Канікулы — час актыўнага адпачынку не толькі для вучняў, але і іх настаўнікаў. Летняя пара дазваляе аздаравіцца, далучыцца да прыгожага, папоўніць свае веды аб родным краі. А для гэтага патрэбна далучацца да вандровак, падобных да той, што нядаўна ладзілі прафсаюзы.
— У суботу, 26 чэрвеня, сорак чатыры прадстаўнікі школ, дзіцячых садзікаў, раённага карэкцыйна-развіццёвага цэнтра (на здымку) пры падтрымцы райвыканкама выправіліся на сустрэчу з мінулым, арганізаваным прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі, — паведаміла старшыня галіновага прафсаюза Людміла Валетава. — Гэткім чынам нашы педагогі змаглі здзейсніць вандроўку па гісторыка-культурных мясцінах Беларусі. Многія з падарожнікаў былі заахвочаны гэтай цікавай паездкай за паспяховы ўдзел сваіх вучняў і выхаванцаў у прэстыжных алімпіядах, розных навукова-практычных конкурсах і спаборніцтвах, працу ў летніх аздараўляльных лагерах, якія дзейнічалі ў чэрвені.
На шляху змястоўнай турыстычнай вандроўкі апынуліся сапраўдныя архітэктурныя зоркі краіны — Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль і Мірскі замак — колішнія рэзідэнцыі вяльможных Радзівілаў і Сапегаў, унесеныя ў Спіс сусветнай гістарычнай і культурнай спадчыны, складзены ЮНЕСКА.
Ад наведвання цудоўных мясцін жабінкаўскія педагогі на доўгі час атрымалі натхненне, наталілі цікавасць, пашырылі кругагляд. У чарговы раз яны пераканаліся, наколькі непаўторная краіна пад белымі крыламі, дзе сапраўды ёсць чым і кім ганарыцца.
Анатоль РОСТАЎ
Главные новости
