4 снежня наша вобласць будзе святкаваць чарговы свой адметны юбілей — 80-я ўгодкі з дня ўтварэння. З’яўленне напрыканцы 1939-га на карце краіны новай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі – прыкметная падзея ў палескім краі. Аднак да гэтай даты спатрэбілася прайсці гістарычны шлях працягласцю амаль у тысячу гадоў.
ПЕРШЫЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ўтварэнні на нашых землях сягаюць у часы княстваў, аб’яднаных вакол Берасця ды Пінска, што сталі цэнтрамі краю ў ХІ стагоддзі. Пра іх значнасць на шляху паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі, што захоўваюцца ў абласным краязнаўчым музеі.
Наступны важны крок адбыўся ў 1566 годзе, калі ўтварылася Берасцейскае ваяводства і горад над Бугам стаў буйным адміністрацыйным цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ваяводства праіснавала два стагоддзі, калі пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай апынулася ў 1795 годзе ў складзе Расійскай імперыі.
Гэты гістарычны перыяд завяршыўся з пачаткам Першай сусветнай вайны. У жніўні 1915 года Брэст з наваколлямі занялі кайзераўскія войскі. У выніку ваеннага ліхалецця і рэвалюцыйных падзей, што ахапілі многія еўрапейскія краіны, паводле Брэсцкага і Рыжскага мірных дагавораў адбыліся падзелы нашых земляў. У 1921-м заходняя частка Брэстчыны адышла да Польшчы.
“За польскім часам” Брэст-над-Бугам (як цяпер звалі сталіцу Палескага ваяводства) стаў палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам краю. Карты таго перыяду сведчаць: ваяводскія межы ў значнай ступені супадалі з межамі сучаснай вобласці. Гэтак пакрысе вымалёўвалася тэрыторыя Брэстчыны.
1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Першым актам гэтай агульначалавечай трагедыі стаў напад Германіі на Польшчу. Брэстчына адразу апынулася ў коле вайны: ужо на трэці тыдзень ліхалецця горад над Бугам быў акупаваны фашысцкімі войскамі. 17 верасня, у памятны гістарычны дзень, Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. У выніку ўся Заходняя Беларусь у пачатку лістапада 1939-га ўвайшла ў склад Беларускай ССР і стала часткаю Савецкага Саюза.
Той год у многім стаў пераломным для тутэйшых жыхароў. На іх вачах адбываліся карэнныя пераўтварэнні і зрухі, пакрысе мяняўся (асабліва з пачаткам калектывізацыі) жыццёвы ўклад, праводзілася нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў, банкаў, панскіх земляў. Гэтак пачынаўся савецкі этап гісторыі Брэстчыны. Аднак час пераўтварэнняў перарваўся 22 чэрвеня 1941 года, калі гітлераўская Германія напала на СССР. Адным з сімвалаў гераізму і мужнасці ў пачатковы этап Вялікай Айчыннай вайны стала абарона Брэсцкай крэпасці.
У першыя тыдні вайны тэрыторыя Брэстчыны была акупавана ворагам, які літаральна адразу сутыкнуўся з адчайным супраціўленнем. Жабінкаўцы памятаюць, што ўжо на трэці дзень вайны, 25 чэрвеня 1941 года, у Старасельскім лесе быў сфарміраваны першы на тэрыторыі Беларусі партызанскі атрад. Неўзабаве ён атрымаў імя Міхаіла Чарнака – аднаго са стваральнікаў атрада, актыўнага ўдзельніка партызанскага руху на Брэстчыне. Найбольш масавым партызанскі рух становіцца з вясны 1942-га, а ўлетку 1944 года дзеянні атрадаў і буйных злучэнняў народных мсціўцаў сталі цесна звязаны з наступленнем Чырвонай Арміі, якая моцна крушыла ворага на франтах.
У гэты час на Брэстчыне актывізавалася антыфашысцкае падполле, якое мела прыкметны ўплыў і ў Жабінцы. У выніку акупанты былі вымушаны кінуць значныя сілы на баявыя і карныя аперацыі супраць партызан. Пры гэтым моцна пакутавала мірнае насельніцтва. Назаўсёды для нас застанецца сімвалам вялікай трагедыі лёс вёскі Драмлёва і яшчэ соцень населеных пунктаў Брэсцкай вобласці, што былі знішчаны ў гады вайны.
Тэрыторыя Брэсцкай вобласці была ачышчана ад ворага ў 1944 годзе ў ходзе летняй наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі. 28 ліпеня, пасля вызвалення Брэста, фашыстаў канчаткова “выкінулі” за Буг.
Пачынаўся новы перыяд у гісторыі краю – час аднаўлення і далейшага развіцця.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: макет старажытнага Берасця, якое паслядоўна было цэнтрам княства, ваяводства, а сёння вобласці.

