Дзе ж іншых шукаць?

Мінулы артыкул нашага праекта, прысвечаны лёсу Іосіфа Макеева, заканчваўся рытарычным пытаннем: “Ці не прыйшоў нарэшце час, калі патрэбна рассеяць туманы нашай памяці і належна ўвекавечыць імёны, “згубленыя” ў часе?” Як нярэдка бывае, водгук-удакладненне прагучаў амаль імгненна — ужо ў дзень выхаду газеты.
Патэлефанаваў падпалкоўнік Аляксей Пятроў. З размовы высветлілася, што Іосіф Фёдаравіч Макееў, пахаваны ў ліпені 1944 года каля Шпіталёў, усё ж знайшоў увекавечанне, але не ў нашым, а ў суседнім Кобрынскім раёне. Яго прозвішча выбіта на плітах у Кобрыне і пазначана ў тамтэйшай кнізе “Памяць”. Чаму ж так далёка ад першаснага пахавання?
Мяркую, гэтаму паспрыяла адміністрацыйна-тэрытарыяльная чахарда, што ахапіла БССР у сярэдзіне мінулага веку. Глядзіце самі, пасля скасавання ў жніўні 1959 года Жабінкаўшчыны вёска Шпіталі тройчы(!) пераходзіла да розных раёнаў: спачатку — Камянецкага, затым — Кобрынскага, нарэшце — Брэсцкага, пакуль нарэшце летам 1966-га не вярнулася зноў у склад адноўленага Жабінкаўскага. Відаць, перапахаванне Іосіфа Макеева з адзіночнай афіцэрскай магілы паблізу Шпіталёў у Кобрын адбылося ў 1963 ці 1964 годзе, калі вёска належала Кобрыншчыне. Хутчэй за ўсё, гэта прымяркоўвалі да 20-х угодкаў вызвалення Беларусі.
Ёсць пазнака пра Макеева і ў кобрынскай “Памяці”. Праўда, і тут не ўсё гладка. Дакументы ваенных часоў сведчаць, што герой загінуў не 20 ліпеня 1944 года, як сцвярджае гісторыка-дакументальная хроніка, а на наступны дзень. Адначасова памылкова афіцэр названы лейтэнантам, хоць насамрэч быў гвардыі лейтэнантам. У гэтым істотная розніца, паколькі 48-я стралковая дывізія ў ліпені сорак чацвёртага змагалася далёка ад нашых земляў — на Ленінградскім фронце. А вось 48-я гвардзейская стралковая дывізія, у якой служыў Іосіф Макееў, у тыя ж дні дзейсна вызваляла Беларусь.
Калі з пасмяротным лёсам Іосіфа Фёдаравіча дзякуючы Аляксею Анатольевічу разабраліся, дык іншыя неўвекавечаныя па-ранейшаму “завіслі” на стужцы часу.
Дасюль “у спісках не значацца” пахаваныя летам сорак чацвёртага ў жабінкаўскай зямлі 15 воінаў Чырвонай Арміі. Назавем іх пайменна.
Гэта гвардыі капітан Аркадзь Іванавіч МАРОЗАЎ (1916-1944), гвардыі малодшы лейтэнант Рыгор Іванавіч ЗОЛАТАЎ (1912-1944), гвардыі радавы Садык КАДРАЛІЕЎ (1903-1944), якія служылі ў згаданай 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Камандзіры і чырвонаармейцы 212-й стралковай дывізіі: лейтэнант Мікалай Іванавіч ХРАМЦОЎ (1918-1944), малодшы лейтэнант Анатоль Іванавіч КАМАРОЎСКІ (1924-1944), малодшы сяржант Зінур Іпатулавіч ТАНЕЕЎ (1923-1944). Старшы лейтэнант 23-й стралковай дывізіі Віктар Георгіевіч АРЛОЎ (1922-1944). Гвардыі радавы 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі Афанасій Сямёнавіч КУЧАРАВЫ (1909-1944). Камандзіры і байцы 61-й стралковай дывізіі: лейтэнант Якаў Іванавіч ІВАНОЎ (1903-1944), шарагоўцы Павел Якаўлевіч КУЛІКОЎ (1923-1944), Міхаіл Дарафеевіч КІСЯЛЁЎ (?-1944), Дзмітрый Яфімавіч ПАПОЎ (1925-1944) і Васіль Мікалаевіч ФРАЛОЎ (1908-1944). Чырвонаармейцы 152-й стралковай дывізіі Мікалай Ільіч БАНДАРЭНКА (1911-1944) і Мікалай Васільевіч ДУДАЎ (1908-1944).
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: пахаванне воінаў Чырвонай Арміі ў Кобрыне, дзе між іншымі знайшоў апошні спачын Іосіф МАКЕЕЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.