СТАРАСТЫ: ПЕРШЫЯ Ў ВЁСЦЫ
Гэтак шчыра гаворыць Аляксей Садоўнічык – стараста адразу дзвюх суседніх вёсак Свішчы і Барздзілы. Калі летась-пазалетась у нашай газеце існавалі творчыя праекты “Кропка на карце” ды “Вёсачка, жыві!”, так атрымалася, што рэдакцыйны “жыгулёнак” некалькі разоў абмінаў гэтыя населеныя пункты, размешчаныя на самай поўначы раёна. Аднак цікавасць да невялічкіх каларытных вёсачак, якія вабілі сваім спакоем і парадкам, не знікала. Таму калі зараз распачаўся новы праект, прысвечаны сельскім старастам, мы хутка накіраваліся ў Свішчы, дзе жыве і свой сад-агарод вядзе Аляксей Садоўнічык. Чалавек ён вельмі працавіты і ў свае семдзесят тры гады не можа сядзець без занятку. А сярод спраў, што ляжаць на плячах Аляксея Іванавіча, асобнае месца займаюць клопаты пра жыхароў Свішчоў ды Барздзілаў.

Сустрэча каля веснічак
Яго хату людзі ніколі не абмінаюць: нехта сваю праблему нясе, іншы – са сваім клопатам ідзе. Лічыце, большую частку жыцця Аляксей Іванавіч прысвяціў роднай гаспадарцы, якая спачатку насіла імя Чапаева, а цяпер гэта ААТ “Вазнясенскі”. Ужо пару гадоў мінула, як па стане здароўя ветэран працы выйшаў канчаткова на заслужаны адпачынак. Але нават гэтай вясной каля веснічак ягонай хаты аднойчы спынілася машына. З яе выйшла дырэктар сельгаставарыства Надзея Кандрацюк. Надзея Рыгораўна павіталася з гаспадаром хаты. І так душэўна прамовіла, што аж сэрца трошкі зашчыміла:
– Чакаем, чакаем вас, дарагі Аляксей Іванавіч, вяртайцеся да працы, без вас яна цяжка робіцца.
Захацелася паціснуць руку дырэктару за такія прыемныя словы, але ж Аляксей Іванавіч толькі прамовіў скрушна:
– Надзея Рыгораўна! Балячкі мяне адолелі… Якая ўжо праца? Гэта ж сельская гаспадарка, дзе ўсё няпроста і адказна. Тут не бывае канца ў справы. На досвітку пойдзеш з хаты, позняй ночкай вяртаешся. Такі рытм і маладому бывае нялёгка асіліць…
Дырэктар паехала, а Садоўнічык доўга яшчэ стаяў на двары, успамінаючы падрабязнасці задушэўнай размовы. А яшчэ міжволі згадаў свой доўгі жыццёвы і працоўны шлях.
Паўвекавы працоўны шлях
Прыкладам для Алёшы з маладых гадоў быў тата-франтавік. Іван Садоўнічык са сваіх Свішчоў пайшоў на вайну ў 18 гадоў, а вярнуўся моцна памужнелым. Служыў Радзіме салдат нават тады, калі адгучалі апошнія сполахі Вялікай Айчыннай вайны. Гады, калі ён быў далёка ад роднага парога, ветэран вайны не акругляў, сыну казаў:
– Доўга я адсутнічаў. Спачатку ваяваў, да Германіі дайшоў, дзякуй Богу, ніводная куля не зачапіла. Мо родныя мае добра маліліся ў царкве і манастыры ў Вяжным на Пружаншчыне. Потым чужую гаспадарку адраджаў… На сваю часу не было, бо знаходзіўся ў далёкім краі шэсць гадоў сем месяцаў і яшчэ дванаццаць дзён.
Кожную хвіліну ён лічыў да вяртання дамоў. А як вярнуўся пераможцам, дык заслаў сватоў на суседні двор да Лідзіі, дачкі Рыгора Федарчука. Той таксама ваяваў, але ж загінуў на фронце. Імя яго і зараз захоўваецца на абеліску ў Агародніках, у кнізе “Памяць” ды ў памяці блізкіх людзей.
У сям’і Івана і Лідзіі Садоўнічыкаў хутка пачалі нараджацца дзеці. Першай на свет прыйшла старэйшая дачка Валя, а за ёю тры сыны – Аляксей, Сяргей, Мікола. Жылі дружнай сям’ёй, аб’яднанай агульнай сялянскай працай, да якой бацькі рана далучылі дзяцей. Але ж дарослыя клапаціліся і пра тое, каб дачка і сыны раслі адукаванымі. Тыя ўсе вывучыліся ў васьмігодцы ў родным сяле. Яе былое месцазнаходжанне Аляксей Іванавіч ахвотна паказвае ды згадвае сваіх былых педагогаў: дырэктара Аляксея Нібелюка, яго жонку Надзею Яўгенаўну, а яшчэ – настаўнікаў Свішчоўскай школы Марыю Кунашка ды Філіпа Качурку. І праз 60 год застаюцца памятнымі іх урокі, бо яны не проста прадметам вучылі, але і ў жыццёвых сітуацыях часам станавіліся добрым прыкладам.

Аднак Аляксей Садоўнічык выдатна разумеў, наколькі патрэбна вялікай сям’і яго дапамога, таму атэстат сталасці ўжо атрымоўваў у вячэрняй школе. Юнак рана, у пятнаццаць гадоў, пачаў пісаць сваю працоўную біяграфію. Успамінае, як пасвіў калгасны маладняк. Тады, у 60-я гады мінулага стагоддзя, пастух меў заробак не за тое, што дзень да вечара пільнаваў рагуляў. Важна было, наколькі каровы набіралі вагу. Алёша моцна стараўся, і вынік атрымаўся выдатны. Ужо за першы месяц пастушок зарабіў 310 рублёў – вялізныя па тагачасных мерках грошы. Задумаўся, як іх патраціць. Душа ляжала да тэхнікі, вось і купіў сабе матацыкл “Мінск М-105” айчыннай вытворчасці. Акрамя таго, ад ваенкамата вывучыўся на вадзіцеля і трапіў, як у песні пяецца, служыць у горад Балагое, “дзесьці паміж Ленінградам і Масквой”. Вярнуўся Аляксей Садоўнічык з арміі не адзін, а з нявестаю Валяй. Яна была сіратой, паходзіла з Верхняга Валачка, дзе тры чвэрці жыхароў былі жаночага полу – працаўніцамі ткацкай фабрыкі. Такім чынам, 1973 год стаў для Аляксея Іванаваіча знакавым. З таго часу ён са сваёй Валянцінай Пятроўнай жыве ў Свішчах. Хоць абодва нарадзіліся ў маі, ды, насуперак народнай прыкмеце, зусім “не маюцца”, а жывуць, наадварот, у паразуменні ды працы. Апошнія пару дзясяцігоддзяў Аляксей Садоўнічык быў начальнікам вытворчага ўчастка ў ААТ “Вазнясенскі”. Працаваў заўжды сумленна.
Аднак не аднойчы давялося перанесці сур’ёзныя аперацыі, не раз перамагаў болі. Даўно рашуча адхіліў ад сябе ўсе дрэнныя звычкі.
– Няма для мяне ні цыгарэт, ні гарэлкі. І з людзьмі стараюся паступаць па-людску. Вось і яны дабром мне стараюцца аддзячыць.
З людзьмі – па-людску
Такая думка прагучала яшчэ раз з вуснаў старасты, калі ён знаёміў з мясцовымі жыхарамі. Насуперак болям сваёй душэўнасцю Аляксей Садоўнічык гатовы штодня дзяліцца з кожным. Бывае, запражэ сваю Лыску ды, як “Мароз-ваявода дазорам абходзіць уладанні свае”. Ведае кожнага і ў родных Свішчах, і ў суседніх Барздзілах. Для абедзвюх вёсак ён ужо гадоў дваццаць стараста. Мае сяброўскія зносіны, калі той прыязджае на лецішча, з самым вядомым свішчоўскім нараджэнцам Іванам Марозам. За свае працоўныя дасягненні Іван Паўлавіч адзначаны на самым высокім узроўні. Ён быў абвешчаны кавалерам ордэнаў Пашаны і Айчыны III ступені, а таксама стаў Ганаровым грамадзянінам Кобрынскага раёна.
На сённяшні дзень найстарэйшым нараджэнцам Свішчоў з’яўляецца наш герой. 14 мая Аляксей Іванавіч адсвяткаваў свае 73-я ўгодкі. А праз пару тыдняў віншаванні з днём нараджэння атрымоўвала ад родных і яго жонка. За паўвека Валянціна Пятроўна канчаткова прыжылася на жабінкаўскай зямлі, якая даўно стала другой радзімай. Жанчына ўзяла ў рукі вялікую карціну, на якой захаваўся памятны момант: 12 ліпеня 2023 года – свята Пятра і Паўла, калі Садоўнічыкі святкавалі залатое вяселле. На той юбілей сабралі ў свішчоўскай хаце самых дарагіх гасцей. Прыехаў з Вежак сын Аляксей Аляксеевіч з нявесткаю Ірынай, прыхапілі з сабой пяць унукаў ды чацвёра праўнукаў. Да слова, гэтым багаццем Аляксей Іванавіч і Валянціна Пятроўна асабліва ганарацца. Што характэрна, у кожным пакаленні вялікай сям’і ёсць носьбіты імені Аляксей. Загінаючы пальцы, наш герой палічыў з задавальненнем:
– Прадзед (гэта, значыцца, я), а яшчэ – мае сын, унук ды праўнук. Гэткім чынам зараз жывуць на свеце чатыры Аляксеі Садоўнічыкі.
Найстарэйшы з іх працягвае знаёмства з вёскамі і вяскоўцамі:
– Нас, карэнных жыхароў, засталося ў Свішчах пяць чалавек ды яшчэ ў Барздзілах – чацвёра, людзі яны ў асноўным пажылыя. За такімі патрэбны асаблівы нагляд. Аднак паселішчы, асабліва Свішчы, нельга назваць запусцелымі. Дамоў пустых няма. Актыўна абжываюцца так званыя дачнікі з Брэста і Кобрына. Нехта хату купіў, а ў асноўным дзеці бацькоўскую спадчыну ў вёсцы маюць.
Цікаўлюся, калі патрабуецца дапамога ад старасты, і чую ў адказ:
– Як святло патухне ці з вадой нейкая праблема – усе сюды звяртаюцца, адрас мой кожнаму знаёмы. Дапамагаю, чым магу.
Быў такі выпадак. Неяк кусты абляпіхі дарогу загарадзілі – дзвюм машынам не размінуцца. З ініцыятывы старасты жыхары вырашылі пачысціць гэтае месца. Папрацавалі на радасць ды з карысцю.
Заўсёды на кантролі ў Аляксея Садоўнічыка забеспячэнне землякоў прадуктамі. Усялякі раз пры сустрэчы з Аляксеем Іванавічам старшыня Крыўлянскага сельвыканкама Святлана Пешка перш-наперш цікавіцца, ці па графіку прыязджае аўтамагазін. Калі нечага раптам не хапае, дастаткова пакінуць заяўку. Яна будзе выканана неадкладна. І са смеццем у вёсках парадак. За яго вывазам пільна сочыць Жабінкаўская ЖКГ. Пра тое стараста гаворыць:
– Лепш і не прыдумаеш. Кожную пятніцу прыходзіць машына, якая забірае смецце. Адчуваеш, наколькі прыемна жыць сярод парадку.
Адзначым таксама, што і самі жыхары клапоцяцца аб чысціні на роднай зямлі. Дастаткова было Аляксею Іванавічу крыху паўшчуваць: “Хлопцы, ужо трава ля хат узнялася вышэй за плот. Каса з ранку на волю просіцца”, як аднавяскоўцы прыслухаліся да заўвагі, хутка прыбраліся паблізу дамоў і на сваіх участках.
І зрабілі гэтак найперш таму, што вельмі паважаюць Аляксея Садоўнічыка, якому ўжо шмат гадоў давяраюць быць старастам – першым адразу ў дзвюх вёсках.
БЛІЦ З НАШЫМ ГЕРОЕМ
– Які час найбольш вабіць вас?
– Відаць, перыяд жніва. Люблю летнюю пару, асабліва час уборачнай, калі каласы зернем напоўненыя і тое зерне ракою, морам цячэ. Вось дзе хараство!
– А калі выпадае вольная часіна, чым любіце займацца?
– Адпачываць у жыцці рэдка даводзілася. Нават цяпер, калі ўрачы кажуць нічога цяжкага не падымаць, не магу сядзець без справы. Трэба далей па свеце тупаць.
– Ці маеце любімае свята?
– Мабыць, на Вялікдзень асабліва радасна. Бачу, якія ўсе шчаслівыя. Ад таго і мне кавалак агульнага шчасця дастаецца, бо дом маладымі галасамі напаўняецца – унукі, праўнукі прыязджаюць.
– А ежа якая падабаецца?
– Як здаровы, я ўсяядны. А калі хварэю, дык нічога ў горла не лезе.
– Мабыць, любіце жывёлу?
– А як жа! Асабліва коней. Трымаю іх гадоў трыццаць. Былі ў мяне за гэты час Воран, Машка, Оля, Шэры, а зараз ласкавая Лыска мне памочніца ў гаспадарцы.
– Што хочаце пажадаць чытачам?
– Здароўя кожнаму і міру ўсім на зямлі!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
