Асноўны Закон гарантуе

Кожная дзяржава мае свой Асноўны Закон, на падставе якога жывуць яе грамадзяне, і Беларусь ніколі не была выключэннем. Больш за тое — у заканадаўчым стваральніцтве наш народ заўсёды дэманстраваў прыклад іншым. І ўжо ў 1588 годзе меў свой Статут, а пазней, у ХХ стагоддзі, пяць разоў прымаў Канстытуцыі БССР і Рэспублікі Беларусь. Апошні па часе Асноўны Закон быў зацверджаны вясной 1994 года і дзейнічае са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на ўсенародных рэферэндумах.
Ужо першы артыкул Канстытуцыі падкрэслівае: Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку. Пры гэтым найвышэйшай каштоўнасцю абвяшчаецца чалавек. Таму Канстытуцыя вызначае прававы статус грамадзян, прызнае натуральныя правы чалавека, замацоўвае іх гарантыі і формы абароны.
Гэткім чынам, адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы.
Дэмакратыя паводле Асноўнага Закона ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў або сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян. Канстытуцыя забараняе стварэнне і дзейнасць партый ці аб’яднанняў, якія імкнуцца да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, прапагандуюць вайну, нацыянальную, рэлігійную, расавую варожасць.
Дзяржава грунтуецца на падзеле ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Гэты прынцып, які існуе ўжо больш за дзвесце гадоў, з часоў Вялікай Французскай буржуазнай рэвалюцыі, гарантуе існаванне ўсялякай краіны, і Беларусь сярод іх не выключэнне. Бо органы дзяржкіравання не толькі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, але й стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго.
Надзвычай важна, што айчынная Канстытуцыя прызнае прыярытэт асноўных прынцыпаў міжнароднага права, не дапускае падпісання міжнародных дагавораў, якія ёй супярэчаць.
Да таго ж дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі ды іншымі супольнасцямі, якія павінны мець роўнасць перад законам. Рэспубліка Беларусь адказвае за захаванне сваёй гісторыка-культурнай спадчыны і свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, забяспечвае роўнасць усіх рэлігій і веравызнанняў.
У якасці дзяржаўных моў краіны Асноўны Закон абвяшчае беларускую і рускую, вызначае сімвалы краіны —яе герб, сцяг, гімн.
Па форме кіравання Беларусь — прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнт мае шырокае кола паўнамоцтваў, прызначае ўсіх вышэйшых службовых асоб, фарміруе ўрад краіны — Савет Міністраў, з’яўляецца старшынёй Савета Бяспекі і Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі. Ён падпісвае законы, выдае дэкрэты, якія маюць сілу закона, указы і распараджэнні, валодае правам распускаць парламент.
Вышэйшы прадстаўнічы закана-даўчы орган дзяржаўнай улады — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Ён складаецца з дзвюх палат: верхняй — Савета Рэспублікі — і ніжняй — Палаты прадстаўнікоў, якія займаюцца заканатворчасцю. На мясцовым прадстаўнічым узроўні гэтыя функцыі ўскладзены на Саветы дэпутатаў. Праз іх, а таксама мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ажыццяўляецца кіраванне і самакіраванне ў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках краіны.
Асобны раздзел Канстытуцыі прысвечаны выбарчай сістэме. Для вырашэння найважнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы. Акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Канстытуцыя ўтрымлівае таксама важны раздзел, прысвечаны фінансава-крэдытнай сістэме краіны.
Паводле Асноўнага Закона галоўная мэта дзяржавы — забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь. У тым ліку стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. У сваю чаргу грамадзянін нясе адказнасць перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй.
Асноўны Закон гарантуе сваім грамадзянам права на ахову здароўя, у тым ліку бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных медустановах. Канстытуцыя таксама гарантуе бясплатную агульную сярэднюю і прафесійна-тэхнічную адукацыю. Грамадзяне краіны маюць права на сацыяльнае забеспячэнне ў пажылым узросце, у выпадку хваробы, інваліднасці ды ў іншых, прадугледжаных законам. Да таго ж Асноўны Закон замацоўвае права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення абароны сваіх правоў і свабод.
Такім чынам, калі падвесці рысу, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — гэта найвышэйшы закон нашай краіны. Ён засноўваецца на шэрагу прынцыпаў: дэмакратызме і раўнапраўі грамадзян, гуманізме, пераемнасці і стабільнасці, рэальнасці і законнасці, што замацоўвае прынцып вяршэнства права.
Анатоль РОСТАЎ