
У Дзень адчыненых дзвярэй Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў прыветліва сустракала гасцей. 4 красавіка дзверы школы гасцінна расчыніліся для тых, хто марыць звязаць сваё жыццё з творчасцю, і іх бацькоў.
Жадаючых стаць часткай вялікай творчай сям’і сёлета было вельмі многа, і гэта не магло не радаваць педагогаў школы мастацтваў. Яны падрыхтавалі для дзяцей сапраўднае падарожжа ў свет музыкі, танца, выяўленчага мастацтва.
Праграма Дня адчыненых дзвярэй складалася з дзвюх частак. У першай для гасцей выступілі юныя артысты з яркай канцэртнай праграмай. Адзін з галоўных яе герояў – Нязнайка – лічыў, што, каб іграць на розных музычных інструментах, не трэба вучыцца: узяў у рукі ды зайграў. Але ўдзельнікі мерапрыемства пераканалі Нязнайку, што ігра на любым музычным інструменце патрабуе не толькі таленту, але і ўседлівасці, сілы волі, старання. І ўвогуле вельмі важна рознабакова развівацца, займацца творчасцю: пець, танцаваць, маляваць, іграць на музычных інструментах.
Паслухаўшы і паглядзеўшы выступленні вучняў і педагогаў дзіцячай школы мастацтваў, Нязнайка быў так уражаны іх талентамі, што запісаўся ў навучэнцы творчай установы.
А ўразіцца было чым! Парадавалі і захапілі ў палон эмоцый дзіцячы духавы аркестр пад кіраўніцтвам дырэктара Жабінкаўскай ДШМ Вольгі Абрамчук, узорны аркестр народных інструментаў, якім кіруе Наталля Грэцкая, ансамблі скрыпачоў і цымбалістаў, баяністаў, акардэаністаў. Заварожвалі гукі фартэпіяна і домры, флейты і саксафона, кампазіцыі на якіх выканалі вучні школы мастацтваў.
Пасля канцэрта для дзяцей правялі захапляльны квэст, які дапамог бліжэй пазнаёміцца з установай пад дахам творчасці, яе класамі і настаўнікамі. Агнія Будзяркевіч і Маргарыта Аксёнава мараць навучыцца іграць на цымбалах, Сафія Самускевіч – на флейце, Аляксей Філатаў і Пётр Данілюк – на баяне, Аліна Шэмчук – на домры ці гітары. Кожны з іх і любы жадаючы мог паспрабаваць паіграць на названых музычных інструментах, а таксама на піяніна, акардэоне, саксафоне, трубе ды іншых.
А вось Еўфрасіння Шпак і Ульяна Папеня маюць схільнасць да малявання і стануць вучаніцамі мастацкага аддзялення. Дзяўчаты і хлопчыкі, што любяць танцаваць, зазірнулі ў харэаграфічнае аддзяленне, дзе рэпетыцыю новага танца праводзіла з вучнямі Алена Калюшык.
Дзень адчыненых дзвярэй – гэта час знаёмстваў, адкрыццяў і першых крокаў да вялікай мары. Галоўнае, што ўбачылі выкладчыкі школы мастацтваў – захопленыя вачаняты, шчырую зацікаўленасць і задаволеныя ўсмешкі юных гасцей.
Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў адкрыта для кожнага, каго вабіць чароўны свет творчасці.









Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
