Сваю сённяшнюю назву сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “АграАзяты” атрымала толькі ў 2020 годзе пасля рэарганізацыі і далучэння да Брэсцкага мясакамбіната. З тае пары гэта адна з самых паспяховых гаспадарак не толькі Жабінкаўшчыны, але і Брэстчыны. Трэці год “АграАзяты” ўзначальвае вопытны кіраўнік з немалым працоўным стажам Святаслаў Аляшкевіч.

Святаслаў АЛЯШКЕВІЧ.
Святаслаў Уладзіміравіч родам з Гродненшчыны, амаль тры дзясяткі гадоў працаваў у КСУП “Чарняхоўскі-АГРА”, прайшоў шлях ад палявода да дырэктара. Дый на Жабінкаўшчыне ўжо адчувае сябе патрэбным і сваім. Душой ды сэрцам хварэе за прадпрыемства, якое ўзначальвае, і яго працаўнікоў.
– Галоўныя накірункі нашай дзейнасці – раслінаводства і жывёлагадоўля, на якія даводзіцца 65 і 35 працэнтаў таварнай рэалізацыі адпаведна, – расказвае Святаслаў Аляшкевіч. – На нашых малочнатаварных фермах утрымліваецца 1509 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх – 551 рагуля дойнага статка. Сёлета ў жніўні быў здадзены ў эксплуатацыю кароўнік на 318 галоў, узведзены пры садзейнічанні ўласніка нашай гаспадаркі – Брэсцкага мясакамбіната. Што тычыцца раслінаводства, то агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў “АграАзятаў” 4818 гектараў, з іх 2736 гектараў ворыва. Бал ворыўных земляў – 29 адзінак. Засяваем разнастайныя культуры, але перавагу аддаем кукурузе, якую выкарыстоўваем на зерне і зялёную масу.

– Так, спецыялізуемся на “царыцы палёў”, – уключаецца ў размову галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Сяргей Зінкевіч. –Кукуруза сёлета парадавала – атрымалі 80 цэнтнераў з гектара. Задача нумар адзін для “АграАзятаў” – забяспечыць зернем і кукурузай мясакамбінат і наш свінакомплекс “Сычова”. Да слова, для сваіх патрэб зерня нам хапае на цэлы год. Сёлета намалацілі 6700 тон збожжа і звыш 9000 тон кукурузы. Гэта без уліку “Радванічаў” Брэсцкага раёна, якія далучылі да нас у лютым.
Калі гаварыць пра дасягненні і поспехі, якіх ва ўнітарнага прадпрыемства “АграАзяты” нямала, то ў 2021 годзе яно заняло трэцяе месца на Брэстчыне па вытворчасці рапсу, стала пераможцам у конкурсе на лепшую арганізацыю па ахове працы сярод сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна. Летась “АграАзяты” прызнаны лідарамі па вытворчасці мяса на Жабінкаўшчыне, за тое аграгарадку Азяты даверылі правядзенне раённых “Дажынак”. У гэтым годзе гаспадарка адзначана Брэсцкім аблвыканкамам за высокія паказчыкі ў вытворчасці ўсёй жывёлагадоўчай прадукцыі – мяса і малака.
Аднак Святаслаў Аляшкевіч лічыць, што самае высокае дасягненне гаспадаркі – гэта людзі: На заробкі ў “АграАзятах” не скардзяцца: яны залежаць ад аб’ёму выкананых работ і іх якасці. Папрацуеш дапазна – павялічыцца сямейная казна, а будзеш рупіцца без ахвоты – атрымаеш мінімальную “квоту”.
Галоўныя крытэрыі дзейнасці “АграАзятаў” – высокі прафесіяналізм і адказныя адносіны працаўнікоў да сваіх абавязкаў.
– Кожны работнік “АграАзятаў” заслугоўвае добрых, цёплых слоў. І Васіль Васільевіч Платонаў – ветэран працы з 50-гадовым стажам, узнагароджаны сёлета медалём “За працоўныя заслугі”, і механізатар Сяргей Іванавіч Андрасюк, які чатыры дзясяткі гадоў верны зямлі-карміцельцы і роднай гаспадарцы, – гаворыць Святаслаў Уладзіміравіч. – У “АграАзятах” працуе і шмат сямейных дынастый, дзе ад пакалення да пакалення перадаюцца вопыт, веды і традыцыі. Хачу адзначыць сумленную працу механізатара Віталя Петрыка і яго жонкі Валянціны – аператара машыннага даення, загадчыка майстэрняў Дзмітрыя Лася і спецыяліста аддзела кадраў Наталлі Лось. А яшчэ падрабязней напішыце пра Савічаў – яны таго заслугоўваюць: у сельскай гаспадарцы – уся сям’я.

Міхаіла Савіча знаходзім у полі каля Азятаў: ён заворвае глебу пад яравую сяўбу. Міхаіл Мікалаевіч спыняе свайго вернага жалезнага “каня” і ўдзяляе нам пяць хвілінак. Вопытны механізатар працуе ў роднай гаспадарцы з 1994 года пасля заканчэння Маларыцкага вучылішча сельскагаспадарчай вытворчасці. У скарбонцы азяцкага рупліўца шматлікія ўганараванні, у тым ліку леташняя Грамата райвыканкама.
Яго жонка Марына Капуза – аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы №1 – па колькасці ўзнагарод мужу не ўступае, у 2021 годзе ўпрыгожвала раённую Дошку гонару.
Сын Дзмітрый не спалохаўся цяжкасцяў сельскай гаспадаркі, скончыў Пружанскі сельгастэхнікум і завочна Гродзенскі аграрны ўніверсітэт ды вярнуўся ў роднае сяло пад бацькоўскае крыло, рупіцца аграномам-аграхімікам участка “Азяты”.

Штогод для Міхаіла Мікалаевіча, Марыны Анатольеўны і Дзмітрыя Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі – адно з галоўных святаў. Як і для кожнага, хто рады, што “АграАзяты” на поспехі багаты!
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара і Святланы КІСЛАЙ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
