Сёння праваслаўныя, каталіцкія і ўніяцкія вернікі адзначаюць свята цудатворнага абраза Бялыніцкай Божай Маці — аднаго з найбольш вядомых у Беларусі.
Час узнікнення святыні невядомы, але традыцыйна лічыцца, што яна існавала ўжо ў Х стагоддзі. Захавалася нямала паданняў, звязаных з гэтым абразом Божай Маці.
У адным расказваецца, як у час пагрому Кіева ханам Батыем манахі ратаваліся ад ардынцаў, прыхапіўшы з сабой старажытную святыню. Свой доўгі шлях інакі завяршылі на рацэ Друць, дзе заснавалі мужчынскі манастыр і царкву святога Ільі Прарока. Штоноч, распавядае легенда, ад іконы пачало зыходзіць незвычайнае ззянне, ад якога ўсё навокал станавілася белым. Таму мястэчка, дзе быў узведзены манастыр, нібыта і атрымала назву Бялынічы.
Існуе і каталіцкая версія паходжання іконы. Манахі-кармеліты распавядалі, быццам напісаў яе ў Бялыніцкім кляштары анёл — пасланец Божы.
Гісторыкі, са свайго боку, схільныя лічыць, што цудатворны абраз намаляваны прыкладна ў 1635 годзе невядомым жывапісцам. Праз два дзясяткі гадоў кармеліты перавезлі ікону ў Ляхавіцкі замак. Калі летам 1660-га паспалітае войска здолела зняць доўгую аблогу замка, які імкнулася захапіць армія цара Аляксея Міхайлавіча, гэта дасягненне было прыпісана чароўнай сіле Бялыніцкага абраза Божай Маці, перад якім быў выкананы гімн “Цябе, Бога хвалім”.
Ікона заставалася ў Ляхавічах яшчэ стагоддзе, пакуль у 1760-м урачыста не вярнулася ў Бялынічы. З гэтай нагоды цэлы тыдзень працягвалася свята, абраз з дазволу Папы Рымскага Бенядзікта ХІV быў ганарова каранаваны.
У 1876 годзе адбылася перадача Бялыніцкага касцёла з цудатворнай іконай Рускай Праваслаўнай царкве. Пры савецкай уладзе храм быў зачынены. Абраз апынуўся ў Магілёўскім абласным музеі, дзе захоўваўся разам са славутым Крыжам Ефрасінні Полацкай. Сляды абедзвюх святыняў губляюцца з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.
Глыбокая пашана беларусаў да цудатворнай Бялыніцкай іконы знайшла адлюстраванне ў створаных шматлікіх жывапісных копіях, якія беражліва захоўваюцца ў хрысціянскіх храмах. Перад абразом Найсвяцейшай Багародзіцы моляцца аб вылячэнні ад хвароб ды суцяшэнні ў скрусе.
Зараз найбольш блізкімі да арыгінала лічацца копіі сярэдзіны XVII стагоддзя, у тым ліку адна з іх паходзіць з вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна.
На іконе паказана паясная выява Маці Божай, якая трымае Немаўлятка і скіпетр, галава Багародзіцы крыху нахілена да Божага Дзіцяці. Хрыстос у левай руцэ трымае дзяржаву, а правай бласлаўляе. Яго галава ў каралеўскай кароне трохі адкінутая. Наверсе два крылатыя анёлы карануюць Дзеву Марыю.
Традыцыйны іканапісны звод у Бялыніцкім абразе Божай Маці спалучаецца з рысамі рэнесанснага жывапісу.
