Ад лічыльнікаў да камп’ютараў

Тры дзясяткі гадоў адпрацавала ў аддзеле статыстыкі Ірына Мяшковіч. За гэты час яна праявіла сябе сапраўдным прафесіяналам, прафсаюзным лідарам і проста харошым чалавекам.

Марыла ў лірыкі, трапіла ў статыстыкі

У 1971 годзе ў Жабінцы адкрыўся новы будынак першай гарадской школы, куды Іра Баран пайшла ў першы клас. Дасюль з замілаванасцю Ірына Аляксееўна, цяпер ужо Мяшковіч, згадвае сваю першую настаўніцу Ганну Аляксееўну Сяльскову, якая была для сваіх выхаванцаў сапраўды другой мамай.
Дзяўчына вельмі хацела быць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Гэтыя прадметы выкладала Вера Паўлаўна Грыцук. Падабалася і беларуская літаратура. Любоў да роднага слова прывіла Вольга Рыгораўна Бензярук.
— Дасюль, бывае, — з усмешкай гаворыць Ірына Мяшковіч, — працую на сваім агародзе і раптам пачынаю чытаць верш Маякоўскага “Таварышу Нетэ, параходу і чалавеку” альбо згадваю цудоўныя радкі: “І недзе ў космасе будуць прывабна цвісці, як у нас, іх дзявочыя яблыні…”
Спрабавала пасля школы паступаць у Брэсцкі педінстытут, ды не хапіла зусім крышачку балаў. Таму ўладкавалася ў сельгастэхніку, была інжыне-рам сувязі ў дыспетчарскай. Завочна займалася ў Пружанскім сельскагас-падарчым тэхнікуме, вывучаючы аграномію. У гэты час адбыліся змены і ў асабістым жыцці, калі Ірына сустрэла электрыка Мікалая. Паміж маладымі хутка прабегла зусім не электрычная іскра, у выніку 21 мая 1983 года яны сталі мужам і жонкай. У шлюбе нарадзіліся сын і дачка.
Прафесія эканаміста для Ірыны Аляксееўны пэўным чынам спадчынная. Калі бацька Аляксей Афанасьевіч некалі ўзначальваў у раёне электрасеткі, дык мама Наталля Лазараўна працавала эканамістам у аддзеле статыстыкі.
14 ліпеня 1986 года, альбо 35 гадоў таму, Ірына Мяшковіч пачала таксама працаваць у гэтым аддзеле. Вы цяпер і ўявіць не можаце, з чаго яна пачынала! Маці перадала дачцэ лічыльнікі — дарагія, лакіраваныя, быццам з чырвонага дрэва зробленыя. І вось на гэтым “камп’ютары” яна спачатку па-заліхвацку і працавала. Касцяшкі рухаліся жвава — дзялілі, складвалі, аднімалі, выводзілі працэнты… Ды яшчэ па тэлетайпе, лічы, штодня Ірына Аляксееўна адсылала справаздачы ў Брэст. А затым — у 12 экзэмплярах множыла зводкі розных органаў улады на хуткаснай друкавальнай машынцы. Гэтыя дадзеныя шмат каму былі патрэбныя, бо нярэдка лічбы могуць сказаць больш за словы.
Час мінаў і нёс з сабою змены. Яшчэ ўчора, здаецца, ты “царыца лічыльнікаў”, а сёння ўжо асвоіла калькулятар, на змену якому з 2000 года прыйшлі камп’ютары.
Раней у дзень справаздач на ціхую вуліцу Будзённага, дзе знаходзілася статыстыка, адна за другой пачыналі пад’язджаць і ад’язджаць машыны: з усіх без выключэння прадпрыемстваў і ўстаноў раёна на папяровых носьбітах прывозілі статыстычныя справаздачы. У 2005 годзе — чарговая навацыя: пераход да электроннай формы статсправаздач. І ўсё гэта праходзіла праз рукі Ірыны Мяшковіч і яе калег, абраблялася і перасылалася далей у вобласць.

Добрыя словы пра калег

Пра тых, з кім давялося працаваць на працягу дзесяцігоддзяў, Ірына Аляксееўна гаворыць з
удзячнасцю і цеплынёй. З першага дня яна ўлілася ў невялікі, але надзвычай дружны калектыў. Узначальвала яго тады Любоў Ярмашук. Чалавек шырокай душы, Любоў Іванаўна да кожнай сітуацыі падыходзіла з разуменнем. Вельмі зблізілі Ірыну Мяшковіч не толькі прафесійныя інтарэсы, але і па-сапраўднаму сяброўскія адносіны з Таісіяй Крысюк і Валянцінай Дубінай. Практычна аднаго ўзросту, яны прыблізна разам прыйшлі на працу ды і дзяцей нараджалі амаль “сінхронна”, а потым жанілі, выдавалі замуж, сумесна адзначалі святы, а калі выпадала, і праводзілі разам на той свет родных ды блізкіх.
Больш за 15 гадоў Ірына Аляксееўна працавала пад кіраўніцтвам Галіны Казак, якая прыйшла на месца Любові Ярмашук, калі тая ўзначаліла раённую падатковую службу.
Сённяшнім калектывам кіруе Алена Асадчая. Яна ўжо больш за два дзясяткі гадоў прысвяціла працы ў аддзеле статыстыкі Жабінкаўскага раёна, з іх апошнія восем — на начальніцкай пасадзе. У поўнай меры сваёй правай рукой Алена Анатольеўна лічыць намесніцу Вераніку Гарус. Акрамя таго, у аддзеле ёсць два спецыялісты па абследаванні хатніх гаспадарак — Ала Смалюк і Валянціна Шалянкова. Адчуваецца, што кожны на сваім месцы, бо аддзел працуе, як зладжаны механізм. Вобразна кажучы, у руках гэтых жанчын — важныя лічбы, якія з усіх бакоў характарызуюць Жабінкаўшчыну.
Непасрэдна наша гераіня больш за дваццаць гадоў займаецца такой надзвычай адказнай сферай, як жывёлагадоўля і заработная плата.
Алена Анатольеўна заўважае:
— Думаю, кожны ў нашым раёне ведае, што менавіта Ірына Аляксееўна вядзе гэтыя накірункі. Яна заўсёды добразычліва, падрабязна, аператыўна дасць свае кансультацыі.
З першага дня і на працягу ўсіх 35 гадоў Ірына Мяшковіч узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю аддзела статыстыкі.

Сямейная “статыстыка”

А што, як Зошчанка казаў, на сямейным фронце?
Сын Аляксандр звязаў сваё жыццё з будаўніцтвам, дачка Вольга жыве ў Драгічынскім раёне, працуе на зямлі.
Дзеці падаравалі бацькам унукаў: у Сашы — сын Аляксандр-меншы, які вельмі любіць бабулі дапамагаць ежу гатаваць. Таму тая нярэдка гаворыць ласкава:
— Будзеш, Сашка, поварам!
Дачка Вольга — шматдзетная маці, цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку: разам з Насцечкаю і Сярожам яна гадуе малую Анечку, якой у маі споўніліся два гады.
Сапраўднае захапленне для Ірыны Аляксееўны — каты, асабліва белыя пушысцікі. А яшчэ яна вельмі любіць пакланіцца зямлі: мае вялізны агарод і кожную восень клянецца калегам:
— Усё! Палову засаджваць не буду.
А як прыйдзе вясна — зноў на градках буяюць не чартапалох са свірэпаю, а выключна культурныя расліны. Яшчэ і апраўдваецца гаспадыня:
— Я ж расаду вырасціла? Вырасціла. Дык як цяпер яе выкінуць? Трэба садзіць! Я так лічу…
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: Ірына МЯШКОВІЧ: пачынала з лічыльнікаў, а зараз працуе на камп’ютары.