“Гэта не праца, а стыль жыцця”
Сёлета ААТ “Мацеевічы” святкуе 70-годдзе. І гаспадарцы, безумоўна, ёсць чым ганарыцца. Менавіта тут напрыканцы ліпеня ўшаноўвалі першых тысячнікаў. Апроч таго, на дадзены момант таварыства займае трэцяе месца ў раёне па ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур. Пра сёлетнія дасягненні і планы на будучыню расказаў дырэктар ААТ “Мацеевічы” Мікалай КАВАЛЬЧЫК:
– На сённяшні дзень (20 жніўня) наша гаспадарка завяршыла ўборку зерневых і зернебабовых культур на 96 працэнтаў. У хуткім часе будуць сабраны апошнія 70 гектараў проса. Сярэдняя ўраджайнасць склала 32,8 ц/га.
Намі намалочана 5503 тоны збожжа. На жаль, гэта на тысячу тон менш за ўзровень мінулага года – сказалася рознанастраёвае надвор’е. Нашы спецыялісты зрабілі ўсё магчымае, каб атрымаць добры ўраджай.
Тэхніка была падрыхтавана на выдатна. У гаспадарцы сем зернеўборачных камбайнаў: самаму “маладому” з іх 7 гадоў, а “старэйшаму” – 14. Аднак дзякуючы ўважлівай і ўмелай працы механізатараў наша тэхніка спраўна выконвае свае функцыі. Безумоўна, мы імкнёмся абнавіць аўтамабільны парк. Увесну, напрыклад, купілі два новенькія МАЗы, плануем набыць прыстаўку для ўборкі кукурузы, сеялку для пасеву збожжа.
Вядома, мы ганарымся нашымі тысячнікамі. У ААТ “Мацеевічы” такіх экіпажаў тры. “Дуэт” нашага супрацоўніка Алега Дзенісовіча і яго памочніка Андрэя Харковіча стаў лепшым у раёне: камбайнеры першымі на Жабінкаўшчыне сабралі і намалацілі тысячу тон збожжа. Першым тысячнікам на жніве сёлета стаў і наш вадзіцель Максім Кавальчык. Жніво прайшло зладжана, без якіх-небудзь сур’ёзных праблем, за што ўсяму калектыву нашай гаспадаркі хачу сказаць вялікі дзякуй! Хутка мы падвядзём вынікі сёлетняй уборачнай кампаніі і абавязкова адзначым і ўзнагародзім лепшых працаўнікоў.
Сёння механізатары заняты падрыхтоўкай тэхнікі да нарыхтоўкі кукурузы. Нам трэба прыбраць 750 гектараў на сілас і 100 – на зерне. Плануем нарыхтаваць 24 тысячы тон сіласу. Гэтага будзе дастаткова для зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. Каб кампенсаваць нястачу каласавых, неабходна нарыхтаваць каля тысячы тон збожжа кукурузы.
Нядаўна завяршылі пасеў азімага рапсу, на чарзе – збожжавыя. Дадзенымі культурамі плануецца засеяць паўтары тысячы гектараў.
У верасні, пры запуску цукровага завода, пачнём уборку буракоў. Імі ў нас засеяна 300 гектараў. Плануем сабраць каля 15 тысяч тон. У нас ёсць уласны буракаўборачны камбайн, якому давядзецца папрацаваць адразу ў дзвюх гаспадарках: сёлета мы заключым дагавор аб аказанні дапамогі ААТ “Жабінкаўскі”. Праца будзе напружаная.
У галіне жывёлагадоўлі мы таксама не адстаём па паказчыках. Сёння ў ААТ “Мацеевічы” налічваецца 3410 галоў буйной рагатай жывёлы, пагалоўе дойнага статка складае тысячу галоў. Для іх утрымання ў гаспадарцы дзейнічаюць восем жывёлагадоўчых ферм. Аб’ём вытворчасці малака за 7 месяцаў бягучага года склаў 3376 тон, аб’ём рэалізацыі – 3048 тон. Надой малака на адну карову – 3392 кг. За студзень-ліпень у арганізацыі выраблена 262,2 тоны мяса буйной рагатай жывёлы, рэалізавана 246,7 тоны. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе складае 639 грамаў.
Працаўнікі гаспадаркі выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі і накіраваны на агульны вынік. Гэта вельмі важна для працаўнікоў сельгасарганізацыі. Падчас жніва камбайнеры шчыруюць з самага ранку і да позняга вечара. Гэта не проста праца, а стыль жыцця. Калі абіраеш такую прафесію, трэба разумець, што справе прыйдзецца аддавацца цалкам.
У сувязі з юбілеем гаспадаркі хачу пажадаць нашым працаўнікам, каб іх блізкія і родныя разумелі, наколькі гэта складаная і патрэбная праца, і ставіліся да іх з належнай увагай і разуменнем. Усім жадаю здароўя, веры ў поспех і паболей аптымізму.
Запісала Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.
