Аптымістычная гульня “Аптымістаў”, альбо Ці загарыцца і ў Жабінцы інтэлектуальны рух?

 Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Дзмітрыя БЯЛОВА.
15 каманд ад Брэста да Століна 20 верасня сабрала ў Кобрыне інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?”. Прадстаўнікі Жабінкаўшчыны ва ўзросце, які ў час мерапрыемства неаднойчы называлі “залатым”, упершыню былі на падобным спаборніцтве, выступілі даволі ўдала і вярнуліся дамоў з дыпломам і масай уражанняў.

Для правядзення своеасаблівай “бітвы інтэлектуалаў” Кобрын быў абраны невыпадкова. Гэты горад па праву лічыцца неафіцыйнай сталіцай падобных гульняў на Брэстчыне. Заняць такі “сталічны” пасад дазволіла наяўнасць шматлікіх аматараў-знатакоў (да слова, Кобрын прадстаўлялі ажно чатыры каманды) і асобаў, што “хварэюць” Яе вялікасцю Гульнёй. Аднаго з іх – Вячаслава Кузьміча – можна назваць духоўным натхняльнікам і гэтай “Што? Дзе? Калі?”, і многіх іншых. Ён жа складальнік пытанняў, ён жа – вядучы-спікер. Непасрэдным арганізатарам сённяшняй гульні выступіла загадчык аддзялення дзённага наведвання для грамадзян пажылога ўзросту Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Сытая.
Сама гульня пакінула дваякае ўражанне.
З аднаго боку, гэта проста цудоўна, што для пажылых людзей праводзяцца падобныя спаборніцтвы. Ветэраны ўжо па жыцці інтэлектуалы, нават па назвах можна было меркаваць, што людзі шаноўнага веку не губляюць “Надзеі”, лічаць сябе з гумарам “Старымі-разбойнікамі” ці “Дзяўчатамі трэцяга ўзросту” або (на поўным сур’ёзе) “Аптымістамі” (адразу дзве каманды, з Драгічына і Жабінкі, абралі сабе такое імя). Вельмі хочацца, каб і ў нашым горадзе разгарэўся рух падобных гульняў. Прыемна было бачыць, наколькі такую ініцыятыву падтрымліваюць кобрынскія мясцовыя ўлады, дэпутат ад Кобрыншчыны ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, праваслаўная царква, раённая газета ды іншыя СМІ, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, тутэйшыя прадпрымальнікі.
Разам з тым, у гэтай бочцы мёду не абышлося і без лыжкі дзёгцю.
Гульня анансавалася, як святочная, прымеркаваная да блізкага Дня пажылых лю-дзей. Перамаглі кабрынчане (за імі першы і другі радкі выніковай табліцы), “бронза” – у берасцейцаў. Лідары – не навічкі, але нават яны не здолелі “ўзяць” і палову пытанняў!
Адчувалася, што з заданнямі арганізатары яўна перамудрылі, бо не адаптавалі іх да “залатога” ўзросту ўдзельнікаў.
Каманды збівала з панталыку і агучаная тэма “Назад у СССР”. Той-сёй нават пасля заканчэння гульні не ўцяміў, што яна адносілася толькі да першай часткі спаборніцтва (якая чамусьці ў залік не пайшла), а не да ўсёй гульні. І гэта не дзіўна, бо правілы, па якіх праводзілася “Што? Дзе? Калі?”, былі агучаны вельмі невыразна.
Але ж завершым на мажорнай ноце і шчыра павіншуем нашых “Аптымістаў”, якія годна пазмагаліся на інтэлектуальным рынгу. З задавальненнем называем іх імёны: Анатоль Аляксандравіч Старыцкі (капітан), Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва, Анастасія Васільеўна Тарасевіч, Людміла Канстанцінаўна Каско, Валянціна Іванаўна Качко, Мікалай Пятровіч Кавальчук. Натхніцелькай і арганізатарам іх выступлення стала Вольга Аляксандраўна Рэбякеўша. Віншуем з удалым дэбютам!
На здымку: капітан жабінкаўскай каманды Анатоль Старыцкі атрымлівае ўзнагароду з рук рэдактара “Кобрынскага весніка” Рамана Мельніка.