Рэспубліканскі суботнік аб’яднаў на карысную справу многіх беларусаў. Выйсці з рыдлёўкамі, граблямі, пэнздлямі ці фарбамі і навесці парадак там, дзе жывем, — абавязак кожнага, каму мілы і дарагі родны край.
У мінулую суботу працоўныя дэсанты Жабінкаўшчыны “высадзіліся” ў гарадскім парку і лесапаркавай паласе ля бальніцы. Непадалёку ад стадыёна зграбалі апалую лістоту і фарбавалі лавачкі у летнім амфітэатры работнікі камунальнай службы. Побач, у парку, наводзілі парадак супрацоўнікі райвыканкама. Прадстаўнікі раённага аддзела па адукацыі, якія шчыравалі пад кіраўніцтвам Іны Тарасевіч, узброеныя граблямі, літаральна да абеду ачысцілі ад леташняй лістоты тэрыторыю каля будынкаў былой санстанцыі.
— У суботніках заўжды прымала ўдзел, — кажа падчас кароценькага перапынку Наталля Андрасюк. — І зараз з ахвотаю з калегамі накіравалася на даручаны ўчастак. Узяла свае любімыя пластыкавыя граблі: яны вельмі зручныя і надзвычай лёгкія. Літаральна за некалькі гадзін мы з дзяўчатамі вунь колькі лістоты зграблі! Калі ўсё вывезуць, такая любата будзе! Прыемна бачыць, як родны горад на вачах прыгажэе. Галоўнае, каб дождж нас не прагнаў.
Дожджык, які спорна пачаў марасіць, хутка “перадумаў” і сцішыўся, таму працы не замінаў.
Дарэчы, частка арганізацый наводзіла парадак на падначаленых тэрыторыях на працягу тыдня, каб не ствараць натоўпу ў сувязі з эпідсітуацыяй. Па падліках, у суботніку прынялі ўдзел 5250 чалавек.
Зрэшты, работы хапіла ўсім. І не важна, праводзіўся суботнік на на працоўным месцы ў кабінеце ці з граблямі і рыдлёўкамі ў руках. Заробленыя жабінкаўцамі грошы — звыш 16 з паловай тысяч рублёў — будуць накіраваны на карысныя справы.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара




