Сёння Дзень абаронцаў Айчыны. Гэтае ўсенародна любімае свята мае асаблівае значэнне для тых, хто абараняе Радзіму не толькі ў ваенны, але і ў мірны час. Цяпер, як ніколі, каштоўны мір на беларускай зямлі. Напярэдадні 23 лютага пацікавілася ў жабінкаўцаў, якое значэнне мае для іх гэты дзень, як адзначаецца ў іх сям’і.
Уладзіслаў МАЛЧАНАЎ:
– Для мяне Дзень абаронцаў Айчыны – значнае свята, якое шануецца ў нашай сям’і. Мае прадзядулі Міхаіл Дзмітрыевіч і Аляксей Дзмітрыевіч Пятручыкі змагаліся супраць ворагаў падчас савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Прадзед Аляксей загінуў пры вызваленні горада Кёнігсберга, і так атрымалася праз гады, што я праходзіў воінскую службу ў 111-й гвардзейскай артылерыйскай Кёнігсбергскай Чырванасцяжнай ордэна Кутузава брыгадзе. Прысягаючы на вернасць Радзіме ў снежні 2019 года ля сцен Брэсцкай крэпасці, я адчуваў знітаванасць з усімі мужчынамі свайго роду і з абаронцамі цытадэлі. У 2020-м прымаў удзел у парадзе Перамогі ў сталіцы і ў мерапрыемствах, прысвечаных дню пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсцкай крэпасці-героі. Лічу, што служба ў арміі робіць юнакоў дысцыплінаванымі, адказнымі, больш моцнымі і целам, і духам. Менавіта выконваючы свой абавязак перад Радзімай, я зразумеў, што такое подзвіг, гонар, годнасць, патрыятызм.
Вікторыя КАДЭНСКАЯ:

– 23 лютага мы адзначаем важнае і неабходнае свята ўсіх мужчын. Гэта традыцыя, якая паказвае, што кожны прадстаўнік моцнага полу, калі ўзнікне такая неабходнасць, павінен устаць на абарону Радзімы, сям’і і сваіх блізкіх, мець такія якасці, як мужнасць, адвага, смеласць, сіла духу, сумленнасць. А яшчэ, на мой погляд, у гэты дзень заслугоўваюць віншаванняў і прадстаўніцы прыгожага полу. З гісторыі мы ведаем, што падчас Вялікай Айчыннай жанчыны не толькі працавалі на фабрыках і заводах, але й удзельнічалі ў баявых дзеяннях, рызыкуючы сваім жыццём. На памяць прыходзяць імёны Людмілы Паўлічэнка, Зоі Касмадзям’янскай… Лічу, немалую ролю ў перамозе над фашыстамі адыграла і жаночая смеласць ды ўпартасць.
У Дзень абаронцаў Айчыны абавязкова павіншую каханага мужа Віталія, сваіх дзядзькаў Алега, Леаніда і Сяргея, а таксама ўсіх супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дзе я працую.
Міхаіл БАЛАН:

– Якраз год назад я быў на зборах у маладзёжным патрыятычным цэнтры ў Брэсцкай крэпасці на Тыдні маладога байца. Там панавала неперадавальная атмасфера. Юнакоў і дзяўчат вучылі быць годнымі пераемнікамі гераічных традыцый салдат Вялікай Перамогі, захоўваць і памнажаць славу беларускай зямлі. Знаходжанне ў такім асяродку паспрыяла выбару будучай прафесіі. Сёлета заканчваю першую гарадскую школу і планую паступаць у Ваенную акадэмію Беларусі. На маю думку, гэта вельмі прэстыжная навучальная ўстанова і ўвогуле ганарова для мужчыны абараняць Бацькаўшчыну. Лічу сябе патрыётам роднай краіны, таму мару з гонарам служыць Айчыне. Гэта свяшчэнны абавязак кожнага мужчыны. У маёй сям’і ў войску служылі тата і дзядуля. Штогод мы віншуем іх 23 лютага, дорым падарункі. Мяне таксама родныя віншуюць.
Іван КАРАГОДА:

– Вучуся ў 5 “А” класе другой гарадской школы. Вельмі люблю 23 лютага, таму што ў гэты дзень мяне з малодшым братам Кірылам віншуюць мама і сястрычка Маша. Гэта свята, якое прысвячаецца не толькі салдатам, афіцэрам і ветэранам. Гэта Дзень усіх абаронцаў Айчыны: і вялікіх, і маленькіх. У нашай сям’і падрастаюць два будучыя салдаты: я і мой брацік. Я хачу стаць танкістам, а Кірыл – дэсантнікам. Напярэдадні мужчынскага свята жадаю ўсім здароўя, міру і дабрабыту!
Апытанне правяла Наталля ВАЛОШКА
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
