Яна ўжо гэта і робіць, калі ярка смяецца сонечнымі промнямі, гучна звініць хуткімі ручаямі, пыша цяплом. Усялякая істота адчувае: дзень падаўжэў, а значыць, і добрага настрою павінна стаць паболей.
Дрэвы радуюцца, птушкі радуюцца, машына, якая ўзімку ледзь заводзілася, радуецца… А чалавек чаму часам забывае, што ўсмешка – кожнаму да твару? Прымярайце і насіце, калі ласка!
Тым больш, што набліжаецца 1 красавіка – Дзень смеху. Не будзьце пахмурнымі – смейцеся! А самым цікаўным прапануем пры дапамозе слоў крыху апынуцца ў свет лічбаў, яны таксама бываюць займальнымі.
Дык вось, ці ведаеце вы, што некалі жылі-былі…
Дванаццаць Янаў…
Для таго, хто захапляецца беларускім мінулым, добра вядома імя гісторыка Яна Длугаша, які жыў у ХV стагоддзі. Вось толькі не кожны знае, што Длугаш – гэта не прозвішча. Справа ў тым, што яго бацька Ян меў 11 сыноў і кожнага назваў… Янам. Каб хоць неяк адрозніваць сябе і сыноў, “вынаходліваму” тату давялося прыдумляць усім мянушкі. Вось так і стаў адзін з сыноў Длугашам, або Доўгім. Мабыць, сапраўды быў самым цыбатым у родзе.
…і сотні Генрыхаў
Але і гэты выпадак далёка не самы арыгінальны. У Германіі ёсць княскі род Рэйс, у якім вось ужо 900 гадоў усім хлопчыкам даюць аднолькавае імя Генрых. Тут і мянушак не хопіць! Таму, каб адрозніваць нованароджанага прынца, яму адразу прысвойваецца парадкавы нумар. Такім чынам, князь Генрых LXХII (Генрых Семдзесят Другі!), які правіў ў 1822 – 1824 гадах, увайшоў у кнігу рэкордаў Гінэса ў якасці манарха з самай вялікай лічбай пасля імені. Дробнае княства Рэйс (крыху большае па плошчы за наш Жабінкаўскі раён) спыніла існаванне роўна 105 гадоў таму, а вось даўняя традыцыя дасюль працягваецца, таму і крочыць, як раней, за Генрыхам чарговы Генрых…
Завуць ласкава Эксікам?
Вясной 2020 года не змог стрымацца, каб не выдаць чарговую сенсацыю і Ілан Маск. Калі ў яго і канадскай спявачкі Граймс з’явіўся сын, яны далі нованароджанаму арыгінальнае імя X Æ A-12. Па словах маці, у імені дзіцяці зашыфравана назва іх любімага самалёта, матэматычнай пераменнай і штучнага інтэлекту. Афіцыйна гэтая абракадабра вымаўлялася як “Экс Эш Эй-Твелв”. Аднак тут абурылася правасуддзе штата Каліфорнія, у якім нарадзіўся хлопчык. Бо паводле мясцовых законаў пры рэгістрацыі імені нельга выкарыстоўваць лічбы. Нічога, вынаходлівы Маск і тут знайшоў выхад. Цяпер дзіця ў дакументах завуць X Æ A-Xii. Вось толькі цікава, а як бацькі ласкава завуць сына?..
Падлічана да літары
Вядома, самая распаўсюджаная ў свеце кніга – Біблія. Яна даўно стала крыніцай шматлікіх крылатых слоў і выразаў, сюжэты, расказаныя на старонках Старога і Новага Запаветаў натхнялі і натхняюць шматлікіх творцаў. Гэта не толкі самая распаўсюджаная, але і самая вывучаная кніга. Яе не толькі літаральна разабралі на цытаты, але падлічылі кожнае слова і нават літару. Мяркуйце самі. Паводле статыстыкі (за аснову ўзяты рускі пераклад па Сінадальным выданні 1876 года), кананічная Біблія складаецца з 66 кніг, падзелена на 1.189 раздзелаў, мае 31.227 вершы. А ўсяго ў Святым Пісанні налічваецца 568.502 словы і адпаведна 2.672.374 літары.
Антон ЦЫМУС
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
