для Шаўчука перагледзелі: замест турмы яго прызвалі ў армію. Але і там Міхаіл стварыў падпольную групу, пераконваючы землякоў-саслужыўцаў, што Заходняя Беларусь павінна ўвайсці ў склад БССР. Яго зноў арыштавалі. Але прамых доказаў віны не знайшлі, таму Шаўчуку зноў пашанцавала пазбегнуць пакарання.
Пасля дэмабілізацыі ён актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную барацьбу, якая разгарнулася ў Кобрынскім павеце. Паліцыя ўважліва сачыла за дзейнасцю “неблаганадзейнага”, і ў 1935 годзе Міхаіл Макаравіч зноў апынуўся пад судом, на дзесяць гадоў быў пазбаўлены грама-дзянства і заключаны ў Равіцкую турму, якая знаходзілася паблізу польска-германскай мяжы. У перапоўненых камерах давялося сутыкнуцца з вельмі цяжкімі ўмовамі.
Аднак 1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, і Шаўчука спешна перавялі ў Познанскую вязніцу.
Нечакана Міхаілу Мака-равічу ўдалося збегчы. З вялікімі цяжкасцямі ён дабраўся да Варшавы, адтуль — у Брэст. Ён рухаўся выключна па начах. 14 верасня Міхаіла Шаўчука арыштавалі польскія жандары і кінулі ў Брэсцкую турму. Змучаны гэтым цяжкім пераходам, ён зваліўся ў камеры і страціў прытомнасць. Увесь гэты час надгаладзь, без вады, Міхаіл Макаравіч зусім знясілеў. Раптам Шаўчук пачуў знаёмы лязгат турэмных дзвярэй. Да гэтага гуку ён ужо паспеў прывыкнуць за гады барацьбы з польскімі ўладамі.
Вязень пачуў знаёмы голас:
— Міша? Шаўчук, ты?
Гэтыя словы належалі Кошалеву, з якім разам служылі ў Войску Польскім і нават сябравалі. Ягоны армейскі таварыш пайшоў, а дзверы камеры пакінуў адкрытымі. Так, пераадолеўшы нялёгкі шлях, Міхаіл Макаравіч дабраўся ў родныя Якаўчыцы. Схуднелы і знясілены, ён усё ж адразу заняўся справай: сустракаў у верасні 1939 года прыход Чырвонай Арміі, удзельнічаў у арганізацыі рабочай гвардыі ў Кобрыне і Жабінцы. Калі ў саракавым былі ўтвораны раённыя аддзелы міліцыі, Міхаіл Шаўчук стаў апе-ратыўнікам, закончыў спецыяльныя чатырохмесячныя курсы ў Гародні. У той самы час ажаніўся з Верай, дачкой Уладзіміра Дыдзіка. А наступны год прынёс шчасце і няшчасце: у сям’і з’явілася першыніца Ніна, а затым пачалася вайна.
У ліхалецце Міхаіл Шаўчук таксама праявіў сябе адважным ба-рацьбітом, стаў адчайна смелым разведчыкам, паплечнікам легендарнага Мікалая Кузняцова.
Анатоль БЕНЗЯРУК, Ганна МАКСІМЧУК
На здымках: Міхаіл Макаравіч ШАЎЧУК; у шэрагах кобрынскай рабочай гвардыі; у 1980-я гады Міхаіл Шаўчук неаднаразова наведваў Жабінку.