У старых газетах ды кнігах, што выходзілі і сто, і дзвесце гадоў назад, нярэдка даводзілася сустракаць цікавыя згадкі пра Булькова. Прычым такіх паселішчаў па меншай меры пара. Рака Мухавец у гэтых мясцінах раней была мяжой паміж Брэсцкім і Кобрынскім паветамі, а зараз раздзяляе Жабінкаўскі і Брэсцкі раёны. І пры гэтым на левым (нашым) ды правым (суседскім) берагах існуюць два Булькова.
Гэтыя вёскі-цёзкі глядзяцца, нібы ў люстэрка, праз раку, якая павольна коціць свае воды ў накірунку Брэста, дзе ўпадае ў Заходні Буг. Яшчэ дадамо, што на старых картах паміж жабінкаўскім Бульковам і Задзерцю пазначаўся таксама фальварак Падбулькова. Тут 95 гадоў назад пабачыў свет вядомы жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Іван Рэй (1930 – 2002), які ствараў сонечныя палотны з палескімі краявідамі і людзьмі, улюбёнымі ў гэты край.
Сустрэчы каля храма
Бываюць паселішчы, дзе старажытнасць блізка параднілася з сённяшнім днём. Булькова бясспрэчна адносіцца да такіх населеных пунктаў. Прыемна было адчуць, наколькі цікавяцца сваёй гісторыяй жыхары саражытнага сяла.
Мабыць, пагэтаму і спатканне вясковая стараста Алена Малахвей прызначыла ў гістарычным месцы.

– Сустрэнемся каля храма! – сказала яна.
Арыенцір быў выдатны, асабліва сярод густога туману, што літаральна схаваў вёску ў снежаньскі дзень, які зусім быў пазбаўлены снегу. Гэта ў XIХ стагоддзі, як пісалі этнографы, былі такія завеі ды снежань, што рух праз Булькова па старой Брэст-Маскоўскай дарозе (яе рэшткі і зараз бачныя) спыняўся надоўга, часам на тыдні! Цяпер ужо і не згадаеш, калі былі такія зімы , а сярод іх – моцныя маразы з вялікімі намётамі…
Царкву, названую ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы, мясцовы люд наведвае, каб памаліцца Богу, не менш за чатыры сотні гадоў. Храм узнік на рачным узбярэжжы, на моцным падмурку старадаўняй крэпасці, якая згадваецца ўжо ад пачатку XVII стагоддзя. З тае пары урочышча завецца Замчышчам, або Старым Замчыскам. Адсюль, як летапісцы калісь пісалі, некалі і пайшла булькоўская зямля. Пры гэтым некаторыя знаходкі сягаюць нават у дагістарычную эру. Уявіце сабе: калі праводзіліся работы ў Мухаўцы каля Булькова, аднойчы нават адшукалі рэбры… маманта! А яшчэ – свідраваную сякеру старажытнага чалавека. Знаходка з каменнага веку папоўніла багатыя сховішчы Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Настаяцель Свята-Успенскай царквы іерэй Пётр Дударчук ужо тузін гадоў на прыходзе. Акрамя таго, яму даручана ўзвядзенне храма-капліцы ў імя святой Валянціны Мінскай у аграгарадку Ракітніца. Гэтая адказная і высакародная справа вымагае шмат сіл, патрабуе дапамогі з боку прыхаджан. Пра іх айцец Пётр гаворыць наступнае:

– Людзі тут, як і паўсюль, розныя. На шчасце, ёсць сярод іх нямала з адкрытай, чыстай душой, гатовых дапамагчы нашаму храму і новай царкве, якая будуецца ў Ракітніцы (у гэтым буйным населеным пункце, дзе жывуць каля тысячы чалавек, ніколі раней не існавала ўласнага Дома Божага). Сярод такіх людзей хочацца назваць Ніну Васільеўну Астапук і Мікалая Аляксеевіча Грычыка. Ён хоць і адносна нядаўна пераехаў у Булькова, ды ўжо ўспрымае гэтае сяло як сваю часцінку. Не раз пра тое мы вялі даверлівыя размовы. Ну і, канечне, начале ўсіх добрых спраў стараста вёскі Алена Малахвей.
На тое Алена Сцяпанаўна запярэчыла: маўляў, мінуў зусім невялічкі тэрмін, як яна стала старастай, а таму галоўныя заслугі належаць яе папярэдніцы на гэтай пасадзе Ганне Дударчук.
Вось і вынікі падаспелі
На тое і канец года, каб падводзіць папярэднія вынікі. Ужо можна смела зазначыць: 2025-ы для Булькова і яго жыхароў выдаўся паспяховым і прыемным. Да слова, гэта тычыцца непасрэдна і самой старасты, бо пару месяцаў таму Алена Сцяпанаўна адсвяткавала ўласны залаты юбілей, а гэта ўздымае добры настрой, асабліва, калі побач родныя людзі.
Хоць Алена Малахвей і нарадзілася далёка адсюль у расійскай глыбінцы, ды лічыць сябе карэннай булькаўчанкай. Ёй было ўсяго дзесяць месяцаў, калі аэрапорт “Брэст” прыняў самы першы рэйс. На календары быў жнівень 1976 года. Сярод пасажыраў на борце самалёта, што ўпершыню праляцеў над Бульковам і прызямліўся на новай узлётна-пасадачнай паласе пад Брэстам, аказаліся не толькі Сцяпан Іванавіч і Тамара Міхайлаўна Шамайла, але і іх маленькая дачка Леначка. З таго часу гэтыя мясціны сталі для яе роднымі.

Да дзявятага класа яна вучылася ў Ракітніцкай школе, а затым у вучылішчы ў Маларыце, дзе набыла мноства навыкаў
– Працавала, вопыту набіралася, усяго патроху, бо адразу і не зразумееш, што ў жыцці спатрэбіцца, – расказвае Алена Сцяпанаўна.
Сапраўды, яна і кветкавод, і агародніну прафесійна вырошчвае, і згатаваць смачныя стравы можа, і за руль трактара здольная сесці… А яшчэ ніколі не забываецца людзям пасміхнуцца ды добрае слова ў іх адрас прамовіць. Столькі станоўчых якасцяў… і пры гэтым называе сябе… “лянівай”! Ды вось толькі аднавяскоўцы з гэтым не пагаджаюцца. Яны ж на ўласныя вочы бачаць, наколькі іх стараста адказная. А яна, у сваю чаргу, з прыемнасцю паведамляе пра дасягненні булькоўцаў. Алена Малахвей радуецца паляпшэнням, што прыходзяць у сельскае жыццё ў наш час.
– Усім хацелася, каб з’явіўся ў вёсцы асфальт, – прыгадвае суразмоўца, – і вось вясной-летам гэтага года ён быў пракладзены. За тое ёсць жаданне выказаць падзяку неабыякавым аднавяскоўцам. Яны не раз пісалі лісты, і іх просьбы былі пачутыя тымі, ад каго залежыць, каб жыццё на сяле наблізілася да гарадскога. Як вынік – добрая дарога кладзецца людзям пад ногі ды пад колы аўтамабіляў.
Цяпер жа ствараецца праект, каб цэнтралізавана правесці ў дамы вяскоўцаў пітную ваду, ачышчаную ад лішкаў жалеза.
У канцы 2025 года з’явілася ў вёсцы і яшчэ адна навацыя – фельчарска-акушэрскі пункт на колах. Перавагі ад мабільнага ФАПа абмяркоўвалі некалькі дзён.
– І да якіх прыйшлі высноў?
– Такі эксперымент, што праводзіўся ў нашым Булькове, прыйшоўся вяскоўцам даспадобы, – гаворыць стараста. – Лякарня на колах – зручная рэч, яе ўжо паспелі ацаніць тутэйшыя. Можна ціск памераць, сэрца паслухаць, аналізы здаць, звярнуцца па гінекалагічную дапрамогу, лекі набыць у аптэцы – увогуле, многае з таго, што патрэбна для прафілактыкі і лячэння. Навошта цяпер лішні раз пешшу ці на веласіпедзе дабірацца да Ракітніцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, калі можна дачакацца ФАП на колах у роднай вёсцы?
Гэтае пытанне адказу не патрабуе. А вось на свой калектыўны ліст, дасланы ў горад над Бугам, булькоўцы адказ чакаюць, бо ў сваім звароце ўзнімаюць чарговую важную для сябе праблему. Вёсцы яўна не хапае грамадскага транспарту, які мог бы дастаўляць жыхароў у Брэст і Жабінку. Балазе, Булькова размешчана прыкладна на аднолькавай адлегласці да раённага і абласнога цэнтраў.
Паміж мінулым і будучыняй
Кожны ведае, якое месца займае магазін у вёсцы. Загадчыца гандлёвай кропкі Галіна Аніскевіч вызначыла тое месца адразу:

– Нумар адзін і не ніжэй! Сюды нашы людзі прыходзяць не толькі, каб набыць нейкія прадукты, але і абмеркаваць вясковыя праблемы, расказаць пра ўсё, што набалела.
Крама размешчана адносна недалёка ад храма. Памерамі яна невялічкая, аднак асартымент задавальняе нават гараджан, якія ў летнюю пару нярэдка адпачываюць ў гэтых дзіўных мясцінах на мухавецкім узбярэжжы. Геаграфія наведвальнікаў, па словах Галіны Барысаўны, вельмі шырокая. Бываюць тут госці не толькі з Брэста, Гомеля і Гродна, але і з беларускай сталіцы, нават з Пецярбургу. І гэта пры тым, што хата, дзе месціцца крама, налічвае ўжо каля сотні гадоў. Падрабязней пра мінулае будынка дый усяго сяла стараста і прадаўшчыца параілі даведацца ў Віктара Гойнаша.
Віктар Міхайлавіч адчувае сапраўдную асалоду, калі расказвае пра булькоўскую даўніну. Тутэйшы краязнавец паказвае стары гасцінец і колішняе рэчышча Мухаўца, якое змяніла шлях. Па гэтай старадаўняй дарозе ў 1794 годзе рухаліся войскі генералаў Серакоўскага і Суворава, а ў вайну 1812 года ў Булькове спыняліся спачатку напалеонаўскія воіны, а затым кватэравала расійская армія адмірала Чычагава.
Аднак бульковец расказвае не толькі пра генералаў ды князёў. З асаблівым натхненнем распавядае ён і пра свой род: пра дзядоў (абодва былі Пятрамі) ды бабуль Аляксандру і Ганну. Тут і бацькі расказчыка нарадзіліся, і сам ён прыйшоў на свет, а таму для Віктара Гойнаша гэтая зямля блізкая і родная. Як аказалася, не толькі для яго. Жонка Наталія Аляксандраўна дадае:
– Яна, гэтая зямля, дае энергію, даруе выдатны настрой. Бывае, што пераначуеш у Брэсце, ды раптам так пачне у вёску цягнуць… Мо магніт нейкі?! Пратопіш тут печачку – нібыта жывыя лекі прымеш.
Пра адно толькі пашкадавалі і стараста, і Гойнашы, што праект “Взгляд” крыху спазніўся ў госці ў іх вёску, бо ў верасні пайшла з жыцця найстарэйшая булькаўчанка Ганна Васільеўна Шэйда. Баба Нюра набліжалася да свайго стагоддзя, аднак мела цудоўную памяць, рухавая была, у доўгі свой век працавала ў агародчыку. Пра яе нават перадачу на тэлебачанні здымалі, і ўсе здзіўляліся, наколькі моцная і мужная жанчына. Вось яна ў падрабязнасцях памятала, як спрадвеку жылі мясціны, дзе Мухавец павольна коціць воды…
Аднак на гэтым ўзбярэжжы і зараз жыццё бруяе, быццам нябачны, але надзейны мосцік перакінуты паміж мінулым і будучыняй. У гэтым можна лёгка пераканацца, калі адразу за вёскай патрапіць у вучэбна-развіваючы цэнтр “Парк Палянка”. Яго адміністратар Лізавета паведаміла, што цэнтр зараз расце, развіваецца для адпачынку дарослых і дзяцей. Для іх праводзяцца лазертагі, цімбілдзінгі ды іншыя забаўляльныя гульні, а цяпер будуецца яшчэ і абноўлены вяровачны гарадок. Усё гэта дапамагае падчас адпачынку ўзнімаць настрой гасцей, якія жадаюць адпачыць на гожым беразе Мухаўца. З гэтым цалкам згодны супрацоўнік вучэбна-развіваючага цэнтра Юрый Фядыніч. Юрый Феадосьевіч далучаецца да Лізавеціных слоў. А яны, тыя словы, усе прысвечаны святам, што вельмі хутка завітаюць не толькі ў “Парк Палянку”, але на ўсю нашу цудоўную планету. І мы таксама ўсім жадаем у Новы год і на Раство мець моцнае здароўе, мір, багацце і чароўнае каханне!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
АФІЦЫЙНАЯ НАЗВА — вёска Булькова (русск. Бульково).
МЕСЦАЗНАХОДЖАННЕ — Ракітніцкі сельсавет.
КААРДЫНАТЫ — 52°07′10″ пн. ш. 23°56′32″ у. д.
АДЛЕГЛАСЦЬ ДА ЖАБІНКІ — 16 кіламетраў.
ПЕРШАЯ ПІСЬМОВАЯ ЗГАДКА — 1583 год.
НАСЕЛЬНІЦТВА — 192 чалавекі (на 2025 год).
АФІЦЫЙНЫ СТАТУС — цэнтр праваслаўнага прыходу Свята-Успенскага храма (у 1896 – 1944 гадах і з 1990 года па сённяшні дзень).
БЫЛЫ СТАТУС — у XVII – XIХ стагоддзях складала Булькоўскае графства Масальскіх, а затым Ажароўскіх, у перыяд Расійскай імперыі вёска была цэнтрам асобнага сялянскага таварыства, у якое таксама ўваходзілі з 1862 года Задзерць і Зарэчча.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 2%
