Алена Шыла – лепшы інспектар інспекцыі па справах непаўнагадовых у Жабінцы

“Гэты вопыт неацэнны” — так лічыць капітан міліцыі Алена Шыла, якая днямі вярнулася з рэспубліканскіх спаборніцтваў “Лепшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх”.

З праваахоўнымі органамі Алена Іванаўна звязала свой лёс у 2009 годзе, калі прыйшла на службу ў Жабінкаўскі аддзел Дэпартамента аховы. Скончыўшы Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, яна атрымала юрыдычную адукацыю. Са жніўня 2018 года па сённяшні дзень Алена Шыла – інспектар інспекцыі па справах непаўнагадовых у горадзе-спадарожніку.

У сёлетнім маі яна прыняла ўдзел у абласным этапе конкурсу інспектараў, дзе заняла другое прызавое месца. Гэта, прызнаецца Алена Іванаўна, стала нечаканасцю нават для яе самой. Усё ж удзельнічала ў прэстыжным спаборніцтва ўпершыню – і адразу такі поспех!

Гэты поспех стаў пуцёўкай у фінал, што ладзіўся ў Мінску на базе Цэнтра падрыхтоўкі кадраў МУС.

Такім чынам, капітан міліцыі Алена Шыла сустракала ў сталіцы сваё прафесійнае свята – Дзень супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх, што адзначаўся 19 чэрвеня.

Рэспубліканскі этап складаўся з тэарэтычнай і практычнай частак і заняў цэлы тыдзень. Было шмат конкурсаў, у тым ліку па страявой, фізічнай, агнявой падрыхтоўцы. Давялося прадэманстраваць нават аратарскае майстэрства.

– Іспыты былі няпростымі, – прызнаецца наша суразмоўца. – Аднак галоўнае, што я атрымала вялікі, неацэнны вопыт. Ён будзе карысным у жыцці, бо набыты не толькі каштоўныя веды, але й з’явіліся новыя сябры ў розных кутках Беларусі. Вельмі цікава было абмяняцца вопытам з калегамі з іншых абласцей. Такім чынам, пачэрпнута шмат такога, што спатрэбіцца ў маёй далейшай працы.

У гэтым шчыра жадаем інспектару інспекцыі па справах непаўналетніх далейшых поспехаў. Тым больш, што ёй, маме траіх дзяцей, даводзіцца мець справы з непаўнагадовымі і на працы, і дома. Як гаворыцца, 24/7.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота з сямейнага архіва Алены ШЫЛА

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылкеhttps://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.