Расследаванню рознабаковых, часам самых заблытаных спраў прысвечана дзейнасць супрацоўнікаў Следчага камітэта, якія заўжды стаяць на варце закону і спакою грамадзян у роднай дзяржаве.

Пра тое цудоўна ведае намеснік начальніка Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксей Струк. Для Аляксея Іванавіча справа, якой прысвечана амаль чвэрць веку жыцця, была марай з юнацкіх гадоў: яшчэ калі ён вучыўся ў гімназічным класе з матэматычным накірункам у СШ №3, узнікла жаданне выбраць жыццёвую дарогу, што дазволіць стаяць на абароне чалавечага спакою. Хоць раней ніхто ў яго сям’і не працаваў у праваахоўных органах, мара прывяла ў рэшце рэшт жабінкаўца ў Акадэмію МУС. Ён выбраў следча-экспертны факультэт, а пасля заканчэння ў 2000 годзе вярнуўся на малую радзіму, дзе ўладкаваўся следчым у Жабінкаўскі РАУС, а затым стаў начальнікам папярэдняга расследавання. Нарэшце з моманту ўтварэння Следчага камітэта Аляксей Струк – намеснік начальніка раённага аддзела, што выяўляе і раскрывае злачынствы, а таксама папярэджвае парушэнні закону, якія толькі задумваюць нячыстыя на руку асобы.
Больш чым за два дзясяткі гадоў Аляксей Іванавіч неаднаразова пацвярджаў свой прафесіяналізм і, як вынік, яго праца шматкроць адзначалася граматамі і лістамі падзякі ад вышэйшага кіраўніцтва Следчага камітэта і Жабінкаўскага раёна. Найвышэйшай узнагародай, што ёсць у яго скарбонцы, стаў медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені.
За такі працяглы час службы ў органах следства праз рукі Аляксея Струка прайшло безліч крымінальных спраў – агульную іх колькасць цяпер, мабыць, нельга нават палічыць. І ўсё ж некаторыя, найбольш цікавыя, і сёння застаюцца ў памяці, нягледзячы на гады, што прайшлі з тае пары.
Прыкладам, Аляксей Іванавіч згадвае пра выпадак, які адбыўся ў самым пачатку службы. На дарозе Жабінка – Камянец здарылася аварыя. Уранку, але ўжо ў светлую пару, вадзіцель легкавога аўтамабіля “Мерседэс” наехаў на пешахода. На жаль, трагедыя пад коламі мела найгоршы з магчымых вынікаў – чалавек загінуў на месцы. Замест таго, каб спыніцца, высветліць стан пацярпелага ды аказаць яму хоць нейкую дапамогу, кіроўца націснуў на газ і хутка з’ехаў прэч. Як толькі стала вядома пра яго ўчынак, на месца дарожна-транспартнага здарэння выехала следча-аператыўная група пад кіраўніцтвам Аляксея Струка. Неадкладна і якасна следчыя выявілі і зафіксавалі сляды, пакінутыя пры ДТЗ, агледзелі загінулага мужчыну. Імгненна быў уведзены “План-перахоп”, каб літаральна па гарачых слядах затрымаць злачынцу на колах. Дарэмна той спадзяваўся, што застанецца без пакарання. Мінула зусім не шмат часу, як супрацоўнікі ў пагонах спынілі вадзіцеля на дарозе. Пачаўся допыт. Парушальнік закону, з аднаго боку, вымушаны быў прызнацца, што насамрэч наехаў на чалавека. Аднак, каб пазбегнуць адказнасці, высунуў сваю версію, як усё адбывалася тым трагічным ранкам. Між іншым, вадзіцель “Мерседэса” сцвярджаў, што не заўважыў пешахода, паколькі за рулём раптоўна адчуў сябе блага і нават страціў прытомнасць. Гэта нібыта і перашкодзіла яму своечасова заўважыць чалавека, які рухаўся ўздоўж праезнай часткі дарогі. У праваахоўнікаў такія тлумачэнні адразу выклікалі сумненні – у словах парушальніка адчувалася няшчырасць. Каб вывесці злачынцу на чыстую ваду, следчым давялося прызначыць не адну экспертызу. Прынамсі, вывучаліся медыцынскія дакументы вадзіцеля, праводзіўся допыт спецыялістаў-медыкаў з Брэсцкай абласной бальніцы. Следства цікавіла, ці можа сапраўды вадзіцель з дыягназам, які меў удзельнік ДТЗ, гэтак раптоўна страціць прытомнасць ды згубіць кантроль падчас руху аўтамабіля. Калі ў час комплекснай экспертызы былі супастаўлены словы медыкаў і злачынцы, а таксама высновы, да якіх прыйшло следства на падставе дадзеных, атрыманых пры следчых эксперыментах, выявілася: вадзіцель насамрэч спрабуе ўвесці ў зман. У выніку яго віна была даказана, а крымінальная справа накіравана ў суд, які вынес справядлівы прыгавор.
Аляксей Іванавіч таксама заўважае, што зараз нярэдка супрацоўнікам Следчага камітэта даводзіцца сутыкацца з кібер-злачыннасцю, а таксама крадзяжамі камп’ютараў – настолькі шырока яны ўвайшлі ў наша жыццё. У памяці захаваўся адзін з такіх выпадкаў. Тады не толькі ў Жабінкаўскім, але і ў іншых раёнах краіны актыўна дзейнічала злачынная група, якая нажывалася на падобных крадзяжах. Найчасцей зламыснікаў цікавілі камп’ютары ў розных арганізацыях. Пасля налётаў не раз гучала сігналізацыя, і следчыя спяшаліся на месцы здарэнняў, каб выявіць сляды незаконнай дзейнасці. Аднак, нездарма ў народзе гаворыцца: колькі вяровачцы не віцца, а вынік заўсёды аднолькавы – арышт і суд. Тут і выявілася, што па ўсёй рэспубліцы налічвалася каля сотні эпізодаў незаконнай дзейнасці гэтай арганізаванай групы, чатыры разы са сваімі злачыннымі намерамі яны непасрэдна наведваліся і ў наш раён. За тое зламыснікі, вядома, панеслі пакаранне.
Ва ўсіх гэтых і падобных справах свой прафесіяналізм нязменна дэманструюць следчыя, якія карпатліва збіраюць доказы віны тых, хто пераступіў мяжу закону. Іх працу нельга пераацаніць. Таму напярэдадні прафесійнага свята Аляксей Струк з прыемнасцю выказвае падзяку калегам:
– Хочацца пажадаць добрага настрою супрацоўнікам Следчага камітэта, нашым паважаным ветэранам, усім разам і кожнаму асобна, хто мае адносіны да нашай няпростай і адказнай службы. Захоўвайце моцнае здароўе, няхай вам заўсёды спрыяюць поспехі і натхненне ўва ўсіх прафесійных пачынаннях.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
