Спытаецца поле, ці араты гатовы

Засталося некалькі тыдняў да заканчэння каляндарнай зімы, аднак мы так і не дачакаліся снегападаў і завеяў. Нават апошні месяц — люты — не апраўдвае сваёй назвы, здзіўляе плюсавымі тэмпературнымі паказчыкамі. Якой будзе вясна — пакажа час. А пакуль у сельгасарганізацыях раёна аграрыі і механізатары рыхтуюцца да надыходзячых палявых работ. На чым будзем сеяць, расказвае начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу Аляксандр Чэрнік:
— Традыцыйна зіма дае “перадышку” аграномам і механізатарам пасля напружаных летніх і асенніх палявых работ. Сёлета ж надзвычай цёплае для халодных месяцаў надвор’е дазволіла рыхтаваць глебу і вывозіць арганіку на палі амаль без перапынку. Нават жарт з’явіўся: ёсць восеньскае ворыва глебы, ёсць яравое, а ў нас — яшчэ і зімовае з’явілася! Таму на рамонт тэхніку паставілі даволі позна. У цэлым у раёне налічваецца 200 трактараў, з якіх 35 — энерганасычаных. На іх і робіцца стаўка на правядзенне палявых работ. Па стане на пачатак лютага, адзінаццаць ужо стаяць на лінейцы гатоўнасці, яшчэ пяць патрабуюць рамонту. Напрыклад, у “Джон Дзіраў”, што знаходзяцца ў ААТ “Азяты Агра” і “Арэпічы”, няспраўны пярэдні мост, у “Беларусаў-3522” з ААТ “Хмелева” і “Жабінкаўскі” трэба рамантаваць рухавік і муфту шчаплення. А на гэтыя работы неабходна ад двух да пяці дзясяткаў тысяч рублёў. Таксама немалыя сумы патрэбны на рамонт камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў. Плаціць староннім арганізацыям за падрыхтоўку тэхнікі да палявых работ — дорага, таму стараюцца ажыццяўляць рамонт у мехмайстэрнях сваімі сіламі. Фактычна яшчэ ў снежні пачалі ладзіць глебаапрацоўчую тэхніку і прычапны інвентар ва ўсіх сельгасарганізацыях. Найбольш актыўна — у ААТ “Рагазнянскі”, “Жабінкаўскі”, “Вазнясенскі”, “Хмелева”. Прычым аб’ёмы выкананых работ прама прапарцыянальныя колькасці грашовых сродкаў, што гаспадаркі выдаткавалі на гэтыя мэты. І, мяркуючы па ўсім, гэтых сум яўна недастаткова на запланаванае. Сур’ёзныя пытанні ўзнікаюць і з забяспечанасцю мінеральнымі ўгнаеннямі. Каб правесці веснавую сяўбу, усяго раёну патрэбна 875 тон паліва.
Святлана БЯЛЯК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.