Наш журналісцкі праект ужо бываў у Буснях, наведваў “Взгляд” і вёску Стрыганец, а зараз на маршруце – Стрыганецкія Бусні. Ужо назвы падказваюць: відавочна, паміж гэтымі паселішчамі існуе пэўная сувязь. Хоць Стрыганецкія Бусні і маюць самую доўгую назву сярод населеных пунктаў Жабінкаўшчыны, ды з’яўляюцца адным з найменшых па колькасці жыхароў у Ракітніцкім сельсавеце ды самым маладым паселішчам. Час, калі людзі пачалі набываць тут надзелы, прыпадае на памежжа ХІХ і ХХ стагоддзяў.
Кожны раз, калі даводзіцца праязджаць дарогаю на Старое Сяло і бачыць указальнік, што зусім блізка Стрыганецкія Бусні, воляй-няволяй згадваеш: гэта не простая кропка на карце, а малая радзіма маіх дзядоў-прадзедаў, дзе прыйшоў на свет бацька Расціслаў Мацвеевіч. Да яго звярнуўся, каб прыгадаў, як жылі людзі на гэтай зямлі.
Наканавана быць летапісцам
Не толькі вялікія гарады, але і маленькія вёскі часам атрымоўваюць шчасце займець сваіх летапісцаў – тых, хто ўвесь век адданы роднай зямлі, што дала ім жыццё.
Пісьменнік і журналіст Расціслаў Бензярук нарадзіўся ў гэтых мясцінах, якія называе “акрайцам” Стрыганца, каб стаць для іх сапраўдным летапісцам. Ён ужо размяняў дзявяты дзясятак і ўвесь гэты час не стамляецца выказваць пашану сваёй малой радзіме.

– Доўга, вельмі доўга я не ў сіле быў уцяміць, чаму столькі жыву на зямлі, – гаворыць Расціслаў Мацвеевіч. – Пакуль не прыйшло ўсведамленне, што сам я пастаянна выконваю ролю летапісца майго роднага кута. Дужа захацелася паверыць, што для гэтай мэты Бог затрымлівае мяне на гэтым свеце.
У памяць і гонар роднага паселішча, заўважае старэйшы нараджэнец гэтых мясцін, з часам напісаліся аповесць “З посахам у дарогу”, шматлікія вершы, у тым ліку “Жыццё размотвае гадоў клубок”, і нават вялікі раман, дзе героямі сталі вядомыя Расціславу Бензеруку з дзяцінства мясціны і людзі.
Пісьменнік-расказчык прыгадвае гісторыю пра роднае паселішча, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, як легенда. Казалі, гэтыя землі калісь належалі маладому панічу. Той захапляўся жанчынамі ды картамі. Апошнія і змусілі гульца закласці сваю зямлю ў Сялянскім банку. Марыў адыграцца, ды не спраўдзілася – азарт зрабіў банкротам. Вымушаны быў пакінуць распіску, што банк мае поўнае права распараджацца панскаю зямлёю, а сам назаўжды з’ехаў у Варшаву. У банку, своечасова не атрымаўшы аплату па вэксалях, вырашылі прадаваць зямлю. Канечне, знайсці такога багатага чалавека, каб купіў увесь надзел, не ўдалося, таму сталі прадаваць па частках. Якраз былі часы Сталыпінскай зямельнай рэформы, якая заклікала дбайных гаспадароў перасяляцца на хутары.
Некаторыя сяляне вёскі Бусні пазычылі ў банку грошы і набылі сабе ўчасткі, падаўжаючы і без таго доўгі Стрыганец. Новыя стрыганчукі (а іх прынялі адразу і прызналі) утварылі сваю Галоўную (і адзіную!) вуліцу. У хуткасці збудавалі на ёй амаль два дзясяткі хат. Такім чынам, побач аказалася шмат родзічаў і аднафамільцаў.
Расціслаў Мацвеевіч з настальгіяй прыгадвае былых аднавяскоўцаў, быццам запрашае прайсціся па той Галоўнай вуліцы яго дзяцінства.
Надзелы ў паселішчы выдзяляліся калісьці з захаду на ўсход. Гэтак сяліліся Крыўцы, тры сям’і Пратасюкоў (нашы родныя і іх сваякі), за імі – Дземенюкі і вялікі разгалінаваны род Дубінаў, а затым – Андраюкі, браты Макарукі, завяршала вёску сяліба Магіркаў.
Усе жылі ў мірнай працы. Галоўным выпрабаваннем стала вайна, якая нарабіла бяды: на фронце загінуў, вызваляючы Польшчу, гвардыі радавы Мацвей Бензярук, а ў роднай вёсцы быў расстраляны немцамі Раман Магірка, у якога акупанты адшукалі ў хляве вінтоўку, знойдзеную ў лесе ў першыя дні ліхалецця.
падраздзел Ад нараджэння мілы сэрцу край
– Мясціны, дзе праходзіла маленства, мне здаваліся вельмі гожымі, – працягвае свой расповед пісьменнік-летапісец. – Усё наваколле я абхадзіў з пастушковым кійком, кожнае ўрочышча ведаў пайменна, і для мяне яны сваёй прывабнасці не згубілі дасюль. Бо дзе яшчэ стрэнеш такі Выган, такі Савінец, як у нас?!
Як літаратару і фалькларысту Расціславу Бензеруку вельмі хочацца, каб і надалей у людской памяці захоўваліся назвы стрыганецкіх урочышчаў Тама, Недзіны Карчы, Кружок.
Грэюць слых апошняга нараджэнца Стрыганецкіх Буснёў таксама назвы палёў Залужжа ды Падрэчча, а паміж імі, памятаецца, існавала вельмі тонкая палоска сенакосу, якая так і звалася – Шыя. Былі яшчэ лугі Лонкі ды лясок Асіна, дарогі Гліна і Гасцінец, а таксама ўрочышчы пана Амерыканца і Лександра (з націскам на апошнім складзе). Хто былі тыя Амерыканец ды Аляксандр, што “падаравалі” свае мянушку і імя надзелам стрыганецкай зямлі, ужо ніхто і не згадае…
Усе гэтыя назвы, нібыта сабраўшы ў жменьку, пісьменнік аднойчы склаў і занатаваў у вершах “Прызнанне”, “Роднай зямлі” і “Песня вернасці”. Для малой радзімы, мілай ад нараджэння, у паэта знайшліся самыя чулыя, пранікнёныя рыфмы.
Гэтыя мясціны сёння не пазнаць
Паселішчы, як і людзі, маюць сваю біяграфію. Народжаны ў 1901 годзе населены пункт захоўваў сваё імя да канца 1980-х. Усё пачало моцна мяняцца, літаральна на вачах, яшчэ з шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя.
У тыя часы маладыя людзі пасля атрымання сярэдняй адукацыі пакідалі паселішча, з’язджалі ў Жабінку, Брэст, Кобрын, а то і да сталіцы дацягнуцца маглі, так што гэтая частка Стрыганца стала мялець, як ручай у спёку. Паселішча абязлюдзела, а затым аддзялілася ад астатняй вёскі. Тады і надалі “акрайцу” новы статус – хутар Стрыганецкія Бусні.


Змены, уласцівыя сучаснасці, бачныя адразу, калі трапляеш сюды. Апошні жыхар Анатоль Дубіна, які нарадзіўся ў гэтым паселішчы, памёр амаль дваццаць гадоў таму. Тыя нешматлікія сённяшнія жыльцы – прышлыя, галоўным чынам з Брэста. Хат усё меней – на іх месцы будуюць сучасныя добраўпарадкаваныя катэджы.
Стараста Стрыганца і Стрыганецкіх Буснёў Ірына Ярац гаворыць, што ў паселішчы налічваецца ўсяго чатыры сядзібы, але ўчасткі пакрысе забудоўваюцца. Афіцыйна жыхароў налічваецца толькі пяцёра чалавек. Канечне, у выхадныя дні ды ў летні перыяд іх становіцца прыкметна больш, калі прыязджаюць гарадскія жыхары і часова становяцца вясковымі. Усё ж свежае паветра спрыяе адпачынку.

Радуе і тое, што тут развіваецца прадпрымальніцтва, прынамсі, вялікі ўчастак пры ўездзе ў Стрыганецкія Бусні засаджаны буякамі.
– Ёсць і яблыневы сад, дзе вырошчваюць вельмі экалагічна чыстыя плады, – гаворыць Ірына Сямёнаўна.
Цяпер час прыйшоў развітацца з населеным пунктам, народжаным амаль 125 гадоў таму, каб пазнаёміцца з вёскай з дзіўнай назвай Задзерць.
Ёсць у раёне Залуззе, якое ўзнікла за лугам. Існуюць Замошаны, збудаваныя за мохавым балотам. А што азначае Задзерць і як жывуць у ім жыхары, праект “Взгляд” таксама хутка раскажа.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
