Ад хлебнай нівы — да камбікармоў

У чацвер 8 ліпеня на жабінкаўскую зямлю завітала свята: камбікормавы завод сустрэў аўтамабіль з першым ураджаем сёлетняга года і распачаў перапрацоўчы сезон. Гучнымі апладысментамі віталі прысутныя “МАЗ” з ААТ “Вазнясенскі”, які прывёз залаты азімы ячмень.
Урачыстасці гэтай падзеі дадавала выступленне аркестра Кобрынскага Палаца культуры і міні-тэатра песні і гумару Крыўлянскага СДК “Спявай, душа”. Каб свята атрымалася, пашчыравалі-пастараліся работнікі раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы і камбікормавага завода. Выступоўцы ўсхвалялі працу нястомных рупліўцаў хлебнай нівы і работнікаў перапрацоўчай прамысловасці. Бо, як вядома, хлеб пачынаецца з зярняці і дзякуючы працавітым чалавечым рукам становіцца пышным духмяным караваем.
Гэтыя водарныя сімвалы міру, жыцця і дабрабыту дзяўчаты ў гожых беларускіх строях уручылі дырэктару камбікормавага завода Ігару Лабадзе як гаспадару свята, а таксама ганаровым гасцям: першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандру Кучынскаму, намесніку кіраўніка раёна Андрэю Кузьмічу, старшыням Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандру Саланевічу і раённага — Любові Каберна.
З паклонам і пашанай прыняла каравай і дырэктар ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк. Ужо стала добрай штогадовай традыцыяй, што менавіта гэта гаспадарка першай прывозіць збожжа новага ўраджаю на перапрацоўку і з’яўляецца лідарам жніва.
Надзея Рыгораўна падзякавала хлебаробам за шчырую працу і выказала спадзяванне, што ў “Вазнясенскім” сёлета збяруць ураджай не горшы за мінулагодні — а летась ураджайнасць зерневых склала 67 ц/га.
Кіраўнік гаспадаркі разам з вадзіцелем Уладзімірам Дземідовічам прынялі віншаванні і цёплыя пажаданні, а затым не ўтрымаліся ды пусціліся ў скокі з караваямі ў руках.
Радасны настрой панаваў і ва ўсіх прысутных. І нагода для яго сапраўды была — старт уборачнай кампаніі на Жабінкаўшчыне. Гучалі пажаданні аграрыям, каб надвор’е спрыяла, нівы былі шчодрымі, а каравай — багатым, важкім і, магчыма, рэкордным.
Як заўважыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Кузьміч, Жабінкаўскі камбікормавы завод — гэта важнае звяно аграпрамысловага комплексу, своеасаблівы пасрэднік паміж вытворцамі сыравіны і спажыўцамі. Да пачатку ўборачнай кампаніі прадпрыемства падышло са станоўчымі вытворча-эканамічнымі паказ-чыкамі: вырасла выручка, аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, павялічылася заработная плата працаўнікоў.
Аб тым, што на камбікормавым заводзе клапоцяцца ў першую чаргу пра людзей, гаварыў і кіраўнік абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч. Ён прыгадаў, што з прадпрыемствам у яго даўняе сяброўства і супрацоўніцтва, а дырэктару падзякаваў за ініцыятыву правядзення ўрачыстага адкрыцця перапрацоўчага сезона.
Распачаўся гарачы час жніва, у кожнай гаспадарцы лік ідзе не на дні — на гадзіны. Бо трэба не толькі абмалаціць збожжа, але й адвесці яго з поля на ток. І калі на шчодрых нівах у асноўным рупяцца мужчыны, то на заводзе золата з палёў сустракаюць працавітыя жанчыны. Лепшыя з іх былі адзначаны каштоўнымі падарункамі. Ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК віншаванні прымалі началь-нік элеватара Тамара Болдык, таксіколаг Святлана Карабан і аператар працэсу перапрацоўкі зерня Іна Зінковіч. Райкам галіновага прафсаюза ўзнагародзіў старшага майстра Святлану Трыфанаву і аператара Вольгу Лысюк.
А галоўны эканаміст прадпрыемства Іна Гаўрысюк (дарэчы, гераіня газетнай публікацыі да прафесійнага свята “Амаль штогод — усё больш узнагарод”) адзначана Пісьмом падзякі старшыні абласнога камітэта эканомікі.
Атрымаў падарункі і ўвесь калектыў завода ў цэлым: мікрахвалевую печ ад абласнога камітэта галіновага прафсаюза, электрачайнік — ад раённага. Уручаючы апошні прафсаюзнаму лідару прадпрыемства Аксане Яхалкоўскай, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Любоў Каберна пажадала завадчанам міру, дабра і росквіту.
Старт жніву дадзены! Жабін-каўскія аграрыі ведаюць: з маленькага зернетка пачынаецца магутнасць і сіла краіны. Яны не дадуць прапасці дарэмна ні аднаму зярняці.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара