
Можа, нехта, хто чытае назву гэтага артыкула, палічыць, што размова пра золата ці брыльянты? А вось для Наталлі Варатніковай на першым месцы ўсё ж каштоўнасці сямейныя.
Вядома, па сваёй працы ёй даводзіцца сустракаць, віншаваць і тых, хто пражыў душа ў душу і пяцьдзясят, і шэсцьдзясят гадоў – тых самых залатых ды брыльянтавых юбіляраў. Аднак найчасцей Наталля Мікалаеўна злучае сэрцы маладых пар, ахвотна дорыць мамам і татам пасведчанні аб нараджэнні дзяцей… А калі, на жаль, настае дзень трызны і смутку, людзі таксама звяртаюцца ў загс са сваёй бядой.
Думаецца, вы ўжо здагадаліся: Наталля Варатнікова ўзначальвае ў Жабінцы аддзел запісаў актаў грамадзянскага стану. Гэту справу Наталля Мікалаеўна асвоіла даўно і дакладна, з’яўляецца высокакваліфікаваным спецыялістам, мае вялікі вопыт, набыты ў сістэме Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
– Мая дзяржаўная дзейнасць пачалася ў 2006 годзе ў судзе Жабінкаўскага раёна, – расказвае начальнік адзела загса райвыканкама. – Памятаю тыя прыемныя ўражанні, што атрымала пры знаёмстве з калектывам, які тады ўзначальваў Віктар Новік. Можна сказаць, Віктар Віктаравіч мяне вырасціў, а сапраўднай настаўніцай у прафесіі стала Вольга Уладзіміраўна Асіпук.
Наша гераіня ўладкавалася на пасаду кансультанта суда. А праз тры гады яе чакаў новы жыццёвы паварот. Маладая жанчына перайшла на працу ў горад над Бугам, дзе стала вядучым спецыялістам па аказанні прававой дапамогі насельніцтву Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама. Непасрэдна займалася метадычным кіраўніцтвам органаў загса нашай вобласці. Зазначым: гэты накірунак Наталля Варатнікова ведае найлепшым чынам. Можна нават сказаць, выдатна.
Аднак сваю працоўную дзейнасць ёй давялося перапыніць па вельмі ўважлівай прычыне: у красавіку 2011 года Наталля Мікалаеўна нарадзіла дачушку. І гэта ўжо трэцяя дачка ў шматдзетнай матулі. Пагэтаму разам з мамай з’яўленню сястрычкі радаваліся старэйшыя дзяўчынкі – Караліна і Каміла.
Найменшую жанчына назвала Нікай, што значыць “перамога”. І трэба сказаць: імкнуцца да перамог – жыццёвае крэда Наталлі Варатніковай.
Нават працуючы ў Брэсце, яна жыла ў Жабінцы, а як крыху падрасла малодшая дачка, уладкавалася на працу галоўным спецыялістам у Жабінкаўскі загс.
Пачатак 2017-га зноў падарыў змены ў кар’еры. Наталля Мікалаеўна вярнулася ў Брэст і ўзначаліла сектар Галоўнага ўпраўлення юстыцыі абласнога выканаўчага камітэта, а затым стала намеснікам начальніка аддзела архіўных устаноў, натарыята і загсаў.
Як бачыце, дзе б яна ні працавала, якія б пасады ні займала, але заўсёды былі цесна звязана з запісамі актаў грамадзянскага стану.
Сёлетні сакавік для Наталлі Варатніковай, безумоўна, шчаслівы. 8 Сакавіка стаў днём, напоўненым кветкамі і ўсмешкамі, а ўжо праз тры дні яе ўрачыста прадстаўлялі ў якасці новага начальніка аддзела загса Жабінкаўскага райвыканкама.
У працоўным багажы нашай суразмоўцы – вялікі вопыт абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, актыўная дзейнасць у метадычным савеце органаў загса пры Міністэрстве юстыцыі.
– А таму ўзнікла жаданне самастойна рэалізаваць сябе па спецыяльнасці ў городзе, у якім жыву, – тлумачыць Наталля Мікалаеўна.
У гэтай рэалізацыі, бясспрэчна, дапамогу аказваюць не толькі любімыя дочкі, але і каханы муж Міхаіл Віктаравіч. У добрай сям’і, дзе прапісаліся павага і ўзаемаразуменне, жанчына адчувае сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Таму і гаворыць з прыемнай усмешкай:
– Я маю самыя дарагія каштоўнасці. І гэтыя каштоўнасці сямейныя!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
