Асцярожна: вайсковы палігон!

Ёсць месцы, якія ўтойваюць у сабе нямала небяспек. Да іх адносяцца і агульнавайсковыя палігоны (стрэльбішчы). На такіх тэрыторыях праводзяць планавыя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі часцей і падраздзяленняў Узброеных Сіл, якія ўключаюць стральбу з усіх відаў стралковай зброі, кіданне баявых гранат, падрыў інжынерных боепрыпасаў рознай магутнасці, выкарыстанне іншага ўзбраення і вайсковай тэхнікі, а таксама кіраванне баявымі машынамі.
Забараняецца наведанне палігона грамадзянскім насельніцтвам: праезд і праход праз яго тэрыторыю, выпасванне скаціны, нарыхтоўка дроў, збор грыбоў і ягад, выкошванне травы, пешыя прагулкі і гэтак далей. Стрэльбішчы з’яўляюцца забароненай зонай, небяспечнай для жыцця і здароўя людзей.
Тэрыторыя палігона пазначана папераджальнымі знакамі “Стой, страляюць!”, “Праход і праезд забаронены!”. Незаконнае знаходжанне на тэрыторыі стрэльбішчаў з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і караецца штрафам ад 10 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйным арыштам. Апроч таго, пры выяўленні катэгарычна забараняецца пераносіць выбухованебяспечныя прадметы з месца на месца, закопваць іх у зямлю ці кідаць у вадаёмы, разбіраць, уздзейнічаць агнём, збіраць і здаваць у якасці металалому.
Калі вы знайшлі падазроныя прадметы, неадкладна паведаміце пра гэта ў ваенны камісарыят Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў па тэлефоне (801642)2-23-56 ці ў РАУС па тэлефоне 102. Размініраваннем, абясшкоджваннем і знішчэннем выбухованебяспечных прадметаў займаюцца толькі спецыялісты-сапёры, у якіх ёсць на гэта дазвол.
Таксама напамінаем, што за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнявой зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў у адпаведнасці з артыкулам 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць.
Помніце! Правільнымі дзеяннямі пры выяўленні выбуховых прадметаў вы прадухіляеце няшчасныя выпадкі. Захавайце жыццё сабе і сваім блізкім.
Аляксей Пятроў, начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў, падпалкоўнік.