Сёлета кастрычнік пацешыў нас доўгім цяплом, але цяпер прырода вяртаецца да звыклага восеньскага рытму. Расліны паступова “засынаюць”, рыхтуюцца да адпачынку, каб увесну зноў ажывіцца яркай зеленню і духмянымі кветкамі.
Аднак да нас яшчэ далятаюць адгалоскі недалёкага лета. Надоечы ў рэдакцыю звярнулася жыхарка аграгарадка Ленінскі Лілія Пашкевіч. Жыхары першага пад’езда дома
№ 2 па вуліцы Леніна летась, напярэдадні раённых “Дажынак”, ужо праславіліся на старонках нашай газеты як уладальнікі ганаровага звання “Пад’езд узорнага парадку”. Вось і зараз на лесвічных пралётах пануе ідэальная чысціня, а пад вокнамі жыхароў красуецца раскошная клумба, якая выглядае не менш багата, чым улетку.
Кветкі і сталі нагодай для звароту ў рэдакцыю. А менавіта — разгалісты куст бругмансіі. Як расказала Лілія Аляксандраўна, расліна гэта даволі цеплалюбівая. Звычайна яе высаджваюць дома ў аб’ёмных кадках, і тады бругмансія можа квітнець да снежня. Аднак у адкрытым грунце расліна рана “засынае”, а таму 101 шыкоўны бутон уражвае і зачароўвае! Апроч пышнага выгляду, бругмансія прыцягвае і сваім тонкім прыемным водарам.
Вось такі чарговы падарунак прынесла прырода людзям сёлетняй восенню. Назірайце за наваколлем, любуйцеся, бо ўменне бачыць прыгажосць у дробязях — ключ да сапраўднага шчасця!
Тэкст і фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Главные новости
