Ужо далёка не першае пакаленне Платонавых шчыруе на роднай азяцкай зямлі, прыносіць ёй багацце і сабе пашану. 18 сакавіка старэйшы ў родзе Васіль ПЛАТОНАЎ атрымліваў віншаванні. Нагода самая пачэсная – Васілю Васільевічу споўнілася семдзесят.
Таму і трактар, на якім механізатар выходзіць у поле, крыху затрымаўся на мехдвары. Бо гаспадара паклікалі ў высокі дырэктарскі кабінет, дзе кіраўнік “АграАзятаў” Святаслаў АЛЯШКЕВІЧ, спецыяліст па кадрах Наталля ЛОСЬ і старшыня прафкама Таццяна МІРАНЮК знайшлі шмат цёплых слоў, каб павіншаваць юбіляра (на здымку).
У працоўнай кніжцы Васіля Платонава – адзіны запіс, і ён звязаны з родным сельгаспрадпрыемствам. Так, месца працы Васіль Васільевіч ніколі не мяняў. На яго памяці ўжо больш за дзясятак кіраўнікоў прыходзілі-сыходзілі, неаднойчы і гаспадарка “шыльду” мяняла, пакуль не атрымала сённяшні назоў: сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “АграАзяты”. А Платонаў па-ранейшаму адданы родным нівам: скірдуе, бульбу саджае, на жніве залатое зерне збірае – усё робіць дзеля зямлі, якая 18 сакавіка 1952 года дала яму жыццё. Бывае, ад заранкаў да цямна шчыруе механізатар у полі, працуе на трактары на ўсялякіх работах.
За тое, вядома, і шматлікія ўзнагароды руплівец мае. Сярод іх не толькі граматы, дыпломы, але й нават ордэн.
Старэйшы сын Сяргей бацькаву эстафету не падхапіў, а вось малодшы Міша пайшоў яго дарогай. У азяцкай гаспадарцы Міхаіл Платонаў працуе вадзіцелем. Да слова, месяц таму Міхаіл Васільевіч таксама быў юбілярам, атрымліваў віншаванні з нагоды 40-годдзя.
Калі размаўлялі, Васіль Васільевіч раптам угледзеўся ў мой твар і няўпэўнена спытаў:
– А вы часам не Бензярук?
І пачаў прызнавацца ў любові да “Сельскай праўды”. Бо раёнка ў ягонай хаце – гэта заўсёды самы чаканы госць.
– Аднойчы газета праводзіла нейкі конкурс, – узгадаў юбіляр, – і я нават выйграў тады прыз – насценны гадзіннік. Па ім і цяпер можна звяраць час.
Са свайго боку, я пажадаў Васілю Васільевічу, каб яго жыццёвы гадзіннік меў жвавую хаду, каб было здароўя шмат і сіл багата.
– Вам, паважаны азятчук, сёння многа добрага жадалі. А што хочаце сказаць у адказ?
Юбіляр, які раней адчуваў сябе крыху няёмка, нарэшце трохі “адтаяў”, шчыра ўсміхнуўся і амаль па-каралеўску, шырока ўзмахнуўшы рукою, выгукнуў:
– Дзякуй!
Слова сказаў простае, кароткае, душэўнае. А затым ізноў падумаў ды дадаў:
– Усім – здароўя!
І цяпер ужо “па-царску” ўзмахнуў сваёй мазолістай рукою.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
