
Няўжо адышлі тыя часы, калі закаханыя з замілаваннем глядзелі адзін на аднаго, бегалі на спатканні, дарылі кветкі, а да першага пацалунка было ох як далёка? Ва ўсякім разе з нашымі героямі такога не было.
Летась юная жыхарка нашага горада, пералістваючы анкеты юнакоў у месенджары “Тэлеграм”, спынілася на Данііле Ф. з Брэста, якому споўнілася дзевятнаццаць гадоў. Пасля гэтага маладыя людзі сталі перапісвацца. Перапісваліся ў інтэрнэце на розныя тэмы, і ўжо на наступны дзень дзяўчына атрымала ад хлопца вестку, што ён прыедзе ў Жабінку для таго, каб бліжэй пазнаёміцца.
Як толькі Данііл атрымаў згоду на спатканне, павёў сябе, быццам сапраўдны лавелас: ён зняў у горадзе-спадарожніку кватэру на суткі, дзе спадзяваўся правесці час з закаханай у яго дзяўчынай. Яго новы званок быў з маршруткі: маўляў, ужо еду – сустракай. Неўзабаве яны сапраўды спаткаліся паблізу магазіна “Санта”, і ўхажор павёў дзяўчыну на знятую кватэру.
Пазней Данііл прапанаваў схадзіць у магазін, купіць спіртное. П’яны, ён моцна змяніўся: стаў неймаверна груба абыходзіцца з дзяўчынай. Калі ж тая вырашыла пакінуць грубіяна, дык ён, не шкадуючы, стаў збіваць яе: і валасы на кулак намотваў, і нож да горла прыстаўляў, і за шыю давіў, і галавой аб падлогу біў, і кулакам волю даваў, так што судова-медыцынскія эксперты налічылі ў ахвяры пятнаццаць (!) цялесных пашкоджанняў.
Дзяўчына крычала і плакала ад болю, прасіла ўратаваць яе. Суседзі аказаліся чулымі і мужнымі людзьмі, не спалохаліся і прыйшлі на дапамогу, уратавалі дзяўчыну. Парушальнік таксама пакінуў кватэру, пры гэтым прыхапіў са стала ўсё, у тым ліку і тэлефон, што належаў яго “інтэрнэтнай выбранніцы”. Не, ён не збіраўся красці яго, бо выкінуў у кантэйнер для смецця па дарозе на вакзал. А назаўтра ў Брэсце да юнака прыехалі супрацоўнікі міліцыі, і Данііл Ф. расказаў усё, што памятаў…
У судовым пасяджэнні абвінавачваемы поўнасцю прызнаў сваю віну ў здзейсненым злачынстве. Пры назначэнні пакарання суд улічваў характар і ступень грамадскай небяспекі правапарушэння, асобу вінаватага і г.д. Чыстасардэчнае раскаянне вінаватага прызнана змякчаючай акалічнасцю, а тое, што ён сваё злачынства здзейсніў у стане алкагольнага ап’янення, – абцяжваючай.
Улічваючы ўсе абставіны гэтай справы, суд Жабінкаўскага раёна прыйшоў да высновы, што выпраўленне абвінавачваемага магчыма без ізаляцыі яго ад грамадства і, на аснове артыкула 186 Крымінальнага кодэкса, назначыў Даніілу Ф. пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ на тэрмін трыста гадзін. Прыгавор быў абскарджаны ў Брэсцкім абласным судзе, але рашэнне пакінута без змен.
Віктар НОВІК, суддзя суда Жабінкаўскага раёна; Анатоль РОСТАЎ
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%