Штогод у веснавую пару Жабінкаўшчыну наведвае рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, каб праверыць, наколькі выконваецца ў арганізацыях і на прадпрыемствах заканадаўства. Сёлета група на чале з галоўным тэхнічным інспектарам працы Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Паўлам Фядотавым знаходзілася ў раёне 25 сакавіка. Гэты дзень правялі ў рэйдзе разам з Паўлам Аляксандравічам, які пабываў у ААТ “Вазнясенскі”, Белтэлекоме і аддзяленні паштовай сувязі “Жабінка-1”.
Палі дачакаліся сейбіта
Нездарма ў народзе кажуць: “Вясна высявае, лета збірае, зіма паядае”. У гэтым прыродным кругавароце — няпісаны закон жыцця, якому спрадвеку падпарадкаваны вяскоўцы. Яго цудоўна ведаюць у “Вазнясенскім”. І не толькі ведаюць, але й няўхільна выконваюць. Бо разумеюць, наколькі залежыць будучы ўраджай ад гэтых веснавых дзён. Таму ўжо ў лютым уся тэхніка была належна адрамантавана, прыведзена, так бы мовіць, у баявую гатоўнасць, і з 16 сакавіка яна ў полі, якое пасля зімняга адпачынку зачакалася свайго аратага.
Кіраўнік сельгаставарыства Надзея Кандрацюк пазнаёміла гасцей з гаспадаркай, якая на добрым рахунку не толькі ў раёне, але і вобласці.
Разам пабывалі ў рамонтна-тэхнічнай майстэрні. Яшчэ на падыходзе ў вочы кінуўся надпіс, змешчаны на будынку: “Майстэрня — кузня ўраджаю!” З бачным гонарам Надзея Рыгораўна распавядала, што майстэрня неаднойчы прызнавалася найлепшай. Жанчына-кіраўнік згадала і сёлетні ўласны поспех: менш чым за тыдзень да прыезду прафсаюзных тэхінспектараў Надзея Кандрацюк была абвешчана пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2020”. Аднак паехаць па ўзнагароду ў сталіцу не атрымалася, бо “сталіца” нечакана прыехала сама… у асобе міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко. У той дзень, 20 сакавіка, Іван Іванавіч наведаў шэраг прадпрыемстваў Брэстчыны, у тым ліку і “Вазнясенскі”.
— Гэты экзамен вытрымалі годна, не падвялі ні сябе, ні раён, ні вобласць, — заўважыла Надзея Рыгораўна. — Па выніках сустрэчы адбылася змястоўная размова, карысная для вяскоўцаў. Ведаеце, наколькі прыемна было пачуць з вуснаў міністра ацэнку ў наш адрас: “Ваша праца — на сусветным узроўні!” Разам з тым, пасля такіх слоў адчуваеш, якая вялікая адказнасць ускладаецца на кожнага працаўніка гаспадаркі.
Наведваючы майстэрню, дзе панавалі чысціня і цішыня (тэхніка, вядома ж, на палявых работах, але парадак захоўваецца, як у добрай гаспадыні ў хаце), Павел Фядотаў, са свайго боку, заўважыў:
— Бачна, што гэта не рабілася спецыяльна да нашага прыезду, адчуваецца пэўная сістэма і дысцыпліна.
Разам з госцем прайшлі ў вучэбны клас, у якім працаўнікі чэрпаюць веды па тэхніцы бяспекі. Пазнаёміліся з умовамі іх адпачынку, прынамсі, наведалі пакой прыёму ежы, душавую. Увесь час побач знаходзілася інжынер па ахове працы “Вазнясенскага” Ірына Чэчун. Малады спецыяліст паказала Паўлу Аляксандравічу дакументацыю, што тычыцца аховы працы, прадэманстравала спраўныя алкатэстары, з дапамогай якіх штораніцы механізатары праходзяць кантроль перад тым, як сесці за руль машын і трактароў.
Далейшы шлях — туды, дзе гул сяўбы, дзе гукі механізмаў. У полі, адразу за Стаўпамі, аратыя шчыруюць, адорваюць зямлю ячным зернем. Паблізу дарогі, завяршыўшы чарговае кола па веснавой глебе, спыняецца магутны “Джон Дзір”. Мабыць, для механізатара Васіля Мельніка зусім нечакана, што сёння яго вадзіцельскія правы, пуцёўку, наяўнасць вогнетушыцеля ды аптэчкі будзе правяраць сам галоўны тэхнічны інспектар працы абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Аглядам Павел Фядотаў задаволены, вяртаючы дакументы механізатару, не прамінае пажадаць сейбіту паспяховай працы, каб сёлетні ўраджай стаў рэкордным, і пры гэтым не адбывалася ніякіх надзвычайных сітуацый.
Пасля вяртання ў райцэнтр маніторынг прадоўжыўся ў Жабінкаўскім раённым участку Кобрынскага занальнага вузла электрасувязі. Тут сваю справаздачу перад правяраючым трымалі начальнік участка Дзмітрый Дзямчук і яго намеснік Юрый Ігнатовіч, інжынер па тэхніцы бяспекі і старшыня прафкама Анатоль Каранчук. Завяршыў свой рэйд галоўны тэхнічны інспектар працы ў аддзяленні паштовай сувязі “Жабінка-1”, дзе праверыў адпаведную дакументацыю ў прысутнасці начальніка аддзялення Ірыны Прыступы і начальніка аддзела аховы працы Аляксандра Пінчука.
“У аснове бяспекі — веды!”
Такое выслоўе можна было прачытаць у вучэбным класе па тэхніцы бяспекі “Вазнясенскага”. Нездарма Павел Фядотаў і раней, і зараз не стамляецца паўтараць:
— Наша задача — не толькі праверыць і выявіць нейкія парушэнні заканадаўства аб ахове працы, але і навучыць, падказаць, што рабіць, каб іх не было.
Таму дэвіз, які мы пабачылі ў Вежках, бяруць на ўзбраенне і тэхнічныя інспектары працы абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Кожны іх маніторынг — як падсумаванне — завяршаецца традыцыйна ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Сюды на чарговы семінар-нараду былі запрошаны кіраўнікі прадпрыемстваў, спецыялісты па ахове працы, старшыні прафсаюзных камітэтаў.
Пасяджэнне адкрыў кіраўнік раёна Віталь Кулак. Ён нагадаў, што маніторынгам былі ахоплены 11 арганізацый і прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны. Акрамя ўжо пералічаных, гэта сельскія гаспадаркі “Арэпічы”, “Рагазнянскі” і “АграАзяты”, цэнтральная райбальніца, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторый “Буг”, Жабінкаўская дыстанцыя пуці і ДРБУ-103. Віталь Уладзіміравіч прадставіў тэхнічных інспектараў, якія працавалі ў раёне. Акрамя Паўла Фядотава, гэта Сяргей Конюшка (ад прафсаюза работнікаў АПК), Андрэй Бранавец (ахова здароўя), Альберт Харлаў (ад прафсаюза работнікаў галін прамысловасці “Белпрафмаш”), Леанід Вайтовіч (транспарт і камунікацыі). Кіраўнік раёна заўважыў: у іх ёсць магчымасць не толькі распавесці пра тое, што рэйдавая група пабачыла, працуючы на Жабінкаўшчыне, але й параўнаць з іншымі раёнамі, падказаць нейкія лепшыя прыклады, якія можна ўкараніць і ў нас.
Прадстаўнікі рэйдавай групы цалкам скарысталіся гэтай магчымасцю, далі ў асноўным станоўчую характарыстыку ахове працы ў арганізацыях, якія правяраліся. Найбольш разгорнута па тэме семінара-нарады выступіў Павел Фядотаў. Ён падкрэсліў, што найперш прадстаўнікоў групы цікавіла, як узаемадзейнічаюць прафсаюзныя актывісты з наймальнікамі, якую карысць прафсаюзная работа нясе чалавеку працы. Выступоўца з задавальненнем зазначыў:
— У вашым раёне работа па ахове працы пастаўлена на вельмі высокім узроўні. Бачна, што ў гэтым зацікаўлены ўсе бакі.
Разам з тым, патрэбна больш уважліва звяртацца да Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы”, прынятага 28 чэрвеня 2020 года. Выкананне яго — абавязковае, каб не паўтаралася сумная мінулагодняя статыстыка, калі Брэстчына апынулася на трэцім месцы (пасля Мінска і Мінскай вобласці) па колькасці загінулых на вытворчасці і на другім радку, саступіўшы толькі сталіцы, — па траўматызму з цяжкімі вынікамі.
Павел Аляксандравіч асобна спыніўся на некаторых навацыях, якія прыўнёс у жыццё новы закон. Так, цяпер наймальнік абавязаны садзейнічаць навучанню па спецыяльнай праграме інспектараў па ахове працы. Зменены назвы праверак ведаў па ТБ, іх стала тры: пярвічная, перыядычная, пазачарговая. Акрамя таго, медыцынскія агляды зараз таксама аплочваюцца наймальнікамі асоб, якія прымаюцца на працу.
Рысу пад размовай падвёў Віталь Кулак, які падкрэсліў, што толькі сумесна, працуючы дзеля бяспекі людзей, магчыма палепшыць іх дабрабыт і ўкараніць усе нормы бяспекі.
Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара
На здымках: Павел ФЯДОТАЎ правярае пуцявыя лісты ў механізатара з “Вазнясенскага”; шчырая размова ў раённым участку электрасувязі.

