Ад Дона шырокага да Беларусі сінявокай

Анатоль БЕНЗЯРУК.

15 лістапада адзін з найбольш вядомых педагогаў раёна Васіль Веніямінавіч Кузьмін (на здымку) адсвяткаваў свой сямідзясяты дзень нараджэння. Яго жыццёвы шлях, распачаты на берагах некалі гэтак прыгожа апетага Міхаілам Шолахавым ціхага Дона, аднойчы і назаўжды быў паяднаны з тым куточкам сінявокай Беларусі, што завецца Жабінкаўшчынай.
ДОМ КУЗЬМІНЫХ стаяў спрадвеку на самым беразе велічнага Дона. Род меў трывалыя казацкія карані. Не адно пакаленне Кузьміных змагалася за сваю зямлю, сям’ю ды Радзіму. Васілёў бацька Веніямін Пятровіч таксама сапраўдным героем вярнуўся ўлетку сорак пятага з Вялікай Айчыннай. Ягоны сын Васіль нарадзіўся ўжо пасля вайны. Дасюль малодшы Кузьмін з гонарам успамінае, што бацькавы грудзі ўпрыгожваў вельмі шаноўны салдацкі медаль “За адвагу”, які атрымлівалі тыя, хто не шкадаваў сябе ў баі, першым узнімаючыся ў атаку.
Васіль Веніямінавіч некалі хацеў прысвяціць сябе мору, і яго мара часткова збылася, калі давялося паслужыць на флоце. Гэта было за Палярным кругам. Пасля вяртання ў родную станіцу Трох-Астраўскую юнак упершыню паспытаў няпростага настаўніцкага хлеба, пачаўшы выкладаць фізкультуру ў мясцовай школе.
Тут і ў асабістым жыцці маладзёна адбыліся моцныя перамены. Бо сустрэў Васіль Валянціну, якая працавала ў Трох-Астраўской бальніцы. Дзяўчына прыехала сюды, на бераг Дона, з далёкай Беларусі і неўзабаве паланіла сэрца казака. У хуткім часе той прапанаваў ёй сваю руку.
У 1972-м сям’я пераехала на Пружаншчыну, скуль паходзіла Валянціна Сяргееўна. Першым прыпынкам для Васіля на беларускай зямлі стала вёска Поланск. Жонка ўзначаліла тутэйшы фельчарска-акушэрскі пункт, а сам Кузьмін працягваў пісаць уласную “педагагічную паэму”. Адначасова настаўнік вучыўся ў Валгаградскім дзяржаўным інстытуце фізічнай культуры. Ягоныя імпэт і любоў да спорту перадаваліся вучням, і неўзабаве яны сталі мацнейшымі ў раённых спаборніцтвах “Старты надзей”.
Чарговая запамінальная дата ў жыцці Васіля Кузьміна і ягонай сям’і — жнівень 1974 года, калі яны пераехалі на сталае жыццё ў Вялікія Якаўчыцы. І вось ужо мінулі сорак чатыры гады, як гэты населены пункт стаў для Кузьміных другой радзімай, дзе абжыліся, займелі людскую павагу, да гэтай зямлі літаральна сэрцам прыкіпелі.
Для Васіля Веніямінавіча знаёмства з Якаўчыцамі прынесла задавальненне з першага дня. Тут вабіла ўсё: і людзі, і праца. Адразу са сваімі вучнямі пачаў аднаўляць школьную пляцоўку. Паступова набывалі новы інвентар. Так, шмат было зроблена сваімі рукамі, не без гонару заўсёды прыгадвае Кузьмін. Дапамагалі, вядома, і мясцовая гаспадарка — калгас “Прамень”, і аддзел адукацыі. Як жа не любіць гэтае месца, калі менавіта ў родных (цяпер ужо назаўжды!) Якаўчыцах прыйшло да Васіля Веніямінавіча сапраўднае прызнанне. Вышэйшая ацэнка яго шматгадовай працы — знак “Выдатнік адукацыі”, а грамат і дыпломаў, прыдбаных на настаўніцкай ніве, — і палічыць не бяромся!
Памятаеце, што некалі, у дзяцінстве і юнацтве, наш герой меў мару — узысці аднойчы на капітанскі мосцік? Пэўным чынам у сухапутнай Беларусі гэтае даўняе жаданне збылося. Паколькі Васіль Кузьмін вядомы яшчэ ў адной сваёй важнай іпастасі.
У верасні 1982 года ён узначаліў педагагічны калектыў тагачаснай Якаўчыцкай дзесяцігодкі і доўгі час быў на чале гэтага школьнага “карабля”, які штогод выпраўляўся ў бязмежнае мора ведаў. Усяго “капітанам” на гэтым “судне” яму давялося быць больш за чвэрць веку, а калі дакладней ажно 27 гадоў. За гэты час было нямала зроблена, каб вучэльня штогод адчыняла дарогу ў шырокі свет перад новымі пакаленнямі выпускнікоў. Вядома ж, і гаспадарчых спраў у дырэктара хапала, каб кожны год двухпавярховы школьны дом выглядаў прывабна, а дзеці атрымлівалі не толькі добрыя веды, але й харчаванне. Дзеля таго, каб прыходзілі ў класы разумныя камп’ютары ды было цёпла і ўтульна вучыцца і вучыць.
Таму і зараз не абмінае былы дырэктар школу, з якою звязана больш чым палова жыцця, шчыра радуецца, калі сённяшнія педагогі сваімі справамі працягваюць добры шлях, пракладзены папярэднікамі, у ліку якіх быў і застаецца дырэктар і Настаўнік з вялікай літары Васіль Веніямінавіч Кузьмін.