
Некалі тутэйшы паэт Іван Кускевіч, згадваючы лёс “вогненнай вёскі” Драмлёва, гаротна прамовіў у сваім вершы: “Як падыдзеш, то ад болю сэрца стыне. О сястра-пакутніца Хатыні!” Лёсы жабінкаўскага сяла, спаленага карнікамі 11 верасня 1942 года, і вядомай вёскі Хатынь пад Мінскам, ператворанай у попел вясной 1943-га, сапраўды звязаны назаўсёды.
Праз чатыры дні беларусы ў смутку будуць згадваць ахвяр хатынскай трагедыі і соцень іншых “вогненных вёсак”, што не адрадзіліся пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.
Хатынь назаўсёды спыніла сваё існаванне 22 сакавіка 1943 года. На яе месцы быў адкрыты мемарыяльны комплекс, які даўно ператварыўся ў сімвал вялікай чалавечай ахвярнасці і мае сёння сусветную вядомасць. А пачынала сваё жыццё гэтая журботная памятка генацыду пад самотныя гукі званоў улетку 1969 года.
Мемарыял складаецца з некалькіх частак. У цэнтры комплексу – Вечны агонь і скульптура Няскоранага чалавека з забітым хлопчыкам на руках. Побач мармуровыя пліты нагадваюць дах адрыны, дзе карнікі спалілі вяскоўцаў. На брацкай магіле змяшчаецца Вянок памяці з тэкстамі сімвалічных зваротаў загінулых да жывых з просьбай берагчы мір і спакой на зямлі і адказы жывых спаленым хатынцам. На месцы кожнай знішчанай хаты – вянок зруба з абеліскам у выглядзе коміна са звонам ды імёнамі спаленых жыхароў. У мемарыяле пералічаны таксама найбольш буйныя лагеры смерці. Побач са сцяной Жалобы месцяцца Дрэвы жыцця з пералікам населеных пунктаў, знішчаных з жыхарамі, але адроджаных пасля вызвалення. На сімвалічных “Могілках вёсак” – урны з зямлёй са спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых пасля вайны вёсак. У іх ліку – і наша Драмлёва.
Дэлегацыя з Жабінкі з драмлёўскай зямлёй прыбыла на жалобны мітынг 5 ліпеня 1969 года, калі ўрачыста адкрываўся мемарыяльны комплекс “Хатынь”. У складзе дэлегацыі былі старшыня Сцяпанкаўскага сельсавета Іван Макасюк, колішні партызан Мікалай Плавух і драмлёўка Вера Кулінчык. Трагічным днём 11 верасня 1942 года яна адсутнічала ў вёсцы, якую палілі карнікі, таму пазбегла гібелі, але ўсё жыццё жыла з балючай памяццю па аднавяскоўцах.
Пазней Іван Макасюк згадваў тую паездку. Па яго словах на плошчы перад уваходам у мемарыял сабраліся людзі са спаленых вёсак. Раптоўна напружаная цішыня патанула ў журботнай мелодыі. На ўзвышша – там, дзе была пазнака пра Драмлёва і іншыя “вогненныя вёскі”, – узышлі жанчыны, апранутыя ва ўсё чорнае, і заспявалі памінальную жалобную песню. А затым да ўнікальнага “Могільніка вёсак” пачалося ўскладанне вянкоў. Больш такога помніка няма нідзе ў свеце. У ім захоўваюцца капсулы з зямлёй 185 мірных беларускіх паселішчаў, якія пасля вызвалення не вярнуліся да жыцця.
Сярод аўтараў мемарыяла ў Хатыні былі выдатныя майстры сваёй справы, чые таленты дазволілі стварыць надзвычай выразную і велічную памятку трагедый вайсковай пары. У ліку гэтых стваральнікаў – скульптар Сяргей Селіханаў і архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін. Усё яны праз год былі адзначаны Ленінскай прэміяй.
Самым маладым сярод аўтараў стаў Леанід Левін, якому было ўсяго трыццаць тры гады. За працяглае жыццё ён стварыў шмат адметных мастацкіх твораў, аднак мемарыяльны комплекс “Хатынь” назаўжды застаўся вяршыняй мастацтва выдатнага дойліда. Леанід Мендэлевіч стварыў шмат помнікаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Ён памёр у 2014 годзе. Незадоўга да смерці Леанід Левін у якасці старшыні гістарычнага таварыства “Трасцянец” паўдзельнічаў ва ўшанаванні ахвяр масавых яўрэйскіх расстрэлаў, што праводзіліся нацыстамі ў часы акупацыі. Захаваць памяць пра ліхалецце стала для яго справай усяго жыцця. Ёсць помнік, усталяваны з дапамогай слыннага дойліда, і ў нашым горадзе-спадарожніку. Ён нагадвае пра ахвяр Халакосту – жыхароў мястэчка Жабінка яўрэйскай нацыянальнасці, што былі знішчаны карнікамі ў 1942 годзе разам з Жабінкаўскім гета.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
