…А трымер аказаўся з дэфектам

У сваёй іскавай заяве Юрый Ц. указаў, што ён заключыў дагавор з таварыствам з абмежаванай адказнасцю на куплю-продаж бензінавага трымера коштам больш за паўтысячы рублёў. Пры атрыманні тавару яго дастаўшчык працаздольнасць трымера не дэманстраваў. Пакупнік спадзяваўся, што, як у той прыказцы, будзе касіць яго каса, пакуль раса, аднак не ўсё аказалася так, як меркавалася.

Калі ж праз некаторы час Юрый прыступіў да абкаткі трымера, нечакана выявілася, што пасля дзвюх гадзін экплуатацыі той перастаў запускацца. Апроч таго, стартар дрэнна працаваў: цяпер трымер даваў рывок тросу стартара і той перастаў самастойна вяртацца ў першапачатковае становішча. Што за непрыемная нечаканасць?

Юрый зняў крышку стартара і выявіў, што сцерліся пластыкавыя зачэпкі. Прычым за такі кароткі час дэталь яўна не магла падвергнуцца зносу. Дэфект Юрый сфатаграфаваў і заказным пісьмом з прэтэнзіямі ды патрабаваннем скасавання дагавору і вяртання грошай, якія ён заплаціў раней, накіраваў на адрас таварыства з абмежаванай адказнасцю, што прадала неякасны тавар.

Паколькі адказчык у добраахвотным парадку не задаволіў патрабаванне пакупніка аб скасаванні дагавору рознічнай куплі-продажу з-за дэфектаў у набытым трымеры і вяртання ўнесенай сумы грошай, Юрый урэшце звярнуўся ў суд.

Судом была прызначана экспертыза, якая ўстанавіла, што сальнікі былі ўсталяваны крыва і няшчыльна. Гэта вельмі важная дэталь, якая магла стаць прычынай перагрэву і ў далейшым паломкі рухавіка трымера.

Раённы суд рашыў скасаваць дагавор куплі-продажу бензінавага трымера, заключаны паміж Юрыем Ц. і таварыствам з абмежаванай адказнасцю. Акрамя таго, спагнаць з таварыства на карысць пацярпелага ўплачаную па дагаворы куплі-продажу грашовую суму, няўстойку за парушэнне тэрмінаў выканання патрабавання аб скасаванні дагавору і вяртання грошай за тавар неадпаведнай якасці, а таксама за нанесены маральны урон і вяртанне судовых расходаў.

Так што таварыства займела ўрок аб неабходнасці наладжваць адносіны з пакупнікамі так, каб не даводзіць справу да суда і, канечне, гандляваць толькі якасным таварам.

Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, старшыня суда Жабінкаўскага раёна; Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.