Аб рэалізацыі моладзевай палітыкі і не толькі

Святлана БЯЛЯК.

На чарговай 13 сесіі Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання быў разгледжаны шэраг пытанняў. Аб тым, як выконваецца ў раёне Дзяржаўная праграма “Адукацыя і моладзевая палітыка”, далажыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Галіна Бурко. Яна падкрэсліла, што на пачатак года на Жабінкаўшчыне налічвалася 3646 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. Для іх толькі летась было праведзена звыш дзвюх соцень мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, звыш паўтары сотні прафілактычных акцый, акцый па здаровым ладзе жыцця. У школах паспяхова дзейнічаюць 11 валанцёрскіх атрадаў, якія дапамагаюць ветэранам, пажылым і адзінокім людзям.
Дзіцячы і моладзевы рух у раёне прадстаўлены трыма грамадскімі арганізацыямі — БРПА, БРСМ, БМГАВП, пры раённым Савеце дэпутатаў створаны Моладзевы парламент, у які ўвайшлі 27 чалавек, аднавіў работу клуб маладых спецыялістаў.
Для рэалізацыі творчых здольнасцяў ва ўстановах культуры дзейнічаюць 13 маладзёжных клубных фарміраванняў творчай і спартыўнай накіраванасці.
Каб юнакі і дзяўчаты былі ў курсе палітычных і сацыяльна-эканамічных падзей у краіне, укараняецца праект “Школа Актыўнага Грамадзяніна” (ШАГ). На падтрымку актыўнай працуючай і студэнцкай моладзі накіраваны раённы конкурс “Малады чалавек года”. За апошнія пяць гадоў у ім паўдзельнічалі 59 чалавек.
Папулярныя сярод хлопцаў і дзяўчат студэнцкія атрады (летась у іх працавалі 33 жадаючыя падзарабіць уласныя грошы). Сёлета колькасць студатрадаў плануецца павялічыць удвая. На жаль, як падкрэсліла Галіна Сцяпанаўна, даведзены вобласцю паказчык не выконваецца ў поўным аб’ёме з-за адсутнасці ў арганізацыях неабходных аб’ёмаў і відаў працы.
— Таму сумесна з іншымі зацікаўленымі мы будзем працягваць работу ў гэтым накірунку, — гаварыла Галіна Бурко. — У тым ліку і па папулярызацыі здаровага ладу жыцця і пошуку новых формаў у арганізацыі вольнага часу моладзі.
Дапоўніла яе выступленне па гэтым пытанні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вера Бортнік. Затым слова ўзяла шаноўны госць сесіі — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка. Яна расказала, якую падтрымку мае моладзь на дзяржаўным узроўні. Намеснік начальніка аддзела па адукацыі Іна Тарасевіч паведаміла прысутным, як рэалізуюцца падпраграмы ў сістэме дашкольнай адукацыі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, выносячы для абмеркавання чарговае пытанне “Аб прысваенні звання “Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна”, прапанаваў разгледзець кандыдатуру Валянціны Рай.
— Валянціна Іванаўна з 1981 па 1995 год рупілася на пасадзе кіраўніка раёна, — расказваў Анатоль Шалтанюк, — а потым яшчэ сем гадоў узначальвала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У 1985-м Валянціна Іванаўна была абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Падчас яе работы старшынёй райвыканкама наш раён неаднойчы ўзнагароджваўся пераходзячымі Чырвонымі Сцягамі ЦК КПБ, Савета Міністраў, Белсаўпрафа і ЦК ЛКСМБ. Пры яе непасрэдным удзеле былі пабудаваны цэнтральная раённая бальніца, трэцяя гарадская і Ракітніцкая сярэднія школы, Крыўлянскі і Ракітніцкі сельскія Дамы культуры, забетаніраваны транзітныя ўчасткі дарог праз населеныя пункты і многае іншае. Асабістыя заслугі Валянціны Іванаўны адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі “За працоўную доблесць”, “За доблесную працу”.
Дэпутаты, што прысутнічалі на сесіі, падтрымалі прапанову прысвоіць Валянціне Рай званне “Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна”.
Падчас сесіі былі разгледжаны і іншыя пытанні.