“Гама для дваіх” – новая кніга Расціслава Бензерука, якую прэзентавалі ў Жабінкаўскай бібліятэцы

Сярод творцаў, якіх нарадзіла жабінкаўская зямля, вылучаецца імя Расціслава Бензерука. Сёлета ў лютым ён адсвяткаваў 80-годдзе, а 18 чэрвеня да яго прыйшло новае свята: пісьменнік з Жабінкі прадстаўляў чытаючаму свету сваю чарговую (18-ю па ліку!) кнігу, якую назваў “Гама для дваіх”. Расціслаў Мацвеевіч – чалавек шчыра ўлюбёны ў родны край і яго жыхароў. Аўтар ён пладавіты і шматжанравы. На гэты раз пісьменнік з сябрамі абмяркоўвалі ў раённай бібліятэцы пародыі, жартаўлівыя вершы і прысвячэнні калегам, што выйшлі з-пад пяра Расціслава Бензерука, а цяпер змясціліся пад кніжнай вокладкай.

Вяла цудоўную, па-дамашняму цёплую, нават утульную вечарыну Марыя Пратасюк. Заўважым, што сама Марыя Васільеўна – з творчай сям’і, а таму выдатна разумее і адчувае гумар і мяккую сатыру, якой напоўнены зборнік, што пабачыў свет у мінскім выдавецтве “Чатыры чвэрці”.

Каб павіншаваць вядомага земляка, у аўторак 18 чэрвеня ў бібліятэку прыйшлі жабінкаўцы, з кім журналіст, празаік, паэт і перакладчык сябруе ўжо не адно дзесяцігоддзе. Кожнаму з іх было дадзена слова, кожны не прамінуў, каб ад гэтага слова веяла цеплынёй і крышачку настальгіяй.

Сваімі ўражаннямі ад твораў, напісаных Расціславам Мацвеевічам, і ўспамінамі пра былое падзяліліся практычна ўсе. Былая настаўніца школы-інтэрната Раіса Маргевіч з сапраўднай асалодай чытала на памяць Бензеруковы вершы. І нават немагчыма было ўявіць, што Раіса Міхайлаўна размяняла ўжо дзясяты дзясятак!

Пра сямейныя повязі, якія існуюць у таленавітай сям’і, дзе адразу два пісьменнікі, бацька і сын, расказаў старшыня ветэранскай арганізацыі Анатоль Старыцкі. Анатоль Аляксандравіч заўважыў, што цяжка знайсці падзею ці асобу, звязаную з Жабінкаўшчынай, пра якіх не пісалі б Бензерукі. Пра асаблівую чалавечнасць пісьменніка расказаў Уладзімір Лапус. У любых жыццёвых сітуацыях, на думку Уладзіміра Ханонавіча, журналіст і пісьменнік з Жабінкі заставаўся чалавекам, здольным адчуваць болі і радасці іншага. Кожны радок, напісаны Расціславам Мацвеевічам, надзвычай жывы, бо сілкуецца ад зямных крыніц, што стварылі з простага вясковага хлопчыка сапраўднага майстра слова.

Ад роду, дзе здаўна нараджаліся земляробы, настаўнікі ды іншыя творчыя асобы, выступілі Анатоль Бензярук і жонка віноўніка ўрачыстасці Вольга Рыгораўна. Да слова, яна прачытала адзін з самых любімых вершаў мужа “Тры свечкі”. (Дарэчы, найпершы свой паэтычны зборнік аўтар назваў менавіта па гэтым вершы).

Як заўсёды, самыя шчодрыя словы падзякі ў адрас кнігі і яе стваральніка знайшла старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч, якая ўжо змясціла рэцэнзію на “Гаму для дваіх” ў рэспубліканскай газеце “Літаратура і мастацтва”. Таццяна Анатольеўна перадала памятны падарунак творцу з пажаданнем і надалей упэўнена трымаць у руках старадаўняе пяро або камп’ютарную мышку.

Каб трымаць адказ, выклікалі і тых, хто заслужыў ласкавыя пародыі ад Расціслава Бензерука. Што важна: вершы яго не зласлівыя, у нечым павучальныя, з тонкім гумарам і глыбокай народнай мараллю. Менавіта таму скардзяцца не тыя, на каго Расціслаў Мацвеевіч напісаў пародыю, а тыя, на каго ён не звярнуў увагу. Менавіта таму так шмат добрых слоў прамаўлялі Валянціна Пігас і Зінаіда Дудзюк. Іх творам пашчасціла апынуцца ў фокусе зроку жабінкаўскага творцы. А гэта, як ні круці, своеасаблівы знак якасці!

Так, Расціслаў Бензярук усё жыццё піша пра землякоў, кім ганарыцца Жабінкаўшчына. Але ж не абмінае самабытны творца сваім пяром дакрануцца і да літаратурных мэтраў. Нездарма ў “Гаме для дваіх” сабраны пародыі на 90 аўтараў, многія з якіх надзвычай масцітыя, уганараваныя, даўно, як антычныя богі, стапталі ногі па дарозе на пісьменніцкі Парнас альбо надзейна асядлалі крылатага паэтычнага Пегаса.

Пра тое, што і сам Расціслаў Мацвеевіч паходзіць з плеяды, якой любы жанр падуладны, гаварылі і сын (таксама вядомы ўжо пісьменнік) Анатоль Бензярук, і госця з Кобрына, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Кандрашук-Ніжнік. Да слова, госця, якая завітала ў Жабінку з суседняга горада, правяла невялічкі забаўляльны конкурс і прачытала свой арыгінальны верш, у якім зарыфмавала назвы ажно дзесяці кніг Расціслава Бензерука і першай аповесці, з якой ужо масціты на сённяшні дзень аўтар толькі пачынаў доўгі і багаты шлях у літаратуру. Сярод тых кніг былі не толькі раней прыгаданыя “Тры свечкі”, але й “Сорак дарог”, “Аўтографы”, “Прытулак для душы”, “Лірычны поўдзень”, “Дуб і жалуды”, “Азбука наадварот”…

Аднак на вечарыне прыемна было паслухаць не толькі прозу ці вершы, але й пачуць, як рыфмаваныя словы ператвараюцца ў песні. Музычны экспромт ад даўняга сябра бібліятэкі Аляксандра Рыб’якова выглядаў надзвычай натуральна. Бо гітара ў руках Аляксандра Мікалаевіча заўсёды падаецца не столькі прадаўжэннем рукі, а нечым значна большым – гэта як патаемная часціна душы, што цягнецца да нот, пакладзеных на словы…

А як прыемна было пачуць напрыканцы вечарыны ад Расціслава Мацвеевіча добрую навіну. Аказваецца, яго творчы імпэт і на дзявятым дзясятку не зніжаецца. Сёння прэзентавалі 18-ю кнігу, а ўжо на падыходзе чарговая, 19-я, якая будзе мець назоў “Сардэчны абярэг”.

Значыцца, творчае жыццё і проста жыццё працягваецца. Так было, ёсць і будзе. Ад світанку да світанку – ад прэзентацыі да прэзентацыі.

Антон ЦЫМУС

Фота Наталлі ВАЛОШКІ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.