Вось-вось прагучыць залівісты школьны званок для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія за летнія канікулы добра адпачылі, пасталелі і з радасцю гатовы сесці за парты, каб набірацца ведаў.
У сям’і Вольгі Нядоўба з аграгарадка Сцяпанкі з нецярпеннем чакаюць пачатак навучальнага года сын Аляксандр і дачка Ульяна. Яны даўно прыглядаліся ў мясцовай краме да пеналаў і яркіх сшыткаў, прымяралі новыя касцюмчыкі, кашулі і спаднічкі. Дзецям, безумоўна, хочацца быць прыгожымі на ўрачыстай лінейцы 1 верасня ў роднай Крыўлянскай школе і ў далейшым мець у дзённіку толькі выдатныя адзнакі. Іх малодшыя сястрычка Танюша і брацік Паўлік яшчэ не ведаюць, што такое быць школьнікам, але ўжо зараз абводзяць літаркі ў пропісях і разглядаюць малюнкі ў кніжках.
А на гэтым тыдні шматдзетную сям’ю Нядоўба чакаў прыемны сюрпрыз: у вясковую хату, дзе падрастаюць чацвёра дзетак, на днях завіталі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны, старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк і старшыня Сцяпанкаўскага сельвыканкама Віктар Марковіч. Госці прыйшлі не з пустымі рукамі, а з цэлай сумкай карысных для школьнікаў рэчаў: сшыткаў, алоўкаў, фарбаў, калькулятараў, арганайзераў. Саша і Ульяна былі ў захапленні ад падарунка і разам з мамай ды малодшым Паўлікам цёпла падзякавалі за ўвагу да іх сям’і з боку дзяржавы напярэдадні галоўнага свята дзетвары — Дня ведаў.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
Главные новости
