Андрэй МАЗЬКО: “Першае друкаванае слова было ў Жабінцы…”

Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

У 2015 годзе, калі рыхтаваў кнігу “Лірычны поўдзень”, я перачытаў у газеце “Сельская праўда” ўсе літстаронкі “Плынь” за паўвека. У раёнцы за 1971 год сустрэў знаёмае імя – Андрэй Мазько. Сёння гэта вядомы на Берасцейшчыне паэт, які жыве ў Лунінцы, а “Сельская праўда” надрукавала ягонае апавяданне “Палёт”. Першае і, можа, адзінае.
Неўзабаве мы паехалі на творчае свята “Лунінская восень”. Паціскаючы Мазькову руку, я запытаў:
– Успомні, Андрэй, дзе ты надрукаваў свой першы твор?
Мазько, не задумваючыся, адказаў:
– У пружанскай газеце. Верш.
– А апавяданне “Палёт”?
Андрэй задумаўся, паглядзеў на мяне і заўсміхаўся:
– Няўжо ў Жабінцы?
– А дзе ж? У “Сельскай праўдзе”!
Юнаку з Іванаўскага раёна выпала вучыцца ў Жабінцы ў школе-інтэрнаце, затым – у такой жа школе ў Пружанах атрымаць атэстат, займець два дыпломы аб вышэйшай адукацыі, працаваць у сельскай гаспадарцы, на партыйнай і савецкай рабоце. Апошнія перадпенсійныя гады быў намеснікам старшыні Лунінецкага райвыканкама.
Як натура лірычная, Андрэй Іванавіч увесь час жыў з паэтычным словам, надрукаваўся ў калектыўных зборніках “Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны” і “Добрае слова кажыце”, выдаў свае кнігі вершаў “Жывы калодзеж” ды “Дні і ночы мае”, стаў сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Мой напамінак навёў Мазько на ўспаміны.
– Дальбог, забыўся, што першае друкаванае слова было ў Жабінцы, – сказаў ён. – У нас урокі рускай мовы і літаратуры вяла, як помніцца, Алена Іванаўна. Добрая была настаўніца! Яна імкнулася абудзіць у дзяцей любоў да літаратуры. Прыносіла і чытала апавяданні і вершы, знаёміла з рыфмай ды рытмам. Словам, настройвала вучняў, каб і мы нешта сваё пісалі. А раз прыйшлі да нас члены літаб’яднання “Плынь”, што пры газеце “Сельская праўда”…
Тут на хвіліну перапыню Андрэеў аповед і ўдакладню, як пра тое наведванне напісала раёнка: сустрэча адбылася ў сакавіку 1971 года, да навучэнцаў школы-інтэрната прыходзілі Віталь Канавалюк, Мікола Горба і Ніна Чыкіта.
– Госці прачыталі свае творы, – працягваў расказваць Андрэй, – а потым і нас папрасілі, каб паказалі сваё. Помніцца, вершы чыталі Люба Андруховіч і Ніна Макарук, а я – сваё сачыненне, якое пахваліла настаўніца. Госці забралі нашы, так бы мовіць, творы, а пасля яны з’явіліся ў паласе “Плынь”. Маё сачыненне журналісты перарабілі ў апавяданне…
Вельмі добра, што члены літаб’яднання чула аднесліся да пробы пяра юных, падтрымалі першыя крокі, таму мы сягоння маем харошага паэта Андрэя Мазько. Няхай Люба і Ніна не звязалі свайго жыцця з літаратурай, але й яны аберагаюць добрую кнігу, цэняць роднае слова.
Андрэю Іванавічу ў радасць, што нарэшце свята пісьменства прыйшло на яго малую радзіму, што тут памятаюць імя слаўнага сына Янаўшчыны Напалеона Орды, што прайшла пара бяспамяцтва, калі знішчылі магілу “палескага Напалеона” – кампазітара і педагога, мастака і пісьменніка. Пра гэты звярыны здзек над прахам земляка напісаў Андрэй Мазько ў вершы “На месцы магілы Наполеона Орды”:

Ці было гэта помстай, ці карай,
Ці сівой рытуальнасцю ўсё ж…
Яго косці святою ахвярай
Кінуў лёс пад бульдозерны нож…
І магілу яго зруйнавалі
Не гады – чалавек-ліхадзей…

Колькі смутку і болю ўклаў у гэтыя радкі аўтар! Сёння зусім іншыя адносіны да вялікага сына з Янаўшчыны: ягоны помнік з’явіўся ў Іванаве, аб ім з цеплынёй і гордасцю гавораць землякі. Не апошнюю ролю ў вяртанні Орды на Радзіму адыграў і Андрэй Мазько. І на Дні беларускага пісьменства імя “палескага Напалеона” будзе на вуснах кожнага.
На здымках: сёння цэнтральную вуліцу Іванава ўпрыгожвае помнік Напалеону ОРДЗЕ;
аўтар гэтых радкоў у час сустрэчы на фестывалі “Лунінская восень” з адметным паэтам Андрэем МАЗЬКО.