Напярэдадні дзяржаўнага свята, якое адзначаецца 2 красавіка, у ГДК прайшлі ўрачыстасці “Дзве сястры – Беларусь і Расія”, прымеркаваныя да Дня адзінства. На працягу ўсёй вечарыны супольна гучалі дзве мовы – беларуская і руская, а таксама шмат музычных віншаванняў, прысвечаных святу.
Радок, што стаў назвай мерапрыемства, узяты з песні, якую ў самым пачатку выканаў народны ансамбль “Каларыт”. На працягу ўсёй вечарыны чырвонай ніццю праходзіла думка: яднанне – гэта гістарычны выбар нашых народаў, гэта воля быць разам не толькі ў радасці, але і ў дні выпрабаванняў. Гэта сведчанне роднасці і адзінства лёсаў.
Вядучыя нагадалі пра значнасць падзей, што адбыліся 27 гадоў таму 2 красавіка, калі кіраўнікі дзвюх дзяржаў-суседак падпісалі дагавор аб садружнасці Беларусі і Расіі. Гэты гістарычны дакумент заклаў асновы саюзнаму будаўніцтву, таму адзначаецца як агульнае свята. Паслі выканання гімнаў дзвюх краін слова было прадастаўлена намесніку старшыні райвыканкама Іне Тарасевіч і віцэ-консулу Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Сяргею Лапцеву. Шматразова падкрэслівалася, што Жабінкаўшчына з году ў год мацуе пабрацімскія сувязі з расійскімі рэгіёнамі, асабліва шчыльныя зносіны ўсталяваліся ў сферах адукацыі, культуры і спорту. Прынамсі, з Башкартастанам, Перавозскім і Задонскім раёнамі Ліпецкай вобласці. Прыемным момантам свята стаў відэазварот кіраўніка адміністрацыі Задонскага муніцыпальнага ўтварэння Аляксея Шчадрова і выступленне самадзейных ліпецкіх артыстаў. Тыя праспявалі лірычную напеўную песню. у якой прыгожа стаялі побач словы “задонскі” і “жабінкаўскі”.




Нібыта ў адказ народны хор “Скарбніца” нашага ГДК выканаў задушэўную песню “Добры дзень, людзі”. Так, лёсы народаў Расіі і Беларусі цесна перапляліся, нават музыка ў нас блізкая. У гэтым можна было пераканацца, паслухаўшы папуры з беларускіх і рускіх песень у выкананні гарэзлівага калектыву “Спявай, душа!”.




З асаблівай пяшчотай звярталіся да святой роднай зямлі, якая кожнаму надае крылы для палёту, народны гурт “Аляксандр-парк” з музычным нумарам “Мы – беларусы” ды “Каларыт” з песняй “Матушка-земля”. А затым у агнявых танцах закружыліся нашыя ўзорныя “Каруначкі”. Спярша юныя артысты запалілі залу рускім народным танцам “Деревенская”, а затым дабавілі добрага настрою, выканаўшы беларускую “Местачковую”. Побач з адвечным народным арганічна выглядаў і музычны нумар “Што зрабіў ты для Радзімы?” ад вакальнай групы ГДК “Новы стыль”. Нарэшце, шчырым запрашэннем прагучала ў выкананні калектыву “Спявай, душа!” песня “Прыязджайце да нас у Беларусь”.









Сапраўднае яднанне чалавечых душ адбываецца тады, калі размаўляеш мовай, што ідзе ад сэрца да сэрца. Нездарма апошнім акордам святочнага канцэрта стала песня “Мы – адзінае цэлае”.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
