ААТ «Хмелева»: малочна-бульбяны рай

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Хмелева” ведаюць цану і малака, і першага ды другога хлеба, на вырошчванні якога гаспадарка спецыялізуецца. Як вядома, хмелеўскі край – гэта бульбяны і малочны рай. Сельгаспрадпрыемства амаль штогод у лідарах на ўборцы збожжавых і зернебабовых, па выніках работы ў 2020 годзе было занесена на рэспубліканскую Дошку гонару, а сёлета – на раённую.

Амаль чвэрць веку ААТ “Хмелева” ўзначальвае Барыс Парафянюк. Кіруе ён умела і па-гаспадарску, таму і зладжанымі стараннымі справамі сваіх працаўнікоў можа пахваліцца.

Дырэктар ААТ «Хмелева» Барыс ПАРАФЯНЮК.

– Наша сельгаставарыства фінансава ўстойлівае. За 9 месяцаў бягучага года выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў гаспадарцы склала больш за 13 мільёнаў рублёў, атрымалі амаль два мільёны чыстага прыбытку, – дзеліцца Барыс Уласавіч. – Рэнтабельнасць продажаў – 12,2 працэнта, рэнтабельнасць ад рэалізацыі – 15,6 працэнта.

Людміла Іванаўна, галоўны эканаміст, дадае, што за тры кварталы сёлетняга года іх сельгаспрадпрыемства выкарыстала 7165 тысяч рублёў інвестыцый у асноўны капітал, з іх 3795 тысяч – уласных сродкаў. Частка гэтых грошай пайшла на будаўніцтва двух кароўнікаў з даільна-малочным блокам на тэрыторыі малочнатаварнай фермы “Падлессе”. Там зараз шчыруюць працаўнікі Жабінкаўскай ПМК-10, і неўзабаве каровы-навасёлы заселяцца ў новыя будынкі.

Дойных рагуль у гаспадарцы крыху больш за паўтары тысячы. Трэба сказаць, малаку ў “Хмелеве” асаблівая пашана, бо яно прыносіць асноўную выручку. Валавы надой ад пачатку года складае 9838 тон, надой на адну рагулю – 6439 кілаграмаў, і гэты паказчык амаль роўны сярэдняму па раёне. Сёлета гаспадарка рэалізавала звыш 9 тысяч тон малака (амаль 100 працэнтаў гатункам “экстра” і таварнасцю больш за 92 працэнты), а таксама 574 тоны мяса.

Барыс Уласавіч прыгадвае, што па вытворчасці малака ў 2008 годзе “Хмелева” займала другое месца ў рэспубліцы і было ўзнагароджана ганаровым дыпломам.

Сёння сярод аператараў машыннага даення кіраўнік сельгаспрадпрыемства вылучае сяцёр Людмілу Славінскую і Алену Карпаміз, якія рупяцца на МТФ “Рудка”. Яны надаілі за 10 месяцаў 1261 і 1258 тон малака адпаведна. У руплівіц вялікі вопыт у працы, шчыруюць яны адказна і сумленна, таму маюць пашану ў калектыве і ў раёне.

Амаль пяць дзясяткаў гадоў працоўнага стажу за плячыма ў кладаўшчыка Лідзіі Кацэвіч, больш як сорак – у брыгадзіра фермы “Падлессе” Ядвігі Кунашка. Лідзія Мікалаеўна і Ядвіга Францаўна – таксама гонар “Хмелева”.

Сярод працаўнікоў палёў родную гаспадарку праслаўляюць механізатары Іван Дзянішчыч і Яўген Кавалёнак, бацька і сын Залатаровы. Міхаіл Фёдаравіч заўжды задзейнічаны і на сяўбе, і на жніве, і на касьбе. Поруч з бацькам рупіцца сын Уладзімір. Летась зладжаны дуэт Залатаровых стаў першым сямейным экіпажам-тысячнікам у раёне.

Тысячную планку штогод пераадольваюць і вадзіцелі Мікалай Марыніч і Яўген Зімін.

Вадзіцель Яўген ЗІМІН.

Стараецца не адставаць ад калег Уладзімір Кашалюк.

Вадзіцель Уладзімір КАШАЛЮК.

Вядомая ў “Хмелеве” дый увогуле на Жабінкаўшчыне і сямейная дынастыя Марынічаў. Бацька Мікалай Сямёнавіч працуе вадзіцелем і амаль штогод займае прызавыя месцы на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Прычым не толькі на раённым, але і на абласным узроўні. Яго жонка Галіна Пятроўна – кладаўшчык, сын Аляксандр – вадзіцель.

– Людзі, працаўнікі – гэта галоўны скарб любой сельгасарганізацыі, – сказаў на заканчэнне размовы Барыс Парафянюк. – Жадаю хмелеўскім рупліўцам здароўя, росквіту і дабрабыту, міру і поспехаў ва ўсім!

Вадзіцель Аляксандр МАРЫНІЧ, вадзіцель Уладзімір ЗАЛАТАРОЎ, механізатар Міхаіл ЗАЛАТАРОЎ, вадзіцель Уладзімір КАШАЛЮК, загадчык майстэрняў Антон АБРАМОВІЧ, вадзіцель Яўген ЗІМІН.

Наталля ВАЛОШКА

Фота аўтара і Святланы КІСЛАЙ

https://vm.tiktok.com/ZMjwevagg/

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.