Ад Жабінкі да Брэста за 70 капеек

Аўтамабільныя і чыгуначныя зносіны паміж Брэстам і Жабінкай наладжаны даўно. А днямі сацыяльныя сеткі і месенджары абляцела навіна: абласны і раённы цэнтры з 17 снежня звяжа новы аўтобусны маршрут. Пра тое паведаміў у сваім Telegram-кана-ле старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. Мэр горада над Бугам заверыў, што кошт паездкі будзе такі ж, як кошт талона на ўнутрыгарадскіх перавозках, — 70 капеек.

Пацікавілася ў жыхароў Жабінкі, як яны аднесліся да гэтай навіны.
Злата ЦУПА:
— Гэта будзе проста цудоўна, калі паміж Жабінкай і Брэстам пачнуць хадзіць аўтобусы. Тым больш па такім прывабным кошце. Я вучуся ў 10 класе абласнога ліцэя імя Машэрава. Штодзённа дабіраюся пешшу ад дома да вакзала ў Жабінцы, потым цягніком да горада над Бугам і тралейбусам — да ліцэя. Нязручна, дый па кошце 1 рубель і 44 капейкі атрымліваецца толькі ў адзін бок. А бывае, што маршруткай даводзіцца вяртацца дадому — а гэта ўжо два з паловаю рублі. А так усяго за 70 капеек можна будзе даехаць ад дома да вучобы, фактычна ля хаты сесці, непадалёк ад ліцэя выйсці. Нехта скажа, што 50 хвілін (шлях аўтобуса ў дарозе) — гэта многа. Паверце, на маршрутцы або цягніком плюс тралейбусам мы трацім не менш часу. Дарэчы, толькі ў маім “В” класе вучацца трое юнакоў і дзяўчат з Жабінкі. А колькі ў іншых класах, а колькі нашых землякоў навучаецца ў брэсцкіх універсітэтах! Лічу, што жадаючых дабірацца аўтобусам будзе процьма.
Валянціна ЛАНЦАВА:
— Гэтая вестка вельмі ўзра-давала. Многія жыхары райцэнтра працуюць у Брэсце. Гавораць, маршрут прадуманы так, каб раніцай ім было зручна дабірацца на месца работы, а вечарам апошнім рэйсам на 17.50 дадому ў Жабінку. Такім аўтобусам можна будзе даехаць да абласной бальніцы, цэнтральнага рынка, аптэкі, оптыкі, каб заказаць акуляры… Ды ці мала па якіх яшчэ патрэбах жабінкаўцы ездзяць у Брэст, а берасцейцы — да нас? Я — абедзвюма рукамі за! Такі аўтобус патрэбен!
Дзмітрый (фатаграфавацца адмовіўся):
— Гэта задумка з аўтобусам, на мой погляд, недаўгавечная. Месяц-два пакурсіруе — і ўсё. Раней хадзіў аўтобус Жабінка — Брэст, і дзе ён? Ёсць чыгунка, цягнікі да абласнога цэнтра ходзяць даволі часта, кошты на іх танныя. Ездзяць маршруткі: ля дома сеў, па патрэбным адрасе выйшаў. Я адназначна не буду карыстацца аўтобусам Жабінка — Брэст, аддаю перавагу паяздам.
Таццяна МАРТЫНАВА:
— Выдатная навіна! Прачытала, што маршрут аўтобуса будзе праходзіць праз цэнтральныя вуліцы Жабінкі і Брэста, мікрараён бальніцы, былыя Шчэглікі. Гэта вельмі зручна: людзям не трэба думаць, як дабрацца да чыгуначнага вакзала, каб паехаць цягніком фактычна за той жа кошт. Маршрутка — гэта нятаннае задавальненне, асабліва для навучэнцаў і студэнтаў. Многія жабінкаўцы вучацца ў спартыўнай школе ў Брэсце, у абласным ліцэі, каледжах і ўніверсітэтах. Калі ўлічыць, што ў Жабінцы ў наступным годзе плануецца будаўніцтва шматкватэрнага дома для берасцейцаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то і жыхарам Брэста стане зручна дабірацца ў Жабінку не толькі цягніком, але й аўтобусам.
Апытанне правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК