Два маладыя жабінкаўцы – сябрукі Ш. і Д. – замест таго, каб вучыцца ў інстытуце, знаёміцца з прыгожымі дзяўчатамі, планаваць сямейнае жыццё, сваімі ж рукамі ставілі крыж на будучыні. 25-гадовыя хлопцы захапіліся наркотыкамі. Спачатку “балаваліся” марыхуанай, гашышам. Потым захацелася больш сур’ёзных адчуванняў, і ў сетцы інтэрнэт адшукалі чарговы наркатычны сродак. Прадавец псіхатропнага рэчыва пад лірычнай назвай “альфа-PVP”, вырабленага недзе ў азіяцкіх краінах, абяцаў процьму нязведаных эмоцый. Хлопцы загарэліся і набылі. Хутка “тавар” быў дастаўлены ў дамоўленае месца. Ш. і Д. адшукалі “закладку”, і ўжо ад нецярпення паціралі рукі, уяўлялі, як будуць вечарам ужываць наркотык і разглядваць у начным небе зоркі Альфу ды Амегу Цэнтаўра.
Аднак рана радаваліся. Не паспелі хлопцы яшчэ і дадому дабрацца, як іх з “пакупкай” на аўтатрасе М1-Е30 затрымалі супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку, АДАІ, АМОН. Псіхатропны сродак вагою 0,4464 грама канфіскаваны, а супраць хлопцаў узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 328 КК РБ. Ім пагражае турэмны тэрмін ад 2 да 5 гадоў.
Аляксандр ХІВУК, оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Жабінкаўскага РАУС.
Главные новости
