Пра грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення ішла размова на дыялогавай пляцоўцы, якая адбылася на базе Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
У адкрытым дыялогу прынялі ўдзел дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу Анатоль Шалтанюк і Ганна Кулагіна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вера Бортнік, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 Таццяна Казей, метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама Юлія Барысавец, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Кацярына Андрасюк і старшакласнікі першай і трэцяй гарадскіх школ.
Каардынатар дыялогавай пля-цоўкі — дырэктар Жабінкаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ірына Ганчар — падрыхтавала цікавую прэзентацыю, з дапамогай якой прысутныя паразважалі пра асаблівасці сучаснага пакалення моладзі, эфектыўныя формы і метады работы з ёй, пра тое, што кожны ўкладвае ў паняцце “патрыятызм” і ці з’яўляецца патрыётам сваёй краіны. Юнакі выказалі адносіны да службы ў войску і яе значэння ў жыцці кожнага маладога чалавека, заўважылі, што служыць Айчыне, на іх погляд, ганарова і прэстыжна. Дзяўчаты адказалі на пытанне, адкуль звычайна чэрпаюць інфармацыю і колькі часу прысвячаюць чытанню друкаваных, а не электронных выданняў. Усе разам паразважалі пра ўплыў інтэрнэту на маладыя розумы.
На дыялогавай пляцоўцы гаварылася і пра ролю сям’і, школы і маладзёжных аб’яднанняў у грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Старшакласнікі падзяліліся, што бацькі выхоў-ваюць іх на прыкладзе дзядуляў, бабуль і іншых продкаў, якія працавалі ўсё жыццё на карысць Радзімы, ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы сваю Бацькаўшчыну.
Намеснікі кіраўнікоў па выхаваўчай рабоце ў сваіх установах Ганна Кулагіна і Таццяна Казей выказаліся, што галоўная задача ўсіх накірункаў патрыятычнага выхавання — выхаваць у дзяцей усвядомленае пачуццё любові да Радзімы. Пры гэтым у патрыятычныя мерапрыемствы неабходна дадаць інтэрактыўнасці, візуальнасці, выка-рыстоўваць у тым ліку і кінематограф, і інтэрнэт у якасці пляцоўкі для розных праектаў, якія будуць выхоўваць любоў і павагу да роднай Бацькаўшчыны.
Дэлегат народнага форуму, член Савета Рэспублікі нашай краіны, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк нагадаў маладым людзям пра дасягненні і здабыткі Беларусі за гады незалежнасці і заклікаў цаніць і шанаваць тое, што маем.
У завяршэнне мерапрыемства прысутныя сышліся на думцы, што такі фармат сустрэч дазваляе весці канструктыўны дыялог, узнімаць сапраўды актуальныя пытанні, абменьвацца меркаваннямі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара



