Актыўнасць і спорт – даўгалецця залог

Адна з самых актыўных наведвальніц Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вера Пятроўна Мандрэнка захапляе сваёй бадзёрасцю, аптымізмам, пачуццём гумару і шматлікімі талентамі. Яна спявае, вышывае, плавае і ў шашкі гуляе, прыпеўкі складае, крыжаванкі і сканворды адгадвае ды родных смакатой радуе. За што б ні ўзялася Вера Пятроўна, усё ў яе атрымліваецца.

Лёсавызначальнае захапленне

– У юныя гады я займалася ва ўсіх гуртках, якія толькі былі ў маёй роднай школе ў вёсцы Першамайская на Бярозаўшчыне, – дзеліцца Вера Мандрэнка. – Вядомыя радкі Агніі Барто “Драмгурток, гурток па фота, хоргурток – спяваць ахвота” – гэта пра мяне. Я займалася вакалам, тэнісам, іграла на мандаліне, выпільвала лобзікам, вязала, вышывала, а калі захацела яшчэ й танцаваць, харэограф не хацеў мяне браць, маўляў, як я ўсё буду паспяваць. Аднак я расплакалася, чым расчуліла сэрца педагога, і мяне ўзялі.

Было яшчэ адно захапленне ў школьніцы Веры, якое стала лёсавызначальным. Яе паланілі замежныя мовы: спачатку нямецкая, якую вывучалі старэйшыя браты, а потым англійская, што вучыла сама. Дзяўчына вырашыла паступаць у Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў, аднак з першага разу гэта не ўдалося. Мэтанакіраваная, нязломная Вера з цягам часу паўтарыла спробу – і яе мара ажыццявілася. Пра тое, што наша гераіня не памылілася з выбарам прафесіі, гаворыць яскравы факт: у сістэме адукацыі Вера Пятроўна працавала 35 гадоў да заслужанага адпачынку і яшчэ 17 – пасля. Рупілася настаўнікам англійскай мовы ў Добрушскім раёне, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сваёй роднай Першамайскай школе, метадыстам аддзела адукацыі Жабінкаўскага райвыканкама. Пазней пачала працаваць выхавальніцай у школе-інтэрнаце, а потым – настаўніцай англійскай мовы.

Былыя калегі і вучні Веры Пятроўны адзываюцца пра яе як пра цудоўнага адкрытага чалавека, настаўніка з вялікай літары, які ўлюбляў у сябе і свой прадмет. Яна знаходзіла агульную мову з любым вучнем, нават з тым, каму вельмі цяжка давалася замежная. Нямала выпускнікоў Веры Мандрэнка пайшлі прафесійнай дарогай любімага педагога.

– Мне заўсёды да ўсяго ёсць справа, хочацца рухацца толькі наперад і весці за сабой, – кажа Вера Пятроўна.

Мабыць, менавіта таму актыўную, ініцыятыўную, неабыякавую жанчыну выбралі ў свой час старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі і сяброўкай абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы.

Быць у тонусе

Працуючы з натхненнем, Вера Пятроўна не забывалася пра свае захапленні. Была вядучай многіх вечарын, дарэчы, на пару з мужам Юрыем Пятровічам. Іх звязала музыка, любоў да спеваў і творчасці. Муж працаваў на чыгунцы, і неўзабаве сям’я атрымала кватэру ў доме для чыгуначнікаў на Камуністычнай.

Калі ў тэрытарыяльным цэнтры ў 2008 годзе ўтварыўся хор ветэранаў пад кіраўніцтвам Людмілы Дошчык, Вера Мандрэнка стала не толькі яго ўдзельніцай, але й вядучай. Затым калектыў перамясціўся пад дах гарадскога Дома культуры. І назву хору прыдумалі адпаведную – “Тонус”, каб заўсёды быць у тонусе.

Нашай гераіні падабаецца не толькі спяваць, танцаваць, але і прыдумваць маленькія інтэрмедыі, прыпеўкі, гумарыстычныя падводкі да нумароў. З гордасцю Вера Пятроўна расказвае, што ў 2012 годзе хор ветэранаў атрымаў ганаровае званне “народны” і неаднаразова яго пацвярджаў. Калектыў гастраляваў з выступленнямі не толькі па Беларусі – бываў і за мяжой.

– Мне вельмі падабаецца выступаць у нашых санаторыях, – кажа Вера Мандрэнка. – Там заўсёды новая і вельмі ўдзячная публіка.

Да слова, нямала прыхільнікаў у “Тонуса” і ў розных арганізацыях і на прадпрыемствах Жабінкаўшчыны. Нездарма хор ветэранаў запрашаюць на канцэрты да прафесійных святаў. Упрыгожылі артысты залатога веку і Масленіцу, і мерапрыемства, прысвечанае 35-годдзю Беларускага таварыства інвалідаў, ды безліч іншых.

Інтэлектуалка

А ў прамежках паміж выступленнямі Вера Мандрэнка вяжа кручком, вышывае крыжыкам або разгадвае сканворды ці красворды. Гэтаму захапленню Вера Пятроўна верная ўсё жыццё. Пастаянна адпраўляла адказы на заданні рэспубліканскай газеты “Праграма. Анекдоты. Красворды”, займаючы прызавыя месцы. На рахунку інтэлектуалкі залатога веку ёсць і другое месца ў абласным красвордзінгу “Эрудыты, наперад!”, і “бронза” ў абласным сканвордзінгу, які ладзіўся ў Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў чацвер, 17 жніўня.

– Выдатна, што наладжана супрацоўніцтва паміж тэрытарыяльнымі цэнтрамі Берасцейшчыны, можна на другіх паглядзець і сябе паказаць, – кажа Вера Пятроўна.

Маёй суразмоўніцы і яе аднадумцам сапраўды ёсць што паказаць. І на інтэлектуальным турніры “Мазгавы штОрм”, які штогод ладзяць прафсаюзы Жабінкаўшчыны, і на спартыўных спаборніцтвах.

Спартсменка

Дарэчы, спорт у жыцці Веры Мандрэнка адыгрывае немалую ролю. Жанчына – удзельніца клуба “Энергія” пры тэрытарыяльным цэнтры, займаецца скандынаўскай хадзьбой, плавае ў басейне спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, удзельнічае ў разнастайных спартакіядах.

У скарбонцы Веры Пятроўны – граматы і дыпломы за актыўны ўдзел у спартыўным свяце “Крок да даўгалецця”, у мерапрыемстве “У спартыўным целе – здаровы дух”, трэцяе месца ў раённым турніры па шашках.

У нашай гераіні ёсць такія радкі ўласнага сачынення:

Са спорту найбольш люблю тэніс,

Маю па ім разрад.

Спорт без усякіх сумненняў

Дорыць бадзёрасць, зарад!

Гэты зарад бадзёрасці, сілы і вынослівасці дапамог Веры Пятроўне атрымаць сертыфікат праходжання курса маладога байца МНС і званне “Супербабуля МНС” ды перамагчы ў конкурсе “А ну-ка, бабулі!”.

Хоць мая суразмоўніца і мае на самой справе статус бабулі ды вельмі любіць сваіх унукаў, якіх ёй падарылі сын Сяргей ды нявестка Юля, аднак пажылой сябе не адчувае і другім не дазваляе.

– Аднойчы мне ўручылі грамату як найстарэйшаму ўдзельніку спаборніцтваў. Я з гэтым не пагадзілася, бо адчуваю сябе маладой і бадзёрай, – з усмешкай кажа Вера Пятроўна.

І проста прыгажуня

А яшчэ наша гераіня актыўна карыстаецца камп’ютарам, навіны любіць чытаць у інтэрнэце (і сайт “Сельскай праўды” ў тым ліку).

– Шкада, што пры бібліятэцы перастаў працаваць клуб “Суразмоўнік”, – заўважае Вера Мандрэнка. – Якія цікавыя сустрэчы арганізоўвала Людміла Аляксандраўна Астроўская! Я не прапускала ніводнага пасяджэння. Гэта была цудоўная магчымасць для жабінкаўцаў сабрацца разам, даведацца нешта новае, пазнаёміцца з цікавымі суразмоўнікамі. Добра было б, каб маладое пакаленне бібліятэкараў аднавіла гэтую традыцыю.

Вера Пятроўна вядзе здаровы лад жыцця, пастаянна сочыць за сваёй знешнасцю. Таму, нягледзячы на шаноўны ўзрост, выглядае маладой, падцягнутай і гарэзлівай.

Тыя, хто ведае гэтую цудоўную жанчыну, дзіву даюцца, як яна сапраўды ўсё паспявае, і, мабыць, па-добраму зайздросцяць.

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК

Фота аўтара і з асабістага архіва Веры МАНДРЭНКА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.