Песнямі-вяснянкамі, заклічкамі ды танцамі суправаджалася прыгожае свята “Гуканне вясны” ў дзіцячым садзе №5 горада Жабінкі.

Выхаванцы старэйшай групы “Званочак” разам са сваім выхавальнікам Святланай Раманчук і музычным кіраўніком Інай Шчасюк падрыхтавалі для бацькоў вакальныя і танцавальныя нумары, вясёлыя гульні ды забавы.


Святлана Сцяпанаўна расказала прысутным пра сутнасць абраду “Гуканне вясны”, што існуе на Беларусі з даўніх часоў і прысвечаны абуджэнню прыроды. “Вясна, вясна красная, прыйдзі, вясна ясная. Прыйдзі да нас хутчэй, сонейкам усіх абагрэй!” – спявалі нашы продкі, і песні-заклічкі перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Вось і сённяшнія дзеткі пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў далучаюцца да народных традыцый і абрадаў, убіраючы ў сябе сілу сваёй зямлі, Радзімы, роду.



























На працягу ўсяго мерапрыемства гучала сакавітая беларуская мова, а ў вуснах маленькіх “званочкаў” яна проста звінела. Дзеці зіму праводзілі, вясну гукалі, папяровых птушачак “у неба” запускалі.
– Самаробных рознакаляровых птушак нашы продкі вешалі як мага вышэй, упрыгожвалі імі садовыя дрэвы, хаты, гаспадарчыя збудаванні. Лічылася, што такім чынам сапраўдныя птушкі хутчэй заўважаць тыя мясціны, дзе іх вельмі чакаюць, – расказала вядучая Святлана Раманчук.






А калі выхаванцы пятага дзіцячага сада заспявалі “Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце!”, у вокны ярка засвяціла сонейка, нібы пачуўшы заклік малечы.
Атмасфера свята была настолькі вясновай, што пацяплела і ў музычнай зале дашкольнай установы, і ў сэрцах бацькоў, якія падтрымлівалі дзетак у якасці гледачоў.















Больше фото
Наталля ВАЛОШКА
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
