АПЫНУЦЦА Ў ПАКУТАХ І НЕ СКАРЫЦЦА

Падлічана: падчас Другой сусветнай вайны ў 14 тысячах “фабрыках смерці” загінула больш за 11 мільёнаў чалавек. Каля 260 лагераў няспынна працавалі ў Беларусі, сеялі штодня гібель і жах. Цяпер ва ўсім свеце 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў.

 

Гэтая дата – згадка пра 11 красавіка 1945 года, калі вязні вялікага канцлагера Бухенвальд узняліся на паўстанне. Сваёй мужнай рашучасцю яны ўратаваліся ад немінучай расправы і дапамаглі амерыканцам без бою ўвайсці ў “кацэт”. Карціна, якая адкрылася перад вачыма вызваліцеляў, выклікала сапраўдны жах.

Лагернае пекла зведалі і нашы землякі – шараговыя байцы 333-га стралковага палка 6-й Арлоўскай стралковай дывізіі, якія ў чэрвені 1941 абаранялі Цытадэль над Бугам. Пералічым тых, хто трапіў у палон, не скарыўся і быў знішчаны ў канцлагерах.

Філімон Гардзеевіч ГІЛЕЦІЧ [1910–1941] з вёскі Мышчыцы памёр у канцы сорак першага ў лагеры VIII E (308), размешчаным у Нойхамары (сённяшняя польская вёска Свянтошуў).

Азятчук Іван ГЛЯБЧУК [1912–1941], паланёны на другі дзень вайны, таксама быў знішчаны ў Нойхамары. Свой апошні спачын Іван Фёдаравіч знайшоў на Паўднёвых могілках у германскім Нюрнбергу. Побач ляжаць астанкі і жыхара Малых Сяхновічаў Фёдара Рыгоравіча ДУБІНЫ [1911–1941], які ў трыццаць год упершыню апрануў шынель.

Уладзімір Іванавіч ЛЕАНЮК [1905–1941] з вёскі Савіцк (цяперашняе Залуззе) загінуў 1 снежня 1941 года ў лагеры VIII E.

Жыхар Целякоў Максім Маісеевіч МІКАЛАЮК [1915–1942] быў паранены і патрапіў у палон ужо ў першыя гадзіны вайны. Як і іншых землякоў, яго чакалі пакуты ў нойхамарскім канцлагеры.

Хмелевец Васіль ШАБАЛА [1912–1941] нарадзіўся 11 сакавіка 1912 года. Быў прызваны Жабінкаўскім райваенкаматам у сапёрную роту. Паланёны 23 чэрвеня сорак першага ў Брэсце Васіль Антонавіч атрымаў лагерны нумар 21907. Пахаваны 6 снежня 1941 года ў польскім горадзе Жагань.

А вось Павел Еўдакімавіч ЯРМАШУК [1917–1943] паходзіў з Багноў. Тут ён нарадзіўся 15 лістапада 1917 года. Яго вайна, як і ў кожнага з пералічаных, была кароткай: ужо на другі дзень абаронец крэпасці над Бугам стаў палонным. Далейшы шлях да болю знаёмы: шталаг “Нойхамар”, лагерны нумар 21897, смерць – а з ёю і выратаванне ад здзекаў ды пакут – у чэрвені 1943 года. Апошні свой спачын Павел Ярмашук знайшоў у вёсцы Ламбінавіцы, што паблізу горада Аполе ў Польшчы.

Найбольш пакут выпала на долю старасельца Рыгора МАНЦА [1913–1945]. Рыгор Пракопавіч трапіў у палон у самым пачатку вайны ў Брэсцкай крэпасці, прайшоў праз некалькі лагераў, не дажыў да вызвалення лічаныя месяцы. Памёр 20 лютага 1945 года ў лагеры ХIII D “Нюрнберг-Лангвасар”.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

На здымку: лагерная ўліковая картка Паўла ЯРМАШУКА.