Бацька і сын — адзіны пачын

— Які вам Хлус патрэбны? — пацікавіўся начальнік ПМК-19 Сяргей Кузьмук. — У нас іх двое… і абодва Васіль Васільевічы, бацька ды сын, і кожны на добрым рахунку.
Два Васілі? Ды яшчэ і Васільевічы? Дык няхай будуць разам і ў жыцці, і на газетнай паласе! Раскажам пра старэйшага і пра малодшага не забудземся.

Былі бондары — сталі меліяратары

Малая радзіма Хлусаў — янаўскі край, а калі дакладней — вёска Рылавічы — спрадвечны цэнтр палескага бандарства. Найстарэйшы Васіль (бацька і дзед нашых герояў) быў вядомы на ўсю акругу майстар. А вось чатыры яго сыны, усе як адзін, падаліся ў меліяратары.
Першы, Міхаіл, які нарадзіўся яшчэ ў вайну, выкладаў у Пінскім гідратэхнікуме. З часам і другі сын Павел пасля Горы-Горацкай сельгасакадэміі дваццаць год адпрацаваў у прадпрыемстве меліярацыйнай сістэмы, размешчанай у сталіцы беларускага Палесся. Гэтым шляхам пайшоў і Анатоль — самы малодшы з братоў Хлусаў. Далей за іншых ад роднага ганку апынуўся трэці сын, якому бацька даў пры нараджэнні сваё імя. Мо дзесьці ў душы спадзяваўся: хоць гэты будзе бондар. Не, зноў атрымаўся меліяратар.
Пасля васьмігодкі 15-гадовы хлопец накіраваўся ў Пінск, дзе ў гідратэхнікуме працаваў, закладваючы азы будучай прафесіі, брат Міхаіл. У 1979 годзе ў жыцці Васіля ўпершыню з’явілася Жабінка, калі малады спецыяліст размеркаваўся ў ПМК-19. Ужо тады разумеў: неабходна рухацца далей, развіваць і пашыраць веды, а для гэта патрэбна далей вучыцца. Роднае прадпрыемства такую магчымасць давала і неўзабаве накіравала ў сельгасакадэмію. З Горак Васіль Васільевіч вярнуўся з дыпломам інжынера-гідратэхніка. Паслядоўна ўзнімаўся па кар’ернай лесвіцы да інжынера планавага аддзела з сумяшчэннем абавязкаў інжынера па камплектацыі.
На памежжы стагоддзяў Васіль Хлус паспеў яшчэ папрацаваць у партыйных органах, затым у інспекцыі прыродных рэсурсаў, дзе быў, як сам цяпер гаворыць, “спецыялістам па вадзе і паветры”.
Так цягнулася да жніўня 2006-га, калі Васіль Васільевіч вярнуўся ў родную перасоўную механізаваную калону на пасаду намесніка начальніка па меліярацыі. І вось ужо хутка пятнаццаць гадоў займаецца гэтай вельмі карыснай справай.

Ёсць што параўнаць

У леташнім лістападзе жабінкаўскія меліяратары адсвяткавалі паўвекавы юбілей свайго прадпрыемства. За ўвесь перыяд сіламі ПМК-19 асушаны дзясяткі тысяч гектараў забалочаных земляў, якія перададзены ў пастаянную эксплуатацыю гаспадаркам, актыўна праводзіліся таксама культуртэхнічныя работы ды арашэнне.
На ўласным вопыце Васіль Хлус можа параўнаць, як было раней і як цяпер сталася:
— У 1980-я тэхніка была зусім не тая, затое працавала ў нас значна больш людзей, не існавала і сённяшняй мабільнасці. Шчыравалі не толькі ў Жабінкаўскім, але і Брэсцкім, Камянецкім раёнах. Памыляецца той, хто лічыць, што ў ПМК займаліся выключна асушэннем.

Тады, у васьмідзясятыя гады, праводзілі і арашэнне. Асабліва ў вялікіх гаспадарках — такіх, як “Заходні”, “Белавежскі”, “Астрамечава”. Пракладвалі трубаправоды, па якіх сцёкі з помпавых станцый падаваліся ў змяшальныя ёмістасці, дзе змешваліся з вадой і рухаліся затым на палі арашэння. Агрэгаты, якія там знаходзіліся, дзякуючы спецыялістам ПМК, падавалі вільгаць. Адным словам, сваёй працай мы заўжды дапамагалі вяскоўцам дабівацца добрых ураджаяў.
Цяпер, у ХХІ стагоддзі, стала значна больш будавацца станцый абезжалезвання, ачышчальных збудаванняў, сіламі ПМК-19 пракладзены водаправоды ў былых Шчэгліках і Здзітаве, непасрэдна у самім райцэнтры. Зараз у прадпрыемстве 75 працаўнікоў, пры гэтым аб’ёмы работ вельмі істотныя: ужо ў жніўні і верасні павінны быць рэканструяваны 311 гектараў земляў (гэтыя работы фінансуюцца з рэспубліканскага бюджэту).

Прыпынак для фота — і зноў за работу!

Адна справа сказаць, іншая — паказаць, як шчыруюць на аб’ектах твае падначаленыя. Рухаемся з Васілём Васільевічам-старэйшым у самую паўночную вёску раёна — Падлессе, дзе працуе Васіль Васільевіч-малодшы з таварышамі-трактарыстамі. Пра-язджаючы па вясковай вуліцы, нельга не звярнуць увагу на шматлікія буслянкі, у якіх гаспадараць птушкі, якія здаўна сталі сімвалам Беларусі. Яшчэ больш — цэлая чарада — буслоў у полі. Важна крочаць у сваіх чырвоных ботах па пожні, з цікавасцю ўглядаюцца за тэхнікай меліяратараў, якая зусім не палохае птушак. Бульдозер і экскаватар, якімі кіруюць Васіль Хлус і Валерый Вайтовіч, спыняюцца на лічаную хвіліну. Разам з намеснікам начальніка па меліярацыі і майстрам будаўніча-мантажных работ Аляксандрам Нікалайчыкам працаўнікі абмяркоўваюць далейшыя планы. А затым пасля прыпынку для фота — зноў за работу!
…А мы рухаемся далей — на аб’екты, размешчаныя паблізу вёскі Лясоты. Найперш у фотакадр трапляюць трактарыст Мікалай Марчук, машыніст экскаватара Васіль Жоўклы, электрагазазваршчык Аляксей Жураўлёў і падсобны рабочы Дзмітрый Савосін.
Пачатак лета буяе зелянінаю, таму працаўнікі ПМК-19 актыўна абкошваюць адкрытую меліярацыйную сетку. Гэтая справа даручана трактарыстам Мікалаю Буйкевічу і Міхаілу Фамічуку, Рыгору Небельчуку і Юрыю Прыступе, якія ачышчаюць берагі ад травы і хмызняку. Кожны знае сваю справу і выконвае яе належна.

Амаль сямейныя віншаванні

Як бачым, меліярацыя для Хлусаў — справа сямейная. Бацька задаволены сынам:
— Васіль скончыў той самы Пінскі гідратэхнікум, дзе некалі і я вучыўся, стаў механікам па абслугоўванні меліярацыйнай тэхнікі. Літаральна пайшоў па маёй дарозе, хоць і выбраў свой адметны шлях. Бо аднойчы заявіў катэгарычна: “Кабінетная работа — не для мяне. Сяду на тэхніку!” Сын зрабіў свой выбар і вось ужо амаль пяцігодку працуе на бульдозеры.
Васіль Васільевіч і Святлана Фёдараўна ганарацца абодвума сынамі: старэйшым Анатолем і малодшым Васілём. Рады, што яны ўжо падаравалі дзядулю і бабулі чатырох унукаў: Ілью і Андрэя, Максіма і Сафію. Да слова, восенню старэйшыя Хлусы будуць святкаваць гожы юбілей — сорак год сумеснага жыцця. На яго, відаць, збяруцца ўсе родныя ды самыя блізкія.
А сёння, напярэдадні прафесійнага свята, Васіль Васільевіч выказвае свае віншаванні калегам:
— Хочацца найперш сказаць словы падзякі механізатарам — тым, хто шчыруе на аб’екце рэканструкцыі “Рэчка” і “Лясоты” на хмелеўскіх і арэпіцкіх землях. У іх цяпер сапраўды гарачая пара. І ўвогуле, віншую ўсіх, хто сваё жыццё звязаў з нашай прафесіяй, каб ваша работа штодня прыносіла задавальненне. Здароўя вам, поспехаў, дабра і, канечне, сямейнага цяпла, паважаныя меліяратары.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: “Лятучка” ў полі: працаўнікі Васіль ХЛУС (сын) і Валерый ВАЙТОВІЧ абмяркоўваюць далейшыя планы з намеснікам начальніка Жабінкаўскага ПМК-19 Васілём ХЛУСАМ (бацька) і майстрам Аляксандрам НІКАЛАЙЧЫКАМ;на аб’екце — парадак, калі там працуюць Мікалай МАРЧУК і Васіль ЖОЎКЛЫ, Аляксей ЖУРАЎЛЁЎ і Дзмітрый САВОСІН; трактарыст Міхаіл ФАМІЧУК шмат гадоў працуе ў ПМК.