Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Юрый ШУЛЕЙКА звярнуў увагу, што Брэсцкая вобласць на дзве трэці забяспечвае сыравінай Жабінкаўскі цукровы завод. Паступова пасяўныя плошчы пад буракі ў рэгіёне павялічваюцца. Напрыклад, цяпер у вобласці пад сяўбу салодкіх караняплодаў выдзелена 20 тысяч гектараў. “Налетась будзем дадаваць яшчэ каля тысячы гектараў, можа, больш. Нам трэба сабраць як мінімум 1,1 мільёна тон цукровых буракоў, каб завод працаваў з нагрузкай і забяспечыў цукрам не толькі Брэстчыну”, — адзначыў Юрый Шулейка.
Дарэчы, у пачатку пасяўной аграрыяў турбаваў недахоп вільгаці. Снегапад у пачатку красавіка і далейшыя дажджы гэтыя трывогі развеялі. Ёсць запас вільгаці, каб нармальна працягвалася вегетацыя.
У нашым раёне таксама ўключыліся ў сяўбу цукровых буракоў. Так, напрыклад, у ААТ “Жабінкаўскі” запланавана пасеяць 260 гектараў салодкіх каранёў. Каторы год запар з гэтай задачай на выдатна спраўляецца Аляксандр МАНДРА. На яго працу можна любавацца — пасля сеялкі радкі роўныя і ўзыходы дружныя. Дарэчы, летась на мясцовы завод рупліўцы “Жабінкаўскага” адправілі 17 тысяч тон салодкай сыравіны. У калектыве спадзяюцца, што і сёлета збяруць не менш.
Таццяна АЛОЎЧЫК
Главные новости
