Ёсць у другой гарадской школе… яшчэ адна школа, а дакладней ШАГ — школа актыўнага грамадзяніна, дзе крок за крокам юнакі і дзяўчаты пашыраюць свой кругагляд, рыхтуюцца да далейшага дарослага жыцця, пазнаюць азы розных прафесій, сустракаюцца з цікавымі субяседнікамі. У чацвер, 21 студзеня, адбылася чарговая сустрэча з госцем, які завітаў са сталіцы.
Што стварае будучыню?
— Даўно хацеў пабачыць ваш цудоўны край, — такімі словамі пачаў размову начальнік упраўлення прававой і кадравай работы канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Аляксандр Герасенка.
Што прымусіла госця адолець сотні кіламетраў, якія аддзяляюць Жабінку ад сталіцы? Найперш вельмі хацелася на ўласныя вочы пабачыць наш “цукровы раён”, уплецены ў сістэму роднага канцэрна, а галоўнае — паразмаўляць з дзесяці- і адзінаццацікласнікамі, якім вось-вось рабіць свой адказны жыццёвы выбар.
Месца сустрэчы, як гаворыцца, змяніць было нельга, паколькі Жабінкаўскі цукровы завод — важная часцінка Белдзяржхарчпраму. З прадпрыемствам звязаны многія жыхары райцэнтра, нават цэлыя сямейныя дынастыі.
— На заводзе працуе шмат нашых выпускнікоў, — пацвердзіла, са свайго боку, дырэктар школы Ірына Кашчэва. — Пасля школы яны ахвотна звязваюць свой лёс з перапрацоўчай прамысловасцю. Сувязь паміж другой гарадской і заводам заўжды непарыўная. На ўзроўні рэспублікі нашы дзеці паспяхова выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях з матэрыяламі, прысвечанымі гісторыі ды сучаснаму развіццю роднага завода. Акрамя таго, мы ахвотна запрашаем спецыялістаў на заняткі па прафарыентацыі. Ветэраны прадпрыемства таксама нашы частыя госці. Напрыклад, сёлета на першавераснёўскай лінейцы прысутнічаў былы дырэктар завода, Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна Генадзь Іванавіч Вялько.
Натуральна, далейшая размова тычылася месца і ролі ў эканоміцы краіны канцэрна “Белдзяржхарчпрам”. Аднак спачатку Аляксандр Уладзіміравіч нагадаў, што ўсялякая вытворчасць цесна звязана з навуковымі дасягненнямі, а напрыканцы сту-дзеня па традыцыі будзе адзначацца Дзень беларускай навукі. Госць зазначыў, якім шпаркім шляхам гэта сфера чалавечай дзейнасці прайшла ад савецкіх часоў, калі Беларусь называлі “зборачным цэхам Саюза”, да нашых дзён, калі, у адрозненне ад многіх іншых постсавецкіх краін, Рэспубліка Беларусь здолела захаваць і памножыць сваю навуку. У выніку моцны штуршок для развіцця атрымалі не толькі традыцыйныя, але й новыя яе напрамкі — атамная, сонечная энергетыка, айцісфера, здольная прыносіць значныя сродкі ў бюджэт краіны. Адным словам, менавіта навука стварае будучыню.
Пра соль ды цукар. І не толькі
З бачным захапленнем Аляксандр Герасенка распавядаў пра справы роднага Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці, заснаванага напрыканцы 90-х. Вось ужо два дзясяткі гадоў той непасрэдна падпарадкаваны ўраду. Яго рознабаковую прадукцыю добра ведаюць не толькі ў Беларусі, але й далёка за яе межамі — у Арменіі і Грузіі, Казахстане і Кыргызстане, Латвіі і Польшчы, Расіі і Украіне, дзе існуюць асобныя прадстаўніцтвы. Прадукты карыстаюцца попытам у спажыўцоў, якія даўно ацанілі якасць беларускіх тавараў.
Сёння Белдзяржхарчпрам — гэта асноўны вытворца харчовай прадукцыі, якая ўключае сотні найменаванняў. Напрыклад, кожны не толькі чуў, але і мог паспытаць на смак саладосці ад “Камунаркі”, “Спартака”, “Слодыча” ці “Чырвонага харчавіка”. Нават у сучасным моры канкурэнцыі яны прывабліваюць сваёй якасцю.
Усяго канцэрн аб’ядноўвае сорак заводаў і фабрык, з іх чатыры — цукровыя. Зараз на постсавецкай прасторы працуе 50 такіх прадпрыемстваў, айчынныя (а сярод іх і жабінкаўскі завод) заўсёды ў лідарах. Наш цукар вельмі добры, аднак, на жаль, як заўважыў госць, пакрысе скарачаюцца рынкі, на якіх некалі дамінавалі беларускія вытворцы і іх тавары, ёсць істотная залежнасць ад сусветнай кан’юнктуры.
— Найбольш прыбытковыя, як раней казалі, флагманы вытворчасці — “Мазырсоль” і “Гродзенская тытунёвая фабрыка”. Яны істотна папаўняюць бюджэт, што дазваляе выконваць, між іншым, і важныя сацыяльныя праграмы, — паведаміў Аляксандр Уладзіміравіч. — Няма ніводнай вобласці, дзе адсутнічаюць нашы вытворчасці. З гонарам і адказнасцю кажу: нашы прадукты — найлепшыя!
У тым ліку, дадамо, канцэрн шырока прадстаўлены на Брэстчыне, дзе яго прадпрыемствы ёсць у горадзе над Бугам, Іванаве, Маларыце, Драгічыне і, вядома, у Жабінцы.
Такім чынам, Белдзяржхарчпрам прадстаўляе асноўныя галіны харчовай і перапрацоўчай прамысловасці Беларусі: цукровую і кандытарскую, алейна-тлушчавую і кансервавую, алкагольную і півавараную, тытунёвую і харчканцэнтратную.
У час размовы госць неаднаразова падкрэсліваў, што харчовая прамысловасць стратэгічная. Яна будзе запатрабаваная заўсёды, а таму заклікаў юнакоў і дзяўчат пасля заканчэння школы звязваць з ёю свой далейшы лёс.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымку: Аляксандр ГЕРАСЕНКА на сустрэчы з вучнямі СШ № 2.
