СТРЫГАНЕЦ: “Тут усе мае блізкія людзі”

Лістапад застаў праект “Взгляд” зноў у дарозе. На чарзе – вёска Стрыганец, і гэта не простая кропка на карце, а вельмі блізкая для мяне зямля, скуль паходзіць бацькоўскі род. Таму і сустрэчы, што адбываліся ў вандроўцы, адзначаліся асаблівай цеплынёй і дабрынёй. Некалі стрыганчукі бачылі вайсковыя паходы, у тым ліку знакамітага Аляксандра Суворава і шматлікай напалеонаўскай арміі. А цяпер тут жывуць выключна ветлівыя мірныя людзі, звязаныя з працай, прысвечанай роднай зямлі.

Іх вёска існуе вось ужо не адно стагоддзе паблізу ўзбярэжжа рэчкі Асіпоўкі. І пры гэтым паселішча выглядае надзвычай сучасным, дзе шмат дамоў не толькі звонку, але і знутры ўтрымліваюць выразныя прыкметы сённяшняга “прасунутага” веку, дзе сельскім жыхарам даступны вельмі многія даброты – тое, чым раней маглі карыстацца толькі гараджане.

Пра гаючую зямлю, што адвяла бяду

Стрыганец для старасты вёскі Ірыны Ярац у 1988 годзе стаў другой радзімай, а стрыганчукі – блізкімі людзьмі. Ірына Сямёнаўна прыйшла на свет у Сітніцкім Двары, на Лунінеччыне. Там бы і век свой пражыла, каб не выбухнула чарнобыльская злыбяда. Урачы параілі жанчыне і яе мужу Васілю Васільевічу, каб уратаваць здароўе дзяцей, асабліва старэйшай Наталіі, вывезці іх у чыстую зону – жабінкаўскі край. І о цуд! Адразу – нават лекаў не спатрэбілася – васьмігадовая Наташа стала здаравець. Сапраўды, нібыта гаючая зямля адвяла чорную бяду. Мабыць, тое, што дзяўчынка перажыла ў дзяцінстве, паўплывала і на яе далейшы лёс: Наталія, як вырасла, звязала яго з медыцынай, дапамагае людзям, якім хвароба перашкаджае жыць.

Сярэдняя дачка Аляксандра знайшла сябе ў гандлі, працуе ў мясцовай краме (з ёю нам яшчэ давядзецца сустрэцца, бо магазін на сяле – выдатнае месца для сустрэч, куды людзі прыходзяць не толькі, каб набыць розныя пакупкі, але і даведацца пра апошнія вясковыя навіны). Звычайна Аляксандру Васільеўну ў сям’і завуць пявучым імем Алеся. Так да яе звяртаюцца і аднавяскоўцы.

А вось наймалодшая дачка Святлана вырашыла ўслед за мужам пераехаць у абласны цэнтр, дзе шые жаночае адзенне. Такім чынам, усе тры сястры знайшлі сябе ў жыцці і кожная, як матуля, карысная людзям.

Ну, і вядома, дочкі ўжо пяць разоў “прысвоілі” маме пачэснае званне бабулі. Тая гаворыць з гонарам:

– Унукі мае, Алесевы сыны, Кірыл, Дзяніс і Дзмітрый – высокія, мажныя хлопцы, як дубочкі. Уваходзяць у памяшканне – прыгінаюцца, каб галовамі не ўдарыцца. Мяне абдымаюць, а на сэрцы, ведаеце, так заўсёды цёпла становіцца.

Радуюць і Наташыны дочкі Ганна ды Вікторыя. Род мае свой працяг ужо і ў праўнуку Уладзіку, якому споўніўся год і два месяцы.

– Вёска расце, бы на дражджах, – гаворыць стараста. – Нямала дамоў і надзелаў набываюць выхадцы з Брэста. Людзі актыўна будуюцца. Цяпер у вёсцы 114 гаспадарак. Калі нешта патрабуецца, Ракітніцкі сельвыканкам заўсёды ідзе нам насустрач.

Падчас школьных канікул (і не толькі летніх) у вёсцы прыкметна становіцца больш дзяцей. Вядома, нашчадкі стрыганчукоў вяртаюцца з гарадоў, нават са сталіцы. Было б добра, на думку старасты, каб для маленькіх гарэзаў у канцы Стрыганца ўзнікла дзіцячая пляцоўка. Гэта будзе карысна для іх бяспекі, прынясе масу радасці юным жыхарам старога сяла і яе гасцям.

Месца сустрэчы змяніць нельга

Аграгарадок Ракітніца і вёска Стрыганец – як брат з сястрою: толькі нешырокі раўчук аддзяляе населеныя пункты, таму не паспееш выехаць з аднаго, як трапляеш у другі. Нават галоўныя вуліцы абодвух паселішчаў ствараюць працяглую дарогу ў шэсць кіламетраў. А паміж людзьмі ўвогуле цяжка правесці нейкія межы. Яны з веку ў век радніліся, многія сем’і маюць агульныя вытокі.

Як нярэдка бывае, любімым месцам сустрэч для стрыганчукоў з’яўляецца мясцовая крама, дзе кожнага пакупніка з ласкавай усмешкай сустракае прадавец Аляксандра Чучко. Ужо больш за чвэрць веку яна абслугоўвае землякоў.

– Яны ў мяне усе, як свае, – гаворыць Аляксандра Васільеўна. – Так-так, тут усе мае блізкія людзі. Неяк мне нават прапанавалі перайсці на працу ў Ракітніцу, дзе маю жыллё, ды так да гэтага месца і людзей прыкіпела, што адмовілася. Стрыганец – частка мяне. Як гэтую вёску і працу ў ёй змагу пакінуць?

Тым больш, што пару гадоў таму ў стрыганецкай краме адбыўся шыкоўны рамонт. Пра гэта Аляксандра Чучко гаворыць з асаблівым задавальненнем ды ўдзячнасцю да мясцовых улад. Каб абноўлены “Родны кут” расчыніў дзверы перад наведвальнікамі, як сапраўдны штаб рамонтных работ, актыўна працаваў вясковы чат. У ім стрыганчукі штодня бачылі фотасправаздачы, а ў іх – сведчанні таго, што ўжо зроблена, як справы рухаюцца… І якую ж радасць мелі тутэйшыя жыхары ў сонечны лютаўскі дзень 2023 года, калі ўрачыста з удзелам раённага і абласнога кіраўніцтва свае дзверы расчыніла крама ў Стрыганцы. Такі выдатны падарунак аказаўся даспадобы людзям усіх узростаў, асабліва пажылым. Калі людзям залатога веку бывае цяжка дайсці да магазіна, Аляксандра Васільеўна развозіць ім харчовыя і прамысловыя тавары. Усё, што вясковаму жыхару патрэбна, ёсць у асартыменце, а калі ў нечым узнікае патрэба, стрыганчукі ведаюць: хутка ўсё даставяць па заказе з Брэсцкай гандлёвай міжраённай базы.

“Родны кут” не абмінаюць ні малыя, ні старыя. Тут спаткаліся з маленькім Мікіткам і яго бабуляй Светай. Абслугоўваючы іх, Аляксандра Чучко заўважыла:

– Час ідзе, нават бяжыць, а дзеці на вачах вырастаюць. Нядаўна Мікіта быў сапраўды “ручным”, а цяпер, гляньце, такі жвавы, няўседлівы, бабуля з дзядулем за ім дабегчы не могуць у ягоныя тры хлапечыя гады.

Сярод пакупнікоў сустрэлі, між іншым, 85-гадовую Галіну Паўлаўну Касьянчук. І гэтае спатканне, што пачалося ў краме, мела працяг у яе хаце.

Госцю з дарогі – ходнікі пад ногі

Галіну Паўлаўну мы шукалі невыпадкова, бо стрыганчукі далі ёй характарыстыку як чалавеку, што “жыве ў вёсцы доўга ды ведае шмат”. Аднак непасрэдна ў хаце яе спачатку знайсці не атрымалася. Было няцяжка дапусціць, што старажыл вырашыла пайсці ў краму. Так і аказалася.

Размова атрымалася душэўная. Увесь час у вачах адной са старэйшых жыхарак Стрыганца прамянелі гарэзлівыя агеньчыкі. Хоць і папрацаваць ёй давялося няпроста (усё ж, як кажа, яна доўга кароў даіла, а гэтую працу лёгкай не назавеш), Галіна Касьянчук і ў свае восемдзесят пяць – чалавек вельмі пазітыўны, з агеньчыкам. Над такімі, кажуць, час улады не мае. У яе хаце надзвычай цёпла і ўтульна. Паўсюль прыбрана, на падлозе – даматканыя ходнікі.

– Самі ткалі? – пытаюся.

– Не, ходнікі не ўмею. Як замуж пайшла за свайго Станіслава (звалі яго звычайна Стахам), гэта мне свякроў Пелагея Пятроўна падаравала, села за станок ды зрабіла маладым у падарунак. А вось вышываты я магла, – распавядае народная ўмеліца. – Маладыя ж вышываты не ўмеюць, а мае вырабы і зараз харошыя.

А калі пахваліў яе ўмельства, прыгадала, што калісь пра яе як майстрыху пісала “Сельская праўда” і засмяялася:

– Ой, і ўзнялі мне настрой! Радая, што прыйшлі. Раней жа на кожнай карточцы былі ў мяне рушнікі. Сем класаў кончыла, начытаная. Я ж сама дошла до гэтай навукі, як шыць, як жыць…

Жыццё тое амаль 55 гадоў звязана са Стрыганцам, куды пераехала ўслед за мужам на велікодным тыдні 1971 года. З дапамогай маці Станіслаў набыў хату, дзе ў сям’і нарадзіліся сын Віктар ды дочкі Ліда і Таццяна.

Не менш багаты род у яшчэ аднаго старажыла – Надзеі Андрэеўны Крупко, якая ў самым канцы мінулага года адсвяткавала сваё 85-годдзе. Калі яна нарадзілася, у Заходняй Беларусі толькі-толькі ўсталявалася Савецкая ўлада, а неўзабаве і вайна прыйшла.

– Трохі ліхалецце памятаю, – гаворыць жанчына, – як самалёты ляцелі, а мы, цікаўныя, на іх глядзелі. Яшчэ не зналі, што яны бяду нясуць. Гудзелі высока, як чорныя птушкі.

А бацькі ўжо бяду адчувалі. Сыноў і дачок у Андрэя Купрыянавіча і Феадосіі Раманаўны (яна са Стэльмашукоў паходзіла) было пяцёра. Мама ў схрон усіх дзяцей цягнула, а дачушка трымала зусім маленькага браціка Паўла. Ратаваліся, як маглі, ад тых “птушак”. Як адгрымела вайна, Надзея скончыла сямігодку ў Рагозне, хацела і далей вучыцца, ды матуля раптам захварэла. 1957 год прынёс дзве трызны: вясной мамы не стала, а восенню пахавалі і бабулю. Давялося дзяўчыне дапамагаць па гаспадарцы, узяць на сябе няпростыя жаночыя справы.

Так працягвалася, пакуль, як прыгадвае Надзея Андрэеўна, не здарыліся змены:

– Прыйшоў Кужко Васіль і ўзяў мяне замуж.

Муж быў старэйшым па ўзросце, вайну прайшоў, ордэн Славы заслужыў, баявыя медалі атрымаў.

– Душа ў душу жылі?

– Ну, звычайна жылі, – удакладніла жанчына, хоць адчувалася, што “звычайна” ў яе вуснах – гэта і ёсць хораша і душэўна.

Жыццё сваё Надзея Крупко прысвяціла працы і родным людзям. Каля 35 гадоў яна шчыравала ў сельскай гаспадарцы, была і ў паляводстве, і ў жывёлагадоўлі. За тое мела мноства ўзнагарод, нават на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве пабывала, куды родны калгас выпраўляў найлепшых працаўнікоў.

А ўся багатая гісторыя стрыганецкай сям’і ўвасоблена ў шматлікіх чорна-белых і каляровых фота, якія зберагае жанчына залатога веку з сярэбранымі валасамі. Як самы каштоўны падарунак у прыгожай хаце Надзеі Андрэеўны беражліва захоўваюцца фотаздымкі ўсіх яе родных. На адным з іх, у сасновым бары, наймалодшы прадстаўнік сям’і Лёва радуецца вялізнаму грыбу, знойдзенаму ў лесе.

Бабуля пазірае на падарунак, атрыманы ад дзяцей, унукаў, праўнукаў, ды разважліва гаворыць:

– Цяпер ужо з кіёчкамі рухаюся, а родныя мае для мяне найлепшая падтрымка. Я змянілася, і вёска змены перажывае. Шкадую, што многія, каго памятаю, пайшлі ў іншы свет. А цяпер маладыя на змену ідуць, ёсць сярод іх нямала кемлівых, разумных, працавітых.

На такой пазітыўнай ноце мы развіталіся са старажылам вёскі Стрыганец, каб працягнуць сваё падарожжа па населеных пунктах Ракітніцкага сельсавета. У ім яшчэ засталіся цікавыя кропкі на карце, дзе чакаюць журналісцкі праект “Взгляд”.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

АФІЦЫЙНАЯ НАЗВА — вёска Стрыганец (русск. Стриганец).

МЕСЦАЗНАХОДЖАННЕ — Ракітніцкі сельсавет.

КААРДЫНАТЫ52°07′07″ пн. ш. 24°01′34″ у. д.

АДЛЕГЛАСЦЬ ДА ЖАБІНКІ — 15 кіламетраў.

ПЕРШАЯ ПІСЬМОВАЯ ЗГАДКА — 1772 год.

НАСЕЛЬНІЦТВА — 253 чалавекі (на 2025 год).

БЫЛЫ СТАТУС — у перыяд Расійскай імперыі вёска была цэнтрам асобнага сялянскага таварыства, пасля ўваходжання ў склад Беларускай ССР створаны Стрыганецкі сельсавет (існаваў у 1940 – 1961 гадах).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.