ЗАДЗЕРЦЬ: тут жывуць працавітыя людзі

На гэты раз праект “Взгляд” дазваляе ўважлівей прыглядзецца да вёскі Задзерць. У яе не зусім звычайная назва. Аднак яна шмат можа расказаць пра першапасяленцаў. Гэта бясспрэчна былі ўвішныя да працы людзі. Каб уладкаваць будучае паселішча, ім давялося спачатку пасекчы навокал дрэвы ды кустоўе, ачысціць зямлю, выкарчаваць (“здзерці”) ад пянёчкаў і затым ствараць палі. Толькі так можна было сярод палескай дрыгвы, дзе ў ХVIII стагоддзі ўзнікла Задзерць, расціць хлеб, садавіну, гародніну. Уявіце, як шмат патрабавалася намаганняў, каб сяляне маглі атрымаць добры ўраджай ды пракарміць свае сем’і. Вядома, з часам у вёсцы адбылося шмат зменаў. Нават тое, што спрадвеку тутэйшых звалі “задэрцамі”, памятаюць выключна старажылы. І ўсё ж галоўнае сучасныя жыхары Задзерці захавалі: тут па-ранейшаму жывуць працавітыя людзі.

Дзе здаўна прапісалася прыгажосць?

У гэтым не аднойчы давялося ўпэўніцца падчас падарожжа па вясковай вуліцы Цэнтральнай. Своеасаблівым гідам стала стараста Алена Трафімук. Найперш яна прапанавала завітаць у хату, дзе прапісалася прыгажосць.

І гэта вельмі трапнае вызначэнне. 77-гадовая Паўліна Марчук сустрэла нас у акружэнні шматлікіх рэчаў, вышытых і сатканых яе ўмелымі рукамі. Майстрыха нарадзілася ва Украіне, жыла з бацькамі на аддаленым хутары. Паўліна Рыгораўна расказвае, як у кастрычніку 1980 года “адкрыла новы свет” і стала “задэрцай”, калі з мужам Дзмітрыем перасялілася ў Беларусь. Тут яны атрымалі не толькі прытулак, але й працу ў мясцовай гаспадарцы.

І трэба зазначыць: вёска з першых дзён прыняла новых жыхароў. Як прыгадвае жанчына, людзей тады было шмат. Падворкаў вялікіх, заможных, дзе шчыравалі працавітыя людзі, налічвалася мноства. Адразу сэрца сагрэла ветлівасць тутэйшых:

– Прынялі нас яны хораша, нібыта сваіх, карэнных. Да каго не звернешся па дапамогу – кожны дапамагчы быў гатовы.

Марчукі прыехалі вялікай і дружнай сям’ёй. У ёй гадаваліся ажно сямёра дзяцей.

– З гадамі мая сям’я яшчэ большай стала. Былі ў нас з Дзмітрыем дочкі і сыны Таня, Рая, Наташа ды Галька, Сяргей, Коля ды Іван. А цяпер ужо я зусім багатая, бо маю ўнукаў ажно 18 ды праўнукаў 17! – вядзе свой радаводны падлік бабуля Паўліна, і бачна, які гонар адчувае, што такое багацце мае.

Паўліна Рыгораўна шмат гадоў адпрацавала на ферме. А калі час выпадаў, сядала ткаць або вышываць, бо з дзяцінства мела ў гэтым патрэбу. Захапленне народнай творчасцю перадалося ад бабулі Еўдакіі, што пражыла сто тры гады, да самага скону ўмела рабіць хараство і ўнучку гэтаму вучыла.

Цяпер ужо і сама Паўліна Рыгораўна даўно бабуля, а таму працягвае сямейныя традыцыі праз тыя вышытыя рушнікі, падушкі, абразы, створаныя з бісеру. Многія свае вырабы жанчына падаравала родным людзям з пажаданнем, каб жылі ў здароўі, шчасці і радасці.

Захацелася ў вёсцы жыць

Насупраць дома, дзе жыве Паўліна Рыгораўна, тры разы на тыдзень спыняецца аўталаўка. Так супала, што як толькі выйшлі за веснічкі Марчуковай хаты, якраз пад’ехала гандлёвая кропка на колах. На сяле гэта звыклае месца сустрэч. Вяскоўцы сабраліся, каб набыць тавары і тым часам падзяліцца навінамі. Калі заўважылі карэспандэнта, ахвотна і шчыра пахвалілі абслугоўванне. Маўляў, яно выдатна наладжана ў Задзерці, “у аўталаўцы ёсць усё, што трэба для народа, выбар шчодры – толькі грошы давай”. Адзінае хвалюе: захаванне аўтамабілістамі хуткаснага рэжыму, каб не імчаліся па населеным пункце машыны, бы шалёныя (асабліва летам, як прыязджае сюды больш дзяцей). Стараста Алена Трафімук ужо перадала ў Ракітніцкі сельвыканкам гэтае пажаданне аднавяскоўцаў.

Усе іх праблемы і пытанні Алена Яўгенаўна ўспрымае як свае. І працягваецца гэта вось ужо дзесяць гадоў – з таго часу, калі перасялілася з абласнога цэнтра ў Задзерць.

– Горад надакучыў, – прызнаецца вясковая стараста, – захацелася жыць ад яго далей. Выбірала сярод розных вёсак у блізкіх ад Брэста раёнах, а спынілася менавіта ў Задзерці. Населены пункт прывабіў цішынёй і магчымасцю праявіць сябе ў сельскай гаспадарцы.

Трэба сказаць, жаданне такое ў гараджанкі існавала. Каб мара стала яваю, быў набыты ўчастак, дзе можна было не толькі будавацца, але і разгарнуць сваю справу, якую і распачала з мужам Іванам Мікалаевічам.

Першапачаткова Алена Трафімук мела падтрымку ад тагачаснай старасты Марыі Мацкевіч. Калі некалькі гадоў таму Марыя Сямёнаўна сабралася на заслужаны адпачынак, дык прапанавала Алену Яўгенаўну ў старасты, а аднавяскоўцы тую прапанову ахвотна падтрымалі.

Час ідзе, прыносіць змены. Як зазначае стараста, адметным стаў мінулы год. Па-першае, дабротная асфальтаваная дарога злучыла Задзерць з Ракітніцай. У мінулым засталіся часы, калі было нязручна дабірацца з вёскі ў аграгарадок. А па-другое, непасрэдна па вуліцы Цэнтральнай “пракрочылі” новыя слупы і была ўсталявана сучасная лінія электраперадачы, што дазволіла наблізіць вяскоўцаў да гарадскіх дабротаў. Вядома, немалая заслуга ў гэтым мясцовых жыхароў і іх старасты. Яны не раз звярталіся да ўлад і цяпер удзячныя кіраўніцтву раёна за тыя змены, што літаральна на вачах адбыліся ў іх сяле.

У чаканні чароўных святаў

Таццяна Казека – адна з тых, хто зменам у роднай вёсцы шчыра радуецца. Задзерць для яе – малая радзіма. Адсюль паходзіць яе род, сюды праз гады маладая жанчына і вярнулася. Нездарма кажуць “Высока птушка лятае, ды на зямлю ўсё роўна сядае”. Гэтая прыказка цалкам пасуе Таццяне Мікалаеўне, якая проста свеціцца, калі весела расказвае пра сваё жыццё:

– Мяне вельмі прыцягвае праца на зямлі. Так-так, маё захапленне ў глебе закапанае. Столькі ўжо давялося зямелькі перабраць рукамі, каб вырасціць кветкі альбо бульбачку ды ўсяго рознага смачненькага, што да стала гасцям можна падаваць.

Таццяна расказвае пра перавагі для сябе вясковага ладу жыцця:

– Раней з мужам Мікалаем мы жылі ў Брэсце. Калі ў іншы свет пайшла матуля Пелагея Ульянаўна, вырашылі: не трэба дому пуставаць. Каб спадчына захавалася, вярнуліся сюды. Бачыце? Будуемся і робім пры гэтым усё па-сучаснаму.

Дзеля таго аказаліся вельмі запатрабаванымі сапраўды залатыя рукі гаспадара дома. Яго будаўнічыя ўменні даўно ацаніла не толькі жонка, але і суседзі, жыхары розных мясцін, дзе ведаюць Міколава майстэрства.

Сям’я ўжо пусціла ў Задзерці свае карані. Таццяна і Мікалай амаль аднагалосна сцвярджаюць:

– У горад заязджаем, і агульная думка хутка наведвае: “Як бы хутчэй дамоў вярнуцца!” І дом наш толькі тут, сярод працавітых людзей і выдатнай прыроды.

Сына Сямёна пасля трох класаў перавялі ў Ракітніцкую школу. Хлопчыку таксама вельмі падабаецца. Ён набыў сяброў, пачаў вучыцца ў музычнай школе іграць на гітары.

У хаце адчуваецца набліжэнне святаў. Ужо зіхаціць агеньчыкамі ялінка – сімвал Новага года і Раства Хрыстова, якія хутка завітаюць у госці да гэтай прыгожай сям’і. Не абмінуць святочныя дні і кожнага з нас. А мы наступным разам не праедзем міма вёскі Булькова – апошняй кропкі на карце нашага праекта.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

АФІЦЫЙНАЯ НАЗВА — вёска Задзерць (русск. Задерть).

МЕСЦАЗНАХОДЖАННЕ — Ракітніцкі сельсавет.

КААРДЫНАТЫ52°05′59″ пн. ш. 23°59′32″ у. д.

АДЛЕГЛАСЦЬ ДА ЖАБІНКІ — 14 кіламетраў.

ПЕРШАЯ ПІСЬМОВАЯ ЗГАДКА — 1794 год.

НАСЕЛЬНІЦТВА — 50 чалавек (на 2025 год).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.